19 красавiка 2024, Пятніца, 13:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзесяць абяцанняў Жарко на пасадзе міністра аховы здароўя

24
Дзесяць абяцанняў Жарко на пасадзе міністра аховы здароўя
ВАСІЛЬ ЖАРКО

І што з гэтага атрымалася.

Віцэ-прэм'ер Беларусі Васіль Жарко, які 10 гадоў (2006-2016) займаў пасаду міністра аховы здароўя Беларусі, трапіў у лік тых, каго выклікалі на допыт у праваахоўныя органы ў рамках «справы лекараў» - самым маштабным у гісторыі суверэннай Беларусі карупцыйным скандале ў медыцынскай вобласці. Са слоў КДБ, у справе аб злоўжываннях чыноўнікаў ужо больш за 60 фігурантаў, 37 з іх затрыманыя.

«Калі б ведаў, то меры былі б прынятыя ўжо тады», - пракаментаваў скандал сам Васіль Жарко. «Свабода» згадала асноўныя абяцанні топ-чыноўніка, які вызначаў палітыку ў медыцынскай сферы на працягу цэлага дзесяцігоддзя.

1. Чэргі ў паліклініках

Жарко абяцаў, што ўжо ў 2013 годзе чэргаў у паліклініках не будзе.

Вынік. Відавочна, што гэта абяцанне засталося нявыкананым. Чэргі і шматгадзіннае чаканне застаюцца неад'емным атрыбутам дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя ў Беларусі. Часам цярпенне пацыентаў пераходзіць усе межы, як на мінулым тыдні, калі ў сацыяльную сетку патрапіла відэа штурму кабінетаў цэнтральнай раённай бальніцы ў Рэчыцы.

2. Дэфіцыт кадраў

Некалькі разоў Жарко абяцаў развязаць праблему дэфіцыту медыцынскіх кадраў. Галоўная прычына іх недахопу, са cлоў чыноўніка, - «цякучасць». Ён вырашаў пытанне праз павелічэнне прыёму студэнтаў у медыцынскія ВНУ. За гэта яго крытыкаваў былы віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік, са слоў якога «мы ператварыліся ў палкавую школу для суседніх дзяржаў».

Жарко абяцаў, што ўжо да 2015 года ўсе арганізацыі аховы здароўя цалкам будуць укамплектаваны лекарамі.

Вынік. Аднак нават у Менску многія паліклінікі не ўкамплектаваныя патрэбным персаналам. Напрыклад, сёння 25-я сталічная паліклініка мае 16 адкрытых вакансій, 14-я - 19 вакансій, 6-я - 10 вакансій, не лепшая сітуацыя ў рэгіёнах. Маладзечанская цэнтральная раённая бальніца прапануе сёння 14 медыцынскіх вакансій, згаданая вышэй рэчыцкая раённая бальніца - больш за 15.

3. Заробкі медыкаў

Міністр Жарко не раз абяцаў павысіць медработнікам заробкі, бо «праца медыкаў павінна аплачвацца вышэй».

Вынік. Паводле звестак Белстата, сярэдне налічаны заробак у сферы аховы здароўя ў траўні склаў 731,1 рубля, што значна ніжэй, чым агулам па краіне.

Паводле вынікаў 2017 года сярэдні заробак у медыцыне па краіне - 626,8 рубля (па Гарадзенскай вобласці - 568,1 рубля, па Менску - 794,2).

4. Продаж імпартных лекаў

Міністр Васіль Жарко сцвярджаў, што якасць беларускіх лекаў не саступае імпартным. Рабіў крокі, каб насельніцтва менш купляла замежныя лекі. Казаў, што блізу 70% айчынных лекавых сродкаў - коштам да 1 даляра. Паставіў задачу, каб да 2020 года колькасць беларускіх лекаў на ўнутраным рынку была не менш, як 55%.

Вынік. Цяпер лекары рэкамендуюць пацыентам у першую чаргу беларускія прэпараты.

«У чалавека павінен быць выбар, якімі антыбіётыкамі ён хоча лячыцца. Але нам такі выбар не даецца», - сказаў менскі лекар, які прасіў захаваць ананімнасць.

5. Аптэка - не крама

Пры Жарко стаў больш жорсткім кантроль за продажам лекаў у аптэках. Паводле рэцэптаў сталі адпускаць блізу 40% лекавых сродкаў. Рэцэпт у аптэцы павінен быў захоўвацца на працягу месяца. Жарко казаў, што грамадзяне не павінны хадзіць у аптэку, як у краму.

Вынік. Як паведамілі ва ўпраўленні фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя, сітуацыя з кантролем за продажам лекаў пасля сыходу Жарко з пасады міністра не памянялася.

6. Кошты лекаў

Жарко казаў, што ў Беларусі не павінна быць неабгрунтаванага павышэння коштаў лекаў - як на айчынныя, так і імпартныя. Маўляў, у ведамстве прыйшлі да «жорсткага развязання» гэтага пытання.

Вынік. У спісе прэпаратаў, кошты якія рэгулююцца дзяржавай, ужо больш за 1300 пазіцый. Пры гэтым праблема завышаных коштаў лекаў застаецца. Большасць імпартных лекаў каштуе ў Беларусі даражэй, чым у суседніх краінах. Пацвердзіў гэтую праблему Лукашэнка, які ў пачатку 2018 года абяцаў разабрацца з коштамі лекаў.

«Гэта не справа, што спецслужбы будуць займацца цэнамі на лекі», - сказаў ён.

7. ІТ у ахове здароўя

Жарко абяцаў укараніць сістэму выпісвання электронных рэцэптаў і электронных карт хворага. Казаў, што «паперак не будзе». Пры гэтым выказваўся за захаванне талоннай сістэмы ў паліклініках, «каб забяспечыць медыцынскай дапамогай усіх, хто звяртаецца».

Вынік. Талонная сістэма ў паліклініках захавалася, рэцэпты і амбулаторныя карты пацыентаў застаюцца ў асноўным папяровымі.

У 2016 годзе Міністэрства аховы здароўя пачало ўводзіць аўтаматызаваную сістэму «Электронны рэцэпт» з асабістымі ідэнтыфікацыйнымі пластыкавымі карткамі пацыента. За гэты час, паводле афіцыйнай статыстыкі, лекары выпісалі больш за 5 мільёнаў электронных рэцэптаў, але папяровы дакументаабарот па-ранейшаму дамінуе.

8. Страхавая медыцына

Міністр Жарко часта казаў, што Беларусь не будзе пераходзіць на страхавую медыцыну. Маўляў, «беларуская мадэль аховы здароўя заснаваная на прынцыпах, вызначаных заснавальнікамі савецкай аховы здароўя». Ён казаў, што гэта немагчыма зрабіць з эканамічных прычын, нягледзячы на адмоўны досвед Расеі.

Вынік. На думку экспэртаў, беларуская сістэма аховы здароўя на працягу доўгага часу сур'ёзна не рэфармавалася. Тым часам страхавая медыцына паступова набывае папулярнасць: усё больш не толькі прыватных, але і дзяржаўных кампаній прапаноўваюць супрацоўнікам сацпакет з медыцынскай страхоўкай на абслугоўванне як у дзяржаўных, так і ў прыватных медыцынскіх цэнтрах.

9. Бальнічныя лісты ў прыватных цэнтрах

Жарко казаў, што прыватныя медцэнтры змогуць выпісваць бальнічныя лісты: «Калі ласка, прыходзьце, бярыце, выдавайце».

Вынік. У найбуйнейшых прыватных медцэнтрах «Ладэ» і «Нардзін» бальнічныя лісты выдаюць, але толькі пры ўмове, што пацыент абслугоўваецца ад страхавой кампаніі або ад арганізацыі, якая мае з медцэнтрам дамову на абслугоўванне. Прыватны кліент без страхавога поліса атрымаць такую даведку не можа.

10. «Працаваць адкрыта»

«Мы гатовыя працаваць адкрыта», - сказаў у 2015 годзе на прэс-канферэнцыі міністр Жарко.

Вынік. Са cлоў апытаных журналістаў, ахова здароўя застаецца адной з самых закрытых для асвятлення сфер у дзяржаўнай сістэме.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках