24 красавiка 2024, Серада, 18:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як вызвалялі закладніцу ў Заслаўі

66
Як вызвалялі закладніцу ў Заслаўі

Злачынец быў забіты на месцы.

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі апублікавала відэа вызвалення закладніцы ў аддзяленні банка ў Заслаўі. Здарэнне адбылося 18 ліпеня. 47-гадовы мужчына ўзяў у закладніцы 23-гадовую жанчыну, ён быў узброены нажом. У 13:55 спрацавала трывожная сігналізацыя – у памяшканні банка хтосьці націснуў кнопку. На месца выехаў нарад групы затрымання. А калі стала вядома пра закладніцу, з Менска выехалі байцы спецпадраздзялення МУС "Алмаз", паведамляе euroradio.fm.

Праваахоўнікі праводзілі са зламыснікам перамовы больш за дзве гадзіны. Пасля міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, які кіраваў аперацыяй вызвалення закладніцы, паведаміў, што мужчына паводзіў сябе неадэкватна, агрэсіўна, адмаўляўся скласці зброю і адпусціць закладніцу, пагражаў ёй. У выніку была прынятая пастанова правесці штурм. Паводле словаў Шуневіча, немалое значэнне меў той факт, што, паводле папярэдняй інфармацыі, жанчына была цяжарная. Падчас штурму мужчына быў забіты, а закладніца вызваленая, з ёй працавалі медыкі і псіхолагі.

На відэа відаць, як байцы "Алмаза" ўвайшлі ў будынак, але няма моманту, калі мужчына быў застрэлены. Верагодна, яго цяжка паранілі і былі спробы правесці рэанімацыю.

Партал tut.by паведамляе са спасылкай на некалькіх жыхароў Заслаўя, што мужчына быў бацькам жанчыны. Яны, нібыта, прыйшлі ўзяць у банку крэдыт, а ім адмовілі. Пасля гэтага і здарыўся "захоп закладніцы". Праваахоўнікі папярэдне пацвердзілі, што мужчына і жанчына былі сваякамі. Аднак афіцыйныя каментары з'явяцца пазней, ідзе расследаванне. Крымінальную справу распачалі паводле артыкула "Захоп закладніка".

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках