25 красавiка 2024, Чацвер, 10:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Два гады пасля забойства Шарамета: следства прадаўжаецца

1
Два гады пасля забойства Шарамета: следства прадаўжаецца
ПАВЕЛ ШАРАМЕТ

20 ліпеня спаўняецца два гады з дня гібелі ў Кіеве журналіста Паўла Шарамета.

Два гады расследавання не далі вынікаў: няма ні падазроных, ні зачэпак, ні довадаў, паведамляе «Радыё Свабода».

Следчая група разглядае 5 версій забойства Паўла Шарамета: злачынства ажыццёўленае за прафесійную дзейнасць у Расеі і Беларусі; памылка ў аб'екце злачынства (рыхтавалася забойства ўладальніцы выдання «Украінская праўда» Алены Прытулы); прафесійная дзейнасць ва Украіне - за крытычныя публікацыі ў выданні «Украінская праўда» і на радыё «Весці»; намаганні ў дэстабілізацыі сітуацыі ў дзяржаве; канфліктныя сітуацыі ў асабістым жыцці Паўла Шарамета - сямейнае, камерцыйнае і фінансавае становішча.

Забойства гучнае, расследаванне ціхае

З цягам часу пра смерць Шарамета, якую ўкраінскія ўлады кваліфікуюць як наўмыснае забойства, згадваюць усё радзей - і журналісты, і праваахоўныя органы. Эфектыўнасці следства не дапамог нават статус «сакрэтнасці» справы. Некаторы час адзінай крыніцай інфармацыі аб ходзе расследавання быў дзяржаўны рэестр судовых пастаноў, але пасля адпаведнага загаду міністра ўнутраных спраў Арсэна Авакава ў ім забаранілі публікаваць усе дакументы, якія маюць дачыненне да гэтай справы.

Расследаваннем займаецца аб'яднаная следчая група трох праваахоўных органаў - Нацыянальнай паліцыі, Генеральнай пракуратуры і Службы бяспекі Украіны. Да яе працы так і не далучылі замежнага следчага, як прапанавалі журналісты, хоць саму ідэю публічна падтрымлівалі ўсе - ад прэзідэнта Украіны да кіраўніцтва праваахоўных органаў.

Заклапочаныя не толькі адсутнасцю навін, але і непразрыстасцю следства журналісты ў сакавіку па выніках публічнай дыскусіі «Пагрозы свабодзе слова ва Украіне», арганізаванай Нацыянальным саюзам журналістаў Украіны і Міжнароднай федэрацыяй журналістаў, адобрылі рэзалюцыю, у якой запатрабавалі ад прэзідэнта Пятра Парашэнкі, Вярхоўнай Рады, СБУ , ГПУ і МУС справаздачы аб расследаванні забойства Паўла Шарамета. Прайшло чатыры месяцы, але і гэты заклік пакуль застаецца без адказу.

Пяць версій, у тым ліку «расейская»

У пачатку года прадстаўнік Службы бяспекі Украіны заявіў, што следчыя дагэтуль фармуюць довадную базу, але раскрыццю забойства перашкаджаюць «абставіны». Пазней спікер Міністэрства ўнутраных спраў Арцём Шаўчэнка ўдакладніў, пра якія абставіны гаворка: расейскае грамадзянства Паўла Шарамета і ягоныя актыўныя кантакты менавіта на тэрыторыі Расеі незадоўга да гібелі.

«Немагчыма правесці следчыя дзеянні на тэрыторыі дзяржавы-агрэсара, вызначыць тых, хто можа быць датычны да злачынства або дапытаць іх - гэта істотна ўскладняе расследаванне», - адзначыў Шаўчэнка.

У траўні ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў генеральны пракурор Украіны Юры Луцэнка таксама канстатаваў:

«На жаль, следства не мае сур'ёзнага прасоўвання ў аніводнай з версій, якія цяпер старанна адпрацоўваюцца». І дадаў, што з такімі праблемамі сутыкаюцца ў расследаванні і іншых рэзанансных забойстваў - прэс-афіцэра батальёна імя Джахара Дудаева Аміны Акуевай і шэрагу прадстаўнікоў Службы бяспекі Украіны.

Былы намеснік генеральнага пракурора Украіны Мікалай Галомша, у часы якога следства выйшла на выканаўцу забойства ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ Аляксея Пукача і яго арыштавала, мяркуе, што следчыя страцілі час у першыя гадзіны і дні пасля забойства.

«Пацвярджэннем гэтага з'яўляецца тое, што на першапачатковым этапе расследавання былі страчаныя магчымасці - у дасканаласці не знялі аператыўную інфармацыю, яна не была прааналізаваная, не была выкарыстаная; па гарачых слядах не перакрылі забойцам магчымасць замесці сляды, уцячы і схавацца. Тады нават не прайшлі маршрутам і не перагледзелі відэа. А цяпер даганяць вельмі цяжка. Забойства ж учынілі не прафаны ці выпадковыя людзі. Яно рыхтавалася - за ім (Шараметам) сачылі, хадзілі ягоным маршрутам, цікавіліся», - адзначыў ён.

З ягоных слоў, аб праблемах афіцыйнага следства сведчыць і журналісцкае расследаванне, якое прадэманстравала, што можна было зрабіць за кароткі прамежак часу.

Мікалай Галомша перакананы, што забойства Паўла Шарамета ўчынілі «прафесіяналы» з дапамогай спецслужбаў. «Такія рэзанансныя забойствы рыхтуюцца такім чынам, каб следчы выдаляўся ад канкрэтнага да абстрактнага, а ў следства было заўсёды шмат ускосных довадаў і інфармацыі. Іх вельмі цяжка расследаваць, нават калі зыходзіць з таго, што следства вядуць прафесійныя кадры», - распавёў пракурор.

«А ў нас праблема яшчэ і ў тым, што знішчылі крыміналістыку, спецыялісты, якія былі здольныя расследаваць такія злачынствы, выявіліся незапатрабаванымі ў новаствораных (пасля рэформы праваахоўных органаў. - РС) следчых групах, якія мелі патрэбу ў прафесійных кадрах, - перакананы Мікалай Галомша. - На мой погляд, павінны паказаць, хто займаецца гэтым расследаваннем. І калі над ім працуюць сур'ёзныя следчыя, то відавочна, ужо павінны былі быць нейкія вынікі.

Следчыя павінны быць гатовымі да таго, што ім будуць задаваць пытанні пра гэтую справу, і яны павінны ўсё тлумачыць, як гэта робяць ва ўсіх развітых краінах свету. Яны павінны даваць інфармацыю грамадству ў межах, дазволеных следствам. Павінны быць адкрытасць, кантакт з грамадскасцю, з журналістамі. Яны абавязаны падаваць афіцыйную інфармацыю, хаця б пра тое, што следства прадаўжаецца».

У той жа час Мікалай Галомша дадаў, што «хаваць» справу рана: «Я мяркую, што перспектыва заўсёды ёсць. Але тады, калі ёсць прафесійныя кадры, ёсць жаданне і досвед».

Аб трагедыі ў Кіеве на скрыжаванні вуліц Хмяльніцкага і Франка нагадвае «народны помнік» - партрэт Паўла Шарамета прымацаваны да слупа, а пад ім заўсёды стаяць жывыя кветкі. Сёлета акцыя памяці адбудзецца 20 ліпеня а 8 гадзіне раніцы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках