16 красавiка 2024, aўторак, 21:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Біл Браўдэр: Мая асноўная задача – не ездзіць у краіны, якія маглі б выдаць мяне Пуціну

Біл Браўдэр: Мая асноўная задача – не ездзіць у краіны, якія маглі б выдаць мяне Пуціну
Біл Браўдэр
ФОТА: AFP

Кіраўнік фонду Hermitage Capital Біл Браўдэр заявіў, што турбуецца за сваю бяспеку.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю "Настоящему Времени", поўную версію якога глядзіце і чытайце ў аўторак.

"Уладзімір Пуцін, як вы ведаеце, стрыманы забойца. Ён нясе адказнасць за шмат якія забойствы ў Расеі, за смерці сваіх ворагаў за мяжой, за выкарыстанне жудасных ваенных спосабаў для забойства нявінных людзей ва Украіне і ў Сірыі. Вядома, я не пачуваюся ў бяспецы", - сказаў Браўдэр у інтэрв'ю "Настоящему Времени".

"Але з іншага боку, улічваючы такую шчырую непрыязнасць Уладзіміра Пуціна да маёй персоны, калі са мной нешта здарыцца, усе будуць ведаць, хто ў гэтым вінаваты. Гэта Уладзімір Пуцін. І тады без наступстваў не абысціся. Я думаю, што ён мяркуе, што найлепшы спосаб забіць мяне - гэта дамагчыся маёй экстрадыцыі ў Расею, запраторыць мяне ў расійскую турму, каб мяне ў ёй і забілі. Таму мая асноўная задача на гэты момант - не ездзіць у краіны, якія маглі б выдаць мяне Пуціну", - дадаў ён.

19 ліпеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адмовіўся ад ідэі допыту расейцаў у справе аб умяшанні Крамля ў амэрыканскія выбары ў абмен на допыт расейскімі следчымі грамадзян ЗША ў так званай справе Браўдэра.

З такой прапановай на перамовах у Гельсінках выступаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Тады Пуцін заявіў, што кіраўнік фонду Hermitage Capital Біл Браўдэр выкраў з Расеі і пералічыў на фінансаванне кампаніі Гілары Клінтан 400 $ млн. Потым ён папрасіў Генпракуратуру выправіць памылку прамовы, што гаворка ідзе не пра $ 400 млн, а пра $ 400 тысяч.

Браўдэр у артыкуле для часопіса Time адхіліў усе абвінавачванні ў свой бок.

"Апошнія абвінавачванні ў тым, што я ахвяраваў 400 мільёнаў даляраў Гілары Клінтан, настолькі смяхотныя і непраўдзівыя, што гэта можна назваць лухтой", - напісаў ён.

Браўдэр - сузаснавальнік фонду Hermitage Capital, шмат інвеставаў у Расею ў 90-я гады. Таксама ён ініцыятар некалькіх судовых спраў у дачыненні да расейскіх манаполій, якія ўціскаюць правы інвестараў, і галоўны ініцыятар і лабіст "Акту Магніцкага" ў ЗША і іншых краінах.

"Акт Магніцкага" з'явіўся пасля таго, як юрыст Hermitage Capital Магніцкі быў арыштаваны ў Расеі паводле сфабрыкаванай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў і памёр у маскоўскім следчым ізалятары праз тое, што яму не давалася медыцынская дапамога. Акт забараняе ўезд у краіну высокапастаўленым прадстаўнікам расейскіх праваахоўных структур, якія маюць дачыненне да смерці Магніцкага, і накладае арышт на іхнія актывы. Пазней закон быў пашыраны на больш шырокае кола асоб, датычных да карупцыі і парушэнняў правоў чалавека.

У снежні мінулага года расейскі суд завочна прысудзіў Браўдэра да дзевяці гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным банкруцтве і ўхіленні ад выплаты падаткаў на суму больш за 3 млрд рублёў. Гэта ўжо другі прысуд расейскага суда супраць Браўдэра, вынесены завочна.

Пуцін абвінавачваў Браўдэра ў фінансаванні Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый ЗША і спасылаўся на тое, што амэрыканскі лабіст прысуджаны да дзевяці гадоў пазбаўлення волі. Расейскі прэзідэнт казаў, што ў грунце дзейнасці Браўдэра ляжаць "звычайны крымінал, махлярства і крадзеж".

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках