25 красавiка 2024, Чацвер, 16:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пагроза новых санкцый ЗША адправіла расейскі рубель на 2-тыднёвае дно

Пагроза новых санкцый ЗША адправіла расейскі рубель на 2-тыднёвае дно
Фота: Reuters

Расейская валюта паскорыла падзенне.

Рубель паскорыў падзенне на таргах у сераду на фоне паведамленняў, што рэспубліканцы ў кангрэсе ЗША лабіруюць законапраект, які дазволіць увесці новыя санкцыі супраць Расеі ў абыход Белага дома, піша finanz.ru.

Курс даляра на Маскоўскай біржы пачаў рост з першых угод, дадаўшы 14 капеек, а да 14.48 мск вырас на 56 капеек, да рэкорднага за два тыдні ўзроўню 63,1925 рубля.

За 7 гандлёвых дзён рубель патаннеў на 1,32 рубля да даляра, разгубіўшы ўсе заваёвы, дасягнутыя ў пачатку ліпеня на чаканнях перамоў Пуціна і Трампа ў Хельсінкі.

Еўра дадаў 35 капеек і дабраўся да адзнакі 73,41 рубля - максімальны за тыдзень. Рынак расейскай дзяржаўнай запазычанасці паказаў рэкорднае за месяц падзенне, страціўшы 0,78 пункта паводле індэкса RGBI за два дні.

Як паведамляе Miami Herald, пасля саміту Пуцін-Трамп, які выклікаў шквал крытыкі з боку абедзвюх амерыканскіх партый, рэспубліканцы ў кангрэсе наважылі даць ход законапраектам, які дазволіць на заканадаўчым узроўні ўводзіць новыя антырасейскія санкцыі за ўмяшанне ў выбары.

«Закон аб абароне выбараў ад пагроз» (DETER Act), унесены ў студзені сенатарамі Марка Рубіа і Крысам Ван Холенам, мяркуе, што санкцыі ўводзяцца аўтаматычна, без адабрэння адміністрацыі Трампа, на працягу 10 дзён пасля таго, як дырэктар Нацыянальнай разведкі абвінаваціць тую ці іншую замежную дзяржаву ва ўмяшанні ў выбарчы працэс.

«Сітуацыя рызыкуе развівацца паводле сцэнару лета 2017 года, калі Трамп быў пастаўлены амерыканскімі заканадаўцамі перад выбарам: увесці новыя санкцыі ў дачыненні да Расеі ці, запрацівіцца гэтаму рашэнню, і фактычна прызнаць дачыненне расейскага боку да зыходу прэзідэнцкіх выбараў 2016 года», - кажа аналітык Nordea Таццяна Еўдакімава.

Застаецца блізу 2-х месяцаў да справаздачы генпракурора ЗША перад кангрэсам аб расследаванні ўмяшання Расеі ў выбары і 4 месяцы - да выбараў у ніжнюю палату кангрэса.

Дэмакратам і рэспубліканцам трэба будзе пазмагацца за большую колькасць месцаў у ніжняй палаце, і на такім фоне з вялікай імавернасцю «ў найбліжэйшы час рушаць услед новыя санкцыі супраць РФ», кажа галоўны аналітык банка «Глобэкс» Віктар Весялоў: «Таму замежныя інвестары ўжо ў ліпені пачнуць скарачаць свае пазіцыі ў расейскіх актывах».

На курс цісне і заканчэнне дывідэнтнага перыяду, працягвае ён: замежныя трымальнікі акцый атрымалі свае грошы, і цяпер рушыць услед іх канвертацыя ў даляры.

Нават без санкцый паслабленне рубля гарантуе пагаршэнне балансу валютных плыняў, паказваюць аналітыкі Райффайзенбанка: у другім паўгоддзі эканоміка РФ атрымае блізу 40 млрд даляраў чыстага прытоку валюты па рахунку бягучых аперацый, тады як на выплату запазычанасці спатрэбіцца 44,3 млрд даляраў, а яшчэ блізу 30 млрд даляраў павыкупляе на рынку Мінфін.

«Сальда бягучага рахунку апынецца недастатковым для пакрыцця вывазу пазыковага капіталу і інтэрвенцый. Гэтыя абставіны будуць утрымліваць рэфінансаванне замежнай запазычанасці на нізкім узроўні, што пазбаўляе рубель магчымасці для ўмацавання ад бягучых узроўняў», - папярэджвае Райффайзенбанк.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках