20 красавiка 2024, Субота, 17:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як нарвежскі ільменіт у абыход санкцый трапіў у Крым?

3
Як нарвежскі ільменіт у абыход санкцый трапіў у Крым?

Дзве суднаходныя кампаніі з ФРГ падазраюцца ў нелегальных пастаўках стратэгічнай руды з Нарвегіі ў Крым.

DW піша пра расследаванне радыёстанцыі Deutschlandfunk і рэакцыю нямецкага ўрада.

На апошнім саміце ЕЗ, які праходзіў у Брусэлі 28–29 чэрвеня, кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў Еўразвязу чарговы раз прадоўжылі санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Расеі за анэксію Крыма і падтрымку сепаратыстаў Данбаса. Нямецкаму бізнэсу гэтыя санкцыі не падабаюцца. Тым не менш, як не раз запэўніваў Усходні камітэт нямецкай эканомікі, які аб'ядноўвае фірмы, што вядуць справы ў Расеі, прадпрымальнікі Нямеччыны прызнаюць "прымат палітыкі" і гатовыя – хай вымушана – мірыцца з абмежаваннямі на камерцыйныя ўгоды.

Але, відавочна, не ўсе нямецкія фірмы згодныя несці страты або ахвяраваць прыбытковымі ўгодамі. Да гэтага часу ў Нямеччыне не сціхае скандал, які выліўся праз тое, што турбіны фірмы Siemens насуперак санкцыйнаму рэжыму апынуліся на будоўлі электрастанцый у Крыме. Цяпер пад падазрэнне трапілі яшчэ дзве нямецкія суднаходныя кампаніі – Hansa Heavy Lift з Гамбурга і Heinz Corleis KG з Штадэ.

Нямецкія судны з ільменітам на рэйдзе ў Керчанскім праліве

Паводле звестак журналісцкага расследавання, праведзенага радыёстанцыяй Deutschlandfunk, гэтыя кампаніі забяспечылі дастаўку ў Крым з Нарвегіі занесенага ў санкцыйных спіс ільменіту – тытаністага жалезняку, які ўжываецца ў вайсковай сферы. Яго выкарыстоўваюць, напрыклад, для вытворчасці высакаякаснай фарбы, якой апрацоўваюць баявую тэхніку і, сярод іншага, вайсковыя караблі. Карэспандэнт радыёстанцыі Сабіне Адлер (Sabine Adler) так выкладае ход падзей:

Сухагруз Mississippi суднаходнай кампаніі Hansa Heavy Lift, які накіроўваўся ў расейскі порт Каўказ, 23 лістапада 2017 года ўстаў на рэйд у Керчанскім праліве. Прадаваць ільменіт у Расею можна, але не ў Крым. Дайсці да порта прызначэння, аднак, Mississippi перашкодзіў занадта нізкі мост.

Таму 10 тысячаў тонаў ільменіту былі проста ў моры за некалькі прыёмаў перагружаныя на расейскае судна "Нефтерудовоз-2". А яно ходзіць не ў расейскі порт, а ў Чарот-Бурун у Крыме. Там і разгружае. Дакладна такая ж працэдура паўтарылася праз некалькі дзён з сухагрузам Callisto суднаходнай кампаніі Heinz Corleis KG.

Актывісты ўкраінскай няўрадавай арганізацыі Black Sea Watch, якая з дапамогай сваёй інфармацыйнай сістэмы фіксуе каардынаты ўсіх караблёў у гэтай акваторыі, назіралі за рухамі гэтых судоў у Керчанскім праліве.

Галоўны рэдактар інфармацыйнага партала Blackseanews.net Андрэй Кліменка распавёў Сабіне Адлер, што ўсе шляхі дастаўкі тавараў у Крым – сухапутныя яны, марскія або паветраныя – "штодня і штогадзіны" знаходзяцца пад кантролем і ўкраінскіх дзяржаўных службаў, і незалежных аналітычных цэнтраў, напрыклад такіх, як Black Sea Watch. Так што схаваць нічога немагчыма.

Наіўныя нямецкія суднаходныя кампаніі?

Але ў нямецкіх суднаходных кампаніях і не сталі адмаўляць, што выканалі заказы на транспартаванне ільменіту, але былі, маўляў, упэўненыя ў тым, што дастаўляюць яго з Нарвегіі ў Расею, а не ў Крым.

"Мы ішлі не ў Крым, і мы не ведалі, што канчатковы спажывец знаходзіцца ў Крыме, – запэўніў карэспандэнта Deutschlandfunk прадстаўнік суднаходнай кампаніі Hansa Heavy Lift Ханс-Ёрг Зімон (Hans-Jörg Simon). – Калі б ведалі, то неадкладна спынілі б такія пастаўкі".

Але апавёў ён і пра тое, што перад выкананнем любой замовы эксперты суднаходнай кампаніі правяраюць яе на адпаведнасць экспартным абмежаванням, вывучаюць спадарожныя абставіны, спраўджваюць звесткі пра заказчыка. Калі так, то ў Hansa Heavy Lift павінны былі б ведаць, што на тэрыторыі Расеі найбліжэйшы завод, на якім перапрацоўваюць ільменіт, знаходзіцца за тры тысячы кіламетраў ад порта Каўказ – на паўднёвым Урале, дзе гэтую руду таксама здабываюць.

А вось у Крыме такое прадпрыемства яшчэ з савецкіх часоў знаходзіцца зусім побач – у Севастопалі, дзе базуюцца караблі расейскага Чарнаморскага флоту. Так што ў суднаходных кампаніях маглі б прынамсі западозрыць нядобрае.

Мінэканомікі ФРГ: санкцыі застаюцца ў сіле

Цяпер нямецкая пракуратура вядзе следства супраць дзвюх суднаходных кампаній Нямеччыны, а нарвежская – супраць горнаруднай фірмы Titania Kronos, якая здабывае ільменіт паблізу Ёсінгф’орда. Нарвегія хоць і не ўваходзіць у ЕЗ, але далучылася да еўрапейскіх санкцый.

Сочаць за развіццём падзей і ва ўрадзе Нямеччыны. Прэс-сакратарка нямецкага міністэрства эканомікі і энэргетыкі Беата Барон (Beate Baron) на ўрадавай прэс-канферэнцыі ў пятніцу, 6 ліпеня, нагадала, што застаюцца ў сіле абодва санкцыйныя прадпісанні ЕЗ – і ў дачыненні да Крыма з Севастопалем, і ў дачыненні да Расеі.

"Абодва прадпісанні адрасаваныя прадпрыемствам, якія абавязаныя правяраць свае ўгоды на адпаведнасць з дзейнымі правіламі і іх выконваць", – заявіла яна і дадала, што парушэнне санкцыйнага рэжыму вынікае судовае пакаранне. Парушальнікам пагражаюць істотныя штрафы, памер якіх залежыць ад канкрэтнага выпадку.

Каментаваць падазрэнні ў дачыненні да дзвюх нямецкіх суднаходных кампаній Барон не захацела, спаслаўшыся на праваахоўныя органы, у задачу якіх, з яе словаў, а не ўрада, і ўваходзіць прыняцце захадаў у тым выпадку, калі паступае сігнал пра магчымае парушэнне санкцыйнага рэжыму.

Санкцыі супраць Расеі прымаў ЕЗ, а не Берлін

Санкцыі ЕЗ не падабаюцца не толькі нямецкім камерсантам, але і шматлікім палітычным дзеячам Нямеччыны, асабліва ў яе ўсходніх землях, гэта значыць, былой ГДР, якія мелі традыцыйна шырокія справавыя сувязі з партнёрамі ў Расеі.

Да іх ліку адносіцца, напрыклад, Андрэас Лемель (Andreas Lämmel) з усходненямецкай Саксоніі. Ён дэпутат бундэстага ад Хрысціянска-дэмакратычнага звязу – партыі Ангелы Меркель (Angela Merkel), але ўсё роўна крытыкуе санкцыйную палітыку канцлеркі.

"Па-першае, санкцыі лёгка абыходзіць, па-другое, мы саступаем рынкі канкурэнтам, – пералічвае ён, – а, па-трэцяе, я не ведаю ні аднаго выпадку, дзе санкцыі дасягнулі б той мэты, дзеля якой яны былі ўведзеныя".

Андрэас Лемель хоць і не патрабуе неадкладна адмяніць санкцыі, але заклікае "пачаць публічную дыскусію пра тое, што рабіць з імі далей". Афіцыйны Берлін да такіх заклікаў глухі. Санкцыі, маўляў, уводзіла не Нямеччына, а Еўрапейскі Звяз, хай ягоныя лідары гэтае пытанне і абмяркоўваюць.

"Пазіцыя канцлеркі і ўсяго нямецкага ўрада застаецца нязменнай, – сказаў карэспандэнту DW афіцыйны прадстаўнік Ангелы Меркель Штэфэн Зайберт (Steffen Seibert). – Пастановы ў санкцыях прымаюцца на еўрапейскім узроўні, на такім узроўні і была прынятая пастанова пра іх падаўжэнне".

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках