19 красавiка 2024, Пятніца, 3:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы ўжо вялікія

24
Мы ўжо вялікія

Сёння нам 28 гадоў.

А некалі ў гэты дзень па вуліцах Менска хадзілі вясёлыя людзі з нацыянальнымі сцягамі, і было свята. Дзень незалежнасці, дзень нараджэння краіны, дзень вялікіх надзей. Так, фармальна Беларусь яшчэ год з невялікім заставалася савецкай рэспублікай, і канстытуцыйны статус Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце атрымала ў жніўні дзевяноста першага. Але незалежная дзяржава нарадзілася менавіта тады, 27 ліпеня 1990 года.

Потым дзень нараджэння перасталі святкаваць, перанеслі на іншы ліпеньскі дзень, як у дзіцячым доме святкуюць "дзень імянінніка", калі адзначаюць дні нараджэння ўсіх тых, хто нарадзіўся ў гэтым месяцы. Пасля ператварэння ў сіроцкае свята гэты дзень пачаў паступова знікаць з календароў, загалоўкаў навінаў, а потым і з нашай памяці – столькі ўсяго даводзіцца ў ёй захоўваць, што нейкая там цьмяная дата перастае быць важнай. А нам жа сёння споўнілася дваццаць восем.

Я і раней часта выкарыстоўвала чалавечы ўзрост для ілюстрацыі гісторыі краіны. І калі калегі з іншых дзяржаваў здзіўлена пыталіся – маўляў, як жа вы ўсё гэта дазволілі, – тлумачыла: мы яшчэ маленькія, мы яшчэ ў памперсах, мы зусім юная краіна, а ў працэсе сталення дзіця заўсёды набівае гузы і сінякі, здзяйсняе памылкі, і гэта нармальна. Яно спасцігае свет, у тым ліку і праз траўмы. "Ішлі гады, змяркалася", і калегі з краін-аднагодак ужо здзіўлена прыўзнімалі брыво, чарговы раз пачуўшы пра юную краіну, якой можна рабіць памылкі. Яны ж сталелі спакойна і годна, пераадольваючы ўласныя дзіцячыя траўмы і на роўных уваходзячы ў дарослую супольнасць. А я ўсё балабоню пра дзіцячыя памылкі, на якія мы мелі права.

Цяпер я разумею, што ўсе этапы сталення мы таксама вытрымлівалі годна. Шасцігодкамі-першаклашкамі мы стаялі на плошчы перад Вярхоўным Саветам, гатовыя ратаваць Канстытуцыю, пакуль дарослы спікер парламента не папрасіў разысціся. Мы тады яшчэ слухаліся дарослых і ўрэшце разышліся (тады гэта было даравальна, мы і праўда дзейнічалі адпаведна ўзросту і адсутнасці досведу).

Шаснаццацігоддзе, выдача пашпарта грамадзяніну краіны, трапіла на 2006 год (потым узрост атрымання пашпарта знізілі да 14 гадоў, але ў 2006 годзе яго выдавалі менавіта ў шаснаццаць). Памятаеце намёты на Плошчы? Памятаеце бесперапынны шматдзённы пратэст, натоўпы людзей, якія ідуць з цёплым адзеннем і тэрмасамі, каб перадаць іх дзецям у намётавым мястэчку? Многія з гэтых дзецюкоў, дарэчы, і нарадзіліся ў тым самым годзе, што і краіна. І замест пашпарта атрымалі свае першыя арышты, аўтазакі і дубінкі пад рэбры. А яшчэ памятаеце 25 сакавіка таго года? Даўжэзную калону дэманстрантаў, шумавыя гранаты, газ, грукат дубінак і шчытоў. Калі атрымліваеш пашпарт пад такое музычнае суправаджэнне – значыць, правільна вырас, добрым чалавекам.

А 21 год – поўнае і абсалютнае паўналецце паводле ўсіх сусветных законаў – для нас трапіў на той самы 2011 год. Змрочнае Сярэднявечча, росквіт інквізіцыі, тарквемадаўскія трыбуналы, зашытыя страхам і пагрозамі раты – і на гэтым фоне маладая ружовашчокая бясстрашная краіна з годнасцю ідзе ў турмы, збірае перадачы для зняволеных, стаіць у пікетах і малітвах, насмешліва пляскае ў ладкі на вуліцах. Некаторыя аднагодкі незалежнасці, якія атрымалі пашпарт за пяць гадоў да таго, да свайго – і краіны – паўналецця атрымалі ў падарунак турэмныя тэрміны. І няўжо не годна мы ўсе здалі гэты экзамен?

Сёння нам дваццаць восем. Псіхолагі кажуць, што менавіта тады пачынаецца пераасэнсаванне каштоўнасцяў. Гэта ўжо сапраўдная даросласць. Прызыўны ўзрост скончыўся яшчэ летась: Цяпер мы амаль замацярэлі, такіх салдатамі не прызываюць – занадта сталыя. У савецкі час менавіта ў 28 сканчалася знаходжанне ў камсамоле – дарослыя кар'ерысты сыходзілі ў партыю, бунтары – у дысідэнты, а большасць – у звычайнае жыццё з поўнай асабістай адказнасцю і цяжкой, часта бессэнсоўнай працай. Не хочацца для нас такой будучыні, хоць цяперашняя калгасная інквізіцыя робіць усё, каб мы жылі сапраўды гэтак сама.

Але цяпер мы ўжо дакладна не маем права на ўсе пытанні з нагоды зажортай улады адказваць "дык мы не вінаватыя, мы яшчэ маленькія, мы маем права на памылку". Усё, дзецюкі, больш не маем. Мы вычарпалі свой рэзерв дзіцячых памылак. Мы ўжо вялікія.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках