20 красавiка 2024, Субота, 6:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы ўклаліся ў няісны бізнэс і не могуць вярнуць грошы

5
Як беларусы ўклаліся ў няісны бізнэс і не могуць вярнуць грошы

Знаёмы прапанаваў менчуку прафінансаваць бізнэс.

«Я шукаў праект, у які можна ўкласці грошы, каб зарабіць», - распавядае tut.by мянчук Віталь. Знаёмы прапанаваў яму прафінансаваць бізнэс - партал са зніжкамі і акцыямі. Пазней выявілася, што фірмы не існуе, але атрымаць назад грошы мужчына ўжо не змог - паводле закона ён аддаў сродкі добраахвотна. Праз некаторы час Віталь даведаўся, што ён не адзіны пацярпелы, аднак вярнуць грошы пакуль не здолеў. Цяпер справай займаецца менскі Цэнтральны РУУС.

«Павінен быў увесці мяне ў склад заснавальнікаў і перадаць траціну бізнэсу»

Праект, які прафінансаваў Віталь, - франшыза расейскай кампаніі «Вясёлка зніжак», універсальнай дысконтнай праграмы. Пра бізнэс ён даведаўся ад знаёмага, які распавёў, што заснавальнік Дзмітрый шукае партнёраў для развіцця справы. Пагаварыўшы з заснавальнікам і абмеркаваўшы дзелавыя пытанні, мужчына наважыў укласціся ў праект і аддаў пад распіску 17 тысяч даляраў і тры тысячы еўраў.

- Потым Дзмітрый павінен быў увесці мяне ў склад заснавальнікаў і перадаць траціну бізнэсу. Але ўсё адкладалася, тлумачэнняў было шмат і розных.

Прыкладна праз дзесяць месяцаў Віталь зразумеў, што праект існуе толькі на паперы, і захацеў вярнуць назад грошы. Ён падаў у суд на бізнэсоўца і выйграў справу. Аднак сродкі ён пакуль не атрымаў - так як у Дзмітрыя афіцыйна няма дзейнага бізнэсу і каштоўнай маёмасці, спагнаць з яго няма чаго.

У судзе мужчыну сказалі, што ён не адзіны пацярпелы. Са слоў Віталя, «чалавек дзесяць» уклалі ў праекты Дзмітрыя некалькі тысяч даляраў. Фармальна грошы ішлі на развіццё, але ў выніку інвестары не ўбачылі ніякага выніку. Цяпер яны збіраюцца напісаць калектыўную скаргу ў пракуратуру.

Бізнэсовец: «стартанулі, але належнага выніку не атрымалі»

Сам Дзмітрый тлумачыць сітуацыю няўдалым збегам абставін.

- Я з 2011 года займаюся нейкімі праектамі – з адным прагарэў, з іншым таксама. Стартанулі, але належнага выніку не атрымалі.

Мужчына распавядае, што Віталь сапраўды ўкладваў сродкі ў ягоную франшызу, але праект не запусціўся.

- Была дамоўленасць, што з адной арганізацыяй падпішу дамову, і пасля гэтага ён уступіць у долю. І ўжо калі я пачаў усведамляць, што нічога не атрымаецца, я патлумачыў, што франшызу мы набылі і грошы выкарыстоўвалі паводле мэтавага прызначэння, але цяпер партнёр нас водзіць за нос і адкладае сустрэчы.

Са слоў Дзмітрыя, ён цягам года ўзгадняў з БРСМ праект стварэння членскага білета ў выглядзе дысконтнай карты. Аднак яго запусціць не здолеў, і сама франшыза таксама закрылася. Цяпер мужчына павінен выплачваць інвестарам грошы «па меры магчымасці».

З другім праектам пад назвай «SmileS.Школьная мапа» таксама нічога не выйшла. Аднак, са слоў мужчыны, тут ён з самага пачатку не прыцягваў інвестараў, а проста пазычаў грошы пад распіску. З пазыкамі Дзмітрый яшчэ не разлічыўся. «Я з усімі вяду перамовы, разлічваюся па меры магчымасці. З некаторымі пытанні развязаныя цалкам, з некаторымі яшчэ засталіся», - тлумачыць бізнэсовец.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках