25 красавiка 2024, Чацвер, 2:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лінас Кояла: У NATO на Беларусь не глядзяць як на нэйтральную дзяржаву

Лінас Кояла: У NATO на Беларусь не глядзяць як на нэйтральную дзяржаву
Лінас КОЯЛА
ФОТА: DELFI

З тэрыторыі Беларусі ўзнікаюць патэнцыйныя рызыкі для Сувалкаўскага калідора.

Беларускае пытанне з'яўляецца важнай дэталлю пры разглядзе ў NATO розных сцэнароў, звязаных з Сувалкаўскім калідорам, мяркуе літоўскі палітолаг Лінас Кояла. Паводле ягоных слоў, гэты патэнцыйная рызыка для краін Балтыі, якія могуць стацца адцятымі ад хаўруснікаў, сур'ёзна турбуе Паўночнаатлантычны Альянс. У інтэрв'ю Charter97.org палітолаг падкрэсліў, што ў NАТО на Беларусь не глядзяць як на нэйтральную дзяржаву.

Што да двухстаронняга парадку дня Літвы і Беларусі, то, нягледзячы на даволі моцныя гандлёвыя сувязі, пытанне будаванай на расейскія сродкі ў Астраўцы Беларускай АЭС ускладняе ўсякія размовы аб магчымым узмацненні кантактаў.

Больш за тое, са слоў экспэрта, БелАЭС цяпер ужо разглядаецца як пагроза для ўсяго ЕЗ у цэлым, але спадзявацца на што-небудзь у плане прыпынення праекта складана без, сама менш, наяўнасці з гэтай нагоды дэкларацыйных дакументаў у ЕЗ. І ў гэтым плане вельмі важнай выяўляецца тэма энэргетычнай сінхранізацыі балтыйскіх дзяржаў з кантынентальнай Еўропай.

- Ці можна казаць пра тое, што беларускае пытанне існуе асобна ад расейскага ў кантэксце NATO?

- У NATO ідзе шмат дыскусій, звязаных з Сувалкаўскім калідорам. Гэтая тэрыторыя разглядаецца як патэнцыйная рызыка для краін Балтыі, бо яны могуць стацца адцятымі ад іншых партнёраў з Альянсу. Таму ў гэтым кантэксце Беларусь становіцца важнай дэталлю пры разглядзе розных сцэнароў.

- Што, на Вашу думку, адбываецца з пытаннем Беларускай АЭС у Астраўцы ў рамках ЕЗ? Ці можна сказаць, што цягнік ужо пакінуў перон, і Літвы не мае ніякіх шанцаў спыніць гэты праект?

- Тэма АЭС у Астраўцы ўсё часцей еўрапеізуецца, г.зн. успрымаецца не толькі як праблема асобных дзяржаў, а ў якасці патэнцыйнай пагрозы для ўсяго ЕЗ. Праўда, раз працэсы прасунуліся наперад, без дэкларацыйных дакументаў спадзявацца на нешта складана. У гэтым кантэксце значнай з'яўляецца сінхранізацыя Балтыйскіх дзяржаў з кантынентальнай Еўропай - праект, пра які ў гэтым годзе краіны Балтыі, Польшча і ЕЗ дасягнулі канчатковых дамоўленасцяў і найбліжэйшым часам іх рэалізуюць. Гэта значна знізіць энэргетычную залежнасць краін Балтыі ад суседзяў з Усходу.

- Як Вы ацэньваеце сітуацыю, у якой апынуўся цяпер Лукашэнка? Ці можа ён далей манеўраваць, ці варты ўвагі ўвогуле і цэлым «дыялог», аб якім ізноў кажуць з боку Еўропы і нават ЗША? Ці не ёсць «дыялог» проста фігурай мовы?

- Апошнім часам прыкметныя памкненні Беларусі стаць медыятарам у канфлікце паміж Расеяй і краінамі Захаду. Самым яскравым прыкладам гэтага былі так званыя менскія дамоўленасці пры разглядзе пытання вайны ва Украіне, роўна як і іншыя спробы прадэманстраваць асобны нэйтралітэт. Праўда, на практыцы на Беларусь не глядзяць, як на нэйтральную дзяржаву, бо сувязі з Расеяй на палітычным, эканамічным і вайсковым узроўні з'яўляюцца вельмі шчыльнымі. Таму і цяперашняе ўмоўнае збліжэнне з Захадам не падобнае да прарыву фактычна - змякчэнне санкцый было і раней, як і перыяды пэўнага пацяплення, але яны не трывалі доўга. Больш за тое, пра гэта цяжка весці размову з улікам таго, што цяпер ёсць пытанне Астраўца.

- Як усё ж варта Літве глядзець на Беларусь? Ці трэба падтрымліваць кантакты? Справовыя сувязі з Расеяй практычна спыненыя, Беларусь, хоць і не з'яўляецца агрэсарам, як Расея, усё ж найбліжэйшы яе хаўруснік...

- Як сусед і дзяржава з самай працяглай наземнай мяжой, Беларусь застаецца досыць значнай для эканомікі і ўваходзіць у дзясятак найважнейшых гандлёвых партнёраў Літвы. Тым не менш, цяперашнія істотныя супярэчнасці з нагоды АЭС у Астраўцы ўскладняюць усякія размовы аб магчымым больш шчыльным супрацоўніцтве. Факт, што электрастанцыя будуецца гэтак блізка ад Вільні ў краіне з досыць вялікай тэрыторыяй, даводзіць, што ёсць велічэзныя праблемы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках