24 красавiка 2024, Серада, 15:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталі вядомыя падрабязнасці падвойнага забойства ў Бабруйску

24
Сталі вядомыя падрабязнасці падвойнага забойства ў Бабруйску

Меркаваны 36-гадовы забойца затрыманы.

Страшная трагедыя адбылася ў Бабруйску ў пятніцу, 20 ліпеня. У ванным пакоі кватэры на пятым паверсе знайшлі целы двух забітых дзяўчат, піша kp.by.

Як высветлілася пазней, дзяўчыны 26 і 27 гадоў напярэдадні ўвечары адпачывалі ў кавярні, пазнаёміліся там з мужчынам. З ім яны і з'ехалі на таксі ў ягоную кватэру.

Прыкладна а 7 раніцы ў міліцыю патэлефанавала адная з гэтых дзяўчат: яна паспела сказаць, што закрылася з сяброўкай ў ванным пакоі, з адваротнага боку ў дзверы б'ецца мужчына. Дзяўчына назвала толькі вуліцу і нумар кватэры - пасля гэтага званок абарваўся, распавялі ва УУС Бабруйскага райвыканкама.

Супрацоўнікі міліцыі выехалі на трывогу, але ў патрэбны дом трапілі не адразу: праз тое, што дзяўчына назвала недакладны адрас, нейкі час супрацоўнікі міліцыі апытвалі жыхароў суседніх дамоў, вывучалі запісы камер відэаназірання.

МУЖЧЫНА ПАЗНАЁМІЎСЯ З ДЗЯЎЧЫНАЙ У КАВЯРНІ.
ФОТА: SK.GOV.BY

Мужчыну, з якім напярэдадні бачылі дзяўчат, затрымалі. Ім быў некалькі разоў судзімы (за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, рабаванне, крадзеж), 36-гадовы бабруйчук. Трупы двух дзяўчат знайшлі ў ванным пакоі ягонай кватэры. Як распавяла афіцыйная прадстаўніца СК Юлія Ганчарова, у дзяўчат былі колата-рэзаныя раны, удары тупым прадметам. На фотаздымках з кватэры, якія апублікаваў Следчы камітэт, падцёкі крыві бачныя на сцяне і аконнай фіранцы.

- Усё здарылася ў пятніцу, а ў чацвер ён акурат да мяне падышоў павітацца. Распавёў, што на працу ўладкаваўся, што жыве з нейкай жанчынай. Пажадаў мне здароўя, - успамінае Валянціна Міхайлаўна - яна жыве ў суседнім пад'ездзе. - Я яму яшчэ сказала ўзяцца ўжо нарэшце за розум: ён жа не так даўно вярнуўся з турмы. Першы раз яго асудзілі ці то ў 17, ці то ў 18 гадоў: у іх быў канфлікт з суседам. Той мужчына атрымаў траўмы і памёр у лякарні.

Са слоў Валянціны Міхайлаўны, на наступны дзень падазраванага прывезлі на следчы экспэрымент. Цяпер ягоная кватэра апячатаная.

«Чулі гучную музыку, але не крыкі»

Сюды мужчына прыязджаў наездамі, пастаянна ў гэтай кватэры не жыў.

- Нічога добрага я сказаць пра яго не магу. Некалькі разоў быў судзімы, бывала, што збіваў сваю маці, тэлевізар з акна аднойчы выкінуў, - распавядае Аксана, суседка з лесвічнай пляцоўкі. - Так, у той дзень мы чулі з ягонай кватэры гучную музыку, але ніякіх крыкаў адтуль не даносілася. Можа быць, гэта таму, што ягоны ванны пакой выходзіць на іншы бок. Прыкладна а 6:45 я выходзіла на працу, і таксама нічога не чула. А крыху пазней мне патэлефанаваў муж і сказаў, што прыехала міліцыя, у нашым доме адбылося забойства. Я адразу падумала на суседа.

Як распавядаюць жыхары шматпавярховіка, у тую раніцу ў міліцыю паступіла два званкі: адзін ад дзяўчыны, а другі - ад жыхароў дома, які знаходзіцца акурат насупраць дома, дзе здарылася забойства. Суседзі запэўніваюць, што з акна кватэры, дзе здарылася трагедыя, хтосьці выкінуў жаночую торбу. Гэта ўбачылі жыхары дома насупраць.

У панядзелак, 23 ліпеня, забітых дзяўчат пахавалі.

Падазраваны знаходзіцца ў следчым ізалятары. Распачатая крымінальная справа паводле ч 2 арт 139 КК (Забойства). Магчымае пакаранне - пазбаўленне волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвае зняволенне, або смяротнае пакаранне. Следчыя шукаюць матыў злачынства.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках