24 красавiка 2024, Серада, 8:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як праходзілі першыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі: 18 фактаў

82
Як праходзілі першыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі: 18 фактаў
Фота: ТАСС

За Пазьняка ў 1994 падпісалася ў паўтара раза больш людзей, чым за Лукашэнку.

24 гады таму, 20 ліпеня 1994 года, адбылася інаўгурацыя новаабранага прэзідэнта Беларусі Лукашэнкі. «Радыё Свабода» сабрала 18 фактаў пра першыя выбары.

1. БНФ ужо тады казаў пра пагрозу дыктатуры

Пасада прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была ўведзена ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, прынятай 15 сакавіка 1994 года. Дэпутаты апазіцыі Беларускага Народнага Фронту заявілі пра пагрозу дыктатуры і не бралі ўдзел у галасаванні за «прэзідэнцкія» раздзелы.

2. Тры тыдні на подпісы, яшчэ тры - на агітацыю

Для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты трэба сабраць 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў або 70 подпісаў дэпутатаў Вярхоўнага Савета. На збор подпісаў давалася тры тыдні, на агітацыю пасля рэгістрацыі - таксама тры тыдні.

3. У прэзідэнты хацелі 19 чалавек

Было створана 19 ініцыятыўных груп для вылучэння кандыдатаў. Групу ў падтрымку старшыні Урада Вячаслава Кебіча узначальваў генеральны дырэктар ВА «Гарызонт» Аляксандр Сенчукоўскі, Зянона Пазьняка - сябра Сойму БНФ Уладзімер Анцулевіч, Станіслава Шушкевіча - старшыня БСДГ і дэпутат ВС Алег Трусаў, Лукашэнкі - дэпутат ВС Дзмітры Булахаў, Генадзя Карпенкі - драматург Аляксей Дудараў.

4. Рука супраць двух пальцаў

Калі 31 сакавіка падчас рэгістрацыі кандыдатаў у ЦВК Лукашэнка падаў руку Кебічу, у адказ прэм'ер працягнуў два пальцы.

5. Лукашэнка забыўся пашпарт? Сказаў, «скралі»

На рэгістрацыю Лукашэнка прыйшоў без пашпарту. Паміж старшынём ЦВК Абрамовічам і Лукашэнкам адбыўся дыялог: «Дзе вы прапісаныя? - Ужо год як я жыву ў гатэлі «Кастрычніцкі». - Я не пытаюся, дзе вы спіце, я пытаюся, дзе вы афіцыйна прапісаныя? Дзе ваш пашпарт? - Пашпарт? А яго ў мяне скралі (смех прысутных)».

6. Карпенка зняў кандыдатуру: «Трэба карыстацца толькі чыстымі галасамі»

З подпісаў, сабраных за Генадзя Карпенку, сапраўднымі было прызнана 93 472. Ён бы мог быць зарэгістраваны на падставе сабраных 78 подпісаў дэпутатаў ВС (пры патрэбных 70). Аднак перад рэгістрацыяй 14 дэпутатаў адклікалі свае подпісы, такім чынам, засталіся 64. Падчас дыскусіі паміж чальцамі ЦВК Карпенка зрабіў заяву, што здымае сваю кандыдатуру, бо «як у палітыцы, так і ў жыцці трэба карыстацца толькі чыстымі галасамі».

7. За Пазьняка ў паўтара разу больш подпісаў, чым за Лукашэнку. За Кебіча - у паўтраця

ЦВК зарэгістраваў шасцярых кандыдатаў у прэзідэнты: Аляксандра Дубко (сапраўднымі прызнаныя 117 тысяч подпісаў), Вячаслава Кебіча (400 тысяч подпісаў грамадзян і 202 подпісы дэпутатаў ВС), Зянона Пазняка (230 тысяч подпісаў), Васіля Новікава (203 тысячы), Станіслава Шушкевіча (122 тысячы), Лукашэнку (156 тысяч).

8. Журналістаў адхілялі ад эфіру

Падчас выбарчай кампаніі ўлады адхілілі ад эфіру журналістаў перадачы «Беларуская маладзёжная» і спынілі выданне газэты «Навіны БНФ».

9. За Пазьняка - Быкаў і Барадулін

Кожны кандыдат меў магчымасць зарэгістраваць 20 давераных асоб. Сярод давераных асоб Зянона Пазьняка былі Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін.

10. За Шушкевіча - Ягораў і Багданкевіч

У падтрымку Станіслава Шушкевіча ў часе тэлеэфіру выступіў былы міністр унутраных спраў Уладзімір Ягораў і старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч.

11. Лукашэнка са старым сцягам

Усю выбарчую кампанію Лукашэнкі насіў дэпутацкі значок не стандартны для таго часу бел-чырвона-белы, а стары, «БССРаўскі», які выкарыстоўваўся дэпутатамі да 1991 года.

12. Лукашэнка адмовіўся ад дыскусіі з Пазьняком

Калі ў Горках выпадкова супалі ў часе выступы Лукашэнкі і Пазняка, прадстаўнікі лідэра БНФ прапанавалі Лукашэнку правесці супольную дыскусію ў агульнай аўдыторыі з удзелам абодвух кандыдатаў; Лукашэнка адмовіўся.

13. Fake news супраць Шушкевіча

Супраць Станіслава Шушкевіча ў дзяржаўным друку быў апублікаваны нібыта перадрук з нібыта галандскай газэты. Як пазней прызнаў Вячаслаў Кебіч у мемуарах, тэкст быў складзены ў апараце ўрада.

14. 44,82%

У першым туры галасавання, якое адбылося 23 чэрвеня 1994 года, Лукашэнка набраў 44,82%, Вячаслаў Кебіч - 17,33%, Зянон Пазняк - 12,82%, Станіслаў Шушкевіч - 10%, Аляксандр Дубко - 6%, Васіль Новікаў - 5%.

15. «Стаўка на КДБ»

Перад другім турам Лукашэнка выступіў перад супрацоўнікамі КДБ, заявіўшы, што «стаўка на КДБ будзе зробленая ва ўсёй вертыкалі».

16. Той самы пацалунак

У сваю чаргу, перад другім турам Вячаслаў Кебіч запрасіў на святкаванне 50-годдзя вызвалення Беларусі ад фашыстоўскіх захопнікаў расейскага прэм'ера Віктара Чарнамырдзіна, што мелася выглядаць як падтрымка Кебіча Крамлём. Тады ж Сяргеем Грыцам быў зроблены знакаміты здымак пацалунку Кебіча і Чарнамырдзіна, надрукаваны ў газеце «Свабода».

17. «Запушчаныя заводы» і «раскіданні Саюза»

Знакамітая фраза Лукашэнкі «запушчу заводы» прагучала на тэледэбатах з Вячаславам Кебічам 7 ліпеня. Сярод іншага, Лукашэнка вінаваціў Кебіча ў падпісанні Белавежскіх пагадненняў і «раскіданні Саюза».

18. 80,1%

Другі тур выбараў адбыўся 10 ліпеня 1994 года. У другім туры Лукашэнка набраў 80,1%, а Кебіч - 14,1%.

Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках