20 красавiка 2024, Субота, 1:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гэта выклік: беларусы палятуць вакол свету на лёгкаматорным самалёце

13
Гэта выклік: беларусы палятуць вакол свету на лёгкаматорным самалёце

Пералёт пачнецца і скончыцца ў Менску.

Аляксандр Цэнцер і Андрэй Барысевіч збіраюцца абляцець вакол свету на лёгкай вінтавой «Цэсне». Пералёт пачнецца і скончыцца ў Менску, прыкладна за месяц пілоты пераадолеюць 28 тысячаў кіламетраў.

Гэта будзе першая беларуская авіявандроўка вакол свету. У свеце зарэгістравана 230 экспедыцый вакол свету на аднаматорных шрубавых самалётах, але беларусаў у спісе пакуль няма, апавялі tut.by арганізатары пералёту.

Палятуць вакол зямлі пілоты Аляксандр Цэнцер і Андрэй Барысевіч. Стартаваць збіраюцца 18 жніўня 2018 года з аэрадрома Ліпкі.

Камандзірам аднаматорнай «Цэсны» стане бізнэсмэн, старшыня Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту Аляксандр Цэнцер. За плячыма ў пілота 1200 гадзінаў налёту. Менавіта той самалёт, які выправіцца вакол свету, бізнэсмэн асабіста перагнаў праз Атлантыку з ЗША ў студзені 2017 года. Падобны палёт праз акіян будзе часткай і гэтага маршруту.

УЛАДАЛЬНІК ГРУПЫ КАМПАНІЙ «А-100», СТАРШЫНЯ БЕЛАРУСКАЙ ФЕДЭРАЦЫІ АВІЯЦЫЙНАГА СПОРТУ, ПІЛОТ АЛЯКСАНДР ЦЭНЦЕР. ФОТА ПРАПАНАВАНА БЕЛАРУСКАЙ ФЕДЭРАЦЫЯЙ АВІЯЦЫЙНАГА СПОРТУ

– Той пералёт праз Паўночную Атлантыку быў вельмі цікавым, да таго ж ён быў зімовым. Мы тады праверылі самалёт, інфраструктуру на зямлі, сябе, – апавёў Аляксандр Цэнцер. – Маім спадарожнікам быў Барыс Тылевіч. Выдатны пілот, класны мужык, авіятар. Вечная памяць... (пілот Барыс Тылевіч загінуў у верасні 2017 г. пры крушэнні Ан-2 у падмаскоўнай Балашысе. – Заўвага.).

– Навошта Вам гэтае падарожжа вакол свету? Гэта ж вялікая рызыка!

– А як яшчэ ўбачыць усю Расею, Арктыку, Байкал, Аляску, Грэнландыю? Калі б можна было набыць квіток на такі рэйс, я набыў бы. Хочацца пагутарыць з людзьмі там, перадаць прывітанне з Беларусі, запрасіць да нас. Хочацца, каб сярод пілотаў, якія абляцелі свет, з'явіўся экіпаж з Беларусі.

CESSNA 182 Т SKYLANE ЎЖО ГАТОВАЯ ДА ПАДАРОЖЖА. ФОТА ПРАПАНАВАНА БЕЛАРУСКАЙ ФЕДЭРАЦЫЯЙ АВІЯЦЫЙНАГА СПОРТУ

– А як без Вас у гэты час справяцца ў Менску? Бераце адпачынак?

– Так, працоўны. Часткова за свой кошт. У мяне надзейныя партнёры, якія адпускаюць. Ды і калектыву трэба адпачыць, – усміхаецца бізнэсмэн.

Аляксандр Цэнцер мяркуе, што самым складаным будзе пералёт над усходняй часткай Расеі, над Чукоткай.

– Там няма аэрадромаў, авіяпаліва, радыёсувязі. Паліва даводзіцца закідваць туды морам.

Яшчэ адзін удзельнік пералёту – Андрэй Барысевіч. У пілота тры тысячы гадзінаў налёту, ён кіруе авіяцыйнай акадэміяй «СкайИгл» у ЗША. Перад тым як выправіцца ў падарожжа вакол свету з Менска, ён паспее перагнаць яшчэ адзін самалёт праз Атлантыку – з ЗША ва Украіну.

ПІЛОТ АНДРЭЙ БАРЫСЕВІЧ. ФОТА З АСАБІСТАГА АРХІВА

– Вы лётны інструктар, майстар найвышэйшага пілатажу, навошта Вам яшчэ і вакол свету? Гэта выклік для Вас як для пілота?

– Так, гэта выклік: вакол свету я яшчэ не лётаў. Думаю, што любому пілоту гэта было б цікава. Праект складаны з пункту гледжання арганізацыі: прабіць усе дазволы, праляцець дзесяць розных краінаў з рознымі правіламі, парадкамі, асаблівасцямі заканадаўства. Плюс гэта, безумоўна, выпрабаванне чалавечых магчымасцяў: кожны дзень ляцець сем-восем гадзінаў, з абмежаванымі магчымасцямі для перамяшчэння... гэта выпрабаванне і сябе, і самалёта, і сваіх навыкаў. Так, гэта чэлендж.

Яшчэ адна прычына, чаму Андрэй Барысевіч, які 15 гадоў таму з'ехаў з Беларусі, сабраўся вакол свету – магчымасць зрабіць нешта для сваёй краіны.

– Падарожжа на беларускім самалёце з беларускім экіпажам – гэта сур'ёзны ўнёсак у скарбонку спартовых дасягненняў Беларусі. Чаму б і не? – кажа пілот.

Арганізатар пералёту – Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту. На ўвесь палёт пілоты закладваюць блізу месяца. Іх чакае неба дзесяці краінаў, блізу 100 гадзінаў у паветры, больш за сорак прыпынкаў, 734 кіламетры над Атлантычным акіянам, возера Байкал і гара Дэналі ў Нацыянальным парку Аляскі пад крылом.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках