28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Літвы: Расея падбухторвае і заглыбляецца ў вір савецкага мінулага

МЗС Літвы: Расея падбухторвае і заглыбляецца ў вір савецкага мінулага
ФОТА: ISTOCK / GLOBAL IMAGES UKRAINE

Масква чыніць ціск на літоўскіх суддзяў.

Міністэрства замежных справаў Літвы назвала пастанову праваахоўных органаў Расейскай Федэрацыі распачаць крымінальныя справы ў дачыненні да літоўскіх суддзяў і пракурораў, якія вядуць справу аб падзеях 13 студзеня 1991 года, адкрытым ціскам на Літву, яе суды і супрацоўнікаў правааховы, паведамляе Delfi.

"На жаль, Расейская Федэрацыя ўсё больш заглыбляецца ў вір савецкага мінулага, дзе ні чалавечае жыццё, ні свабода, ні суверэнітэт суседніх краінаў не паважаліся", – гаворыцца ў заяве МЗС. "Расейскія праваахоўныя структуры з усё нарастальным паскарэннем ператвараюцца ў рэпрэсіўны апарат, якія замест уласцівай дэмакратычным дзяржавам ролі процівагі ўлады становяцца прыладай яе самаўпраўства", – адзначаецца ў заяве.

Так МЗС рэагаваў на пастанову Следчага камітэта РФ пачаць крымінальны пераслед літоўскіх суддзяў і пракурораў паводле артыкула "аб змушэнні да адказнасці бясспрэчна невінаватай асобы".

На думку МЗС, літоўскаму суду кідаецца абвінавачванне ў тым, што справа ў дачыненні да арганізатараў і ўдзельнікаў агрэсіі 13 студзеня не грунтуецца на аб'ектыўных доказах, аддае асаблівым цынізмам, паколькі Расея сама адмовілася супрацоўнічаць паводле справаў 13 студзеня і забойства літоўскіх службовых асобаў у Медзінінкай.

"(Расея) актыўна хавала і пакрывала кіраўнікоў і выканаўцаў узброеных дзеянняў супраць мірных жыхароў і службовых асобаў, распачала ўсе магчымыя захады для таго, каб яны маглі пазбегнуць адказнасці. Рыторыка Следчага камітэта РФ скажае факты, імкнецца замацаваць альтэрнатыўную рэальнасць", – адзначаецца ў заяве МЗС.

Міністэрства падкрэслівае, што суд развяжа пытанне пра пакаранне абвінавачаных паводле справы аб падзеях 13 студзеня, а прысуд у справе аб забойствах у Медзінінкай ужо абвешчаны.

"Літва і надалей будзе прыкладаць усе намаганні для таго, каб правасуддзе паводле справаў аб падзеях 13 студзеня і справы Медзінінкай было ажыццёўленае", – сцвярджае міністэрства. МЗС нагадвае пра сотні тысячаў жыхароў Расеі, якія ў тыя трагічныя дні студзеня 1991 года выйшлі спантанна на вуліцы Масквы, Санкт-Пецярбурга і іншых гарадоў, каб выказаць такім чынам незадавальненне злачыннымі дзеяннямі савецкай арміі і мясцовых калабарантаў у Вільні.

"Мы бачым, што сённяшняя пастанова Следчага камітэта РФ падбухторвае разлад у нашым грамадстве і не адлюстроўвае сапраўднай пазіцыі жыхароў Расеі ў гэтым пытанні. Падобныя дзеянні Расейскай Федэрацыі шкодзяць двухбаковым стасункам", – дадаў МЗС.

Генпракуратура Літвы прапаноўвае прызнаць былога міністра абароны СССР Дзмітрыя Язава вінаватым у злачынствах супраць чалавечнасці падчас падзеяў 13 студзеня і прапануе пакараць яго пажыццёвым зняволеннем. Пажыццёвае зняволенне таксама прапануецца ў якасці пакарання і яшчэ пяці абвінавачаным у злачынствах супраць чалавечнасці і ваенных злачынствах – сярод іх і былому афіцэру КДБ Міхаілу Галаватаву.

Тых, хто застаўся абвінавачаным, гэта значыць 61 асоба, пракуроры просяць прызнаць вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынствах і пакараць іх пазбаўленнем волі тэрмінамі ад 12 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі. Перад судом у Літве паўсталі толькі два абвінавачаныя. 13 студзеня 1991 года савецкія ўлады спрабавалі сілай скінуць законную ўладу ў Літве, якая 11 сакавіка 1990 года абвесціла пра незалежнасць ад СССР.

Пры заняцці савецкімі вайсковымі часткамі і спецпадраздзяленнямі Віленскай тэлевежы і будынка Літоўскага радыё і ТБ загінулі 14 чалавек, больш за тысячу бяззбройных людзей пацярпелі. Паводле справы 13-га студзеня ў 1999 годзе з абвінавачваннямі ў стварэнні антыдзяржаўных арганізацый і здзяйсненні іншых злачынстваў ужо былі асуджаныя шэсць чалавек.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках