29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяніс Урбановіч: Не магу адступіцца ад прынцыпаў і грамадзянскай пазіцыі

2
Дзяніс Урбановіч: Не магу адступіцца ад прынцыпаў і грамадзянскай пазіцыі
ДЗЯНІС УРБАНОВІЧ
ФОТА: NN.BY

Адзін з абаронцаў Курапатаў апавёў, чаму абараняе ўрочышча.

Адзін з абаронцаў Курапатаў Дзяніс Урбановіч апавёў сайту palitviazni.info пра сябе, сваю прынцыповую грамадзянскую пазіцыю і знаходжанне на «сутках».

«У час знаходжання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў прыходзілі міліцыянты і палохалі, што магу выправіцца ў турму, калі буду прадаўжаць абараняць Курапаты», – кажа Дзяніс.

Дзяніс Урбановіч жыве ў Лагойскім раёне. Ён удзельнічаў у пікетаванні рэстарана «Поедем поедим» каля Курапатаў з пачатку чэрвеня.

1 ліпеня яго затрымалі ў Менску разам з актывісткай і рэжысёркай Вольгай Нікалайчык, абаім далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у пікетаванні рэстарана.

– У свой час я вучыўся ў ПТВ на майстра мантажна-будаўнічых працаў, – кажа Дзяніс Урбановіч. – Але апошнім часам, на жаль, не працую. Вельмі складана ў нашай краіне знайсці працу, калі раней цябе судзілі паводле палітычнага артыкула. Пасля «прэзідэнцкіх выбараў» зняў сцяг над будынкам у вёсцы ў Лагойскім раёне, дзе праходзіла галасаванне, а на шыльдзе «выбары» напісаў «За празрыстыя выбары».

У выніку быў суд, за «абразу дзяржаўнага сцяга» атрымаў 2 гады. Яшчэ і брата разам са мной пасадзілі, які потым атрымаў паўтара года, хоць практычна нічога не рабіў.

Таму цяпер з працай, як ужо казаў складана. Як пачуюць прозвішча, то адразу адмаўляюць мне ў працы.

– Чаму Вы надумалі далучыцца да абаронцаў Курапатаў?

– Калі была абарона мемарыялу ад забудовы ў 2017 годзе, то яшчэ сядзеў у калоніі. Натуральна, перажываў, нават міліцыянты ў мяне пыталіся: «Нешта, Урбановіч, ты сумны ходзіш. Што з табой здарылася?» – «Курапаты трэба абараняць, – адказваў, – які тут можа быць настрой?»

Таму, калі ўжо быў на свабодзе і даведаўся пра варту каля Курапатаў, то 1 чэрвеня быў ужо там. Патэлефанаваў усім сябрам і знаёмым, запрасіў далучацца да абароны мемарыялу. Мой сярэдні брат таксама прыязджаў і далучаўся да абароны.

І я хачу сказаць, што цяпер абаронцам даволі складана. Шмат правакацый, людзей адпраўляюць на «суткі».

– Як мне здаецца, летась падчас абароны Курапатаў усё было больш арганізавана...

– Тады была крыху іншая сітуацыя. Людзі не давалі забудоўніку будаваць каля мемарыялу, а цяпер жа рэстаран ужо пабудаваны. І падчас абароны элементарна не хапае чалавечага рэсурсу. Мы ж дамаўляліся, чыя арганізацыя і ў які дзень павінна несці вахту ў Курапатах. І вось, напрыклад, чарга Партыі Беларускі Народны Фронт дзяжурыць, а нікога з яе прадстаўнікоў няма. А аднаму там таксама складана знаходзіцца. У мяне міліцыянты і бел-чырвона-белы сцяг адбіралі, і спрабавалі затрымаць.

– Як можа развязацца гэтая сітуацыя?

– Думаю, трэба прывабіць да працы прафесійных юрыстаў і дамагацца таго, каб вярнулі старыя ахоўныя зоны Курапатаў. Але асабіста я буду там стаяць да канца.

– За абарону Курапатаў не так даўно вы ўжо атрымалі 10 сутак адміністрацыйнага арышту ...

– Прыходзілі міліцыянты, усё палохалі, што магу выправіцца ў турму, калі буду прадаўжаць абараняць Курапаты. Казалі так: «Паколькі раней ты меў судзімасць, то выправіць цябе за краты значна лягчэй, чым астатніх абаронцаў». Але я думаю, што гэта яны проста палохаюць турмой. А вось на «суткі» адпраўляць могуць. І асабіста мяне яны не запалохаюць. Я не магу адступіцца ад сваіх прынцыпаў і сваёй грамадзянскай пазіцыі. Мае сваякі ляжаць у Курапатах, я стаяць буду да апошняга.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках