19 красавiка 2024, Пятніца, 11:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ПВК у Расеі: падыход можа адмяніцца

3
ПВК у Расеі: падыход можа адмяніцца

Наймітаў могуць афіцыйна прызнаць у Расеі.

Тэма прыватных вайсковых кампаній (ПВК), дзейнасць якіх у Расеі падпадае пад артыкул Крымінальнага кодэкса аб найміцтве, на гэтым тыдні загучала з новай сілай у расейскіх і заходніх мэдыях, паведамляе «Голос Америки».

Прычынай гэтаму паслужылі дзве важкія інфармацыйныя нагоды: аповед тэлеканала «Дождь» аб новай расейскай ПВК у Сірыі і патрабаванне адстаўных вайскоўцаў аб легалізацыі прыватных вайсковых кампаній з прыраўноўваннем іх «супрацоўнікаў» да ветэранаў баявых дзеянняў з ліку вайскоўцаў.

«Дождь» распавёў 5 ліпеня аб з'яўленні ў Сірыі ўвесну сёлета кампаніі «Патрыёт», якая, паводле звестак тэлеканала, не звязаная з блізкім да Уладзіміра Пуціна бізнэсоўцам Яўгеніем Прыгожыным, а апякуецца Міністэрствам абароны РФ. «Патрыёт», паводле звестак «Дождь», які спасылаецца на вайсковага экспэрта «дзяржаўных» поглядаў, генерал-палкоўніка Леаніда Івашова, складаецца з «дзейных спецыялістаў Галоўнай управы Генштаба, вайсковых юрыстаў і байцоў сіл спецыяльных аперацый».

У той жа час у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» з'явілася «Адкрытая заява Агульнарасейскага Афіцэрскага Сходу», у якім уладам Расеі выстаўленыя патрабаванні «устанавіць прававыя, сацыяльныя, эканамічна-падатковыя механізмы ўзаемадзеяння ўсіх дзяржаўных структур з прыватнымі вайсковымі кампаніямі», «неадкладна ўстанцвіь і прызнаць статус удзельнікаў баявых дзеянняў у структурах прыватных вайсковых кампаній» і «спыніць пераслед удзельнікаў прыватных вайсковых кампаній ды іхніх сямейнікаў дзяржаўнымі ды іншымі структурамі».

Заява была падпісаная Леанідам Івашовым, «палкоўнікам у адстаўцы» Уладзімірам Пятровым, што даўно сядзіць разам з Івашовым у прэзідыюмах розных кансэрватыўных арганізацый, і казацкім актывістам Яўгеніем Шабаевым, які яшчэ ў лютым распавядаў Радыё Свабода аб масавай загубе байцоў «ПВК Вагнера» ў Сірыі.

Гэты дакумент быў успрыняты Крамлём з усёй сур'ёзнасцю: прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў у пятніцу заявіў, што «безумоўна, калі такі зварот праз афіцыйныя каналы паступіць, ён будзе накіраваны ў міністэрства абароны для прапрацоўкі і выпрацоўкі якіх-небудзь асноватворных падыходаў».

Гісторыя пытання

Між тым, словы Дзмітрыя Пяскова разыходзяцца з тым падыходам, які дагэтуль выяўляла Расея ў дачыненні да «добраахвотнікаў» у складзе прыватных вайсковых кампаній, якія ваявалі за інтарэсы тых, хто іх наняў.

Аб прыраўноўванні расейцаў, якія ваююць за мяжой без якога-небудзь прызнання з боку расейскай дзяржавы, да «афіцыйных» ветэранаў гаворка ідзе як мінімум шэсць гадоў.

У красавіку 2012 года Уладзімір Пуцін, які рыхтаваўся зноў заступіць на пасаду прэзідэнта пасля чатырох гадоў працы кіраўніком урада, адказаў у Дзяржаўнай думе на пытанне аб распрацоўцы афіцыйнага статусу для ПВК: «Мяркую, што гэта сапраўды з'яўляецца інструментам рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў без дырэктыўнага ўдзелу дзяржавы. Вы абсалютна маеце рацыю. Мяркую, што так, над гэтым можна падумаць, разгледзець».

Тады ж, у 2012 годзе, дэпутат Аляксей Мітрафанаў, які задаваў Пуціну гэтае пытанне, распрацаваў закон аб ПВК, але яго адхілілі з прычыне «працэдурнай неадпаведнасці патрабаванням Канстытуцыі і рэгламенту Дзяржаўнай Думы». Да таго часу ўжо некалькі арганізацый у Расеі называлі сябе «прыватнымі вайсковымі кампаніямі».

Той жа Леанід Івашоў у 2012 годзе ў інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу Russia Today крытыкаваў тых, хто абараняе інтарэсы расейскіх ПВК: «Я б не рабіў стаўку на іхнюю кампетэнтнасць. Вялікія асцярогі выклікае тое, як ПВК сябе павядуць, калі абвострыцца канкурэнцыя. Яны могуць пачаць канфліктаваць паміж сабой. Будуць канфлікты – а значыць, будуць і ахвяры».

Пазней, у 2013 годзе, у Сірыі выявілі прыватную вайсковую кампанію Slavonic Corps Limited («Славянскі корпус»), у якой ваявалі 267 расейцаў, сярод якіх быў і камандзір узніклай пазней «ПВК Вагнера» Дзмітрый Уткін. Пра гэта тады напісала санкт-пецярбуржскае выданне «Фонтанка».

Тады, як пазней расказала іншае расейскае выданне "Новая газета", было відавочна, што Расея не гатовая легалізаваць гэты тып дзейнасці: як паведамляе выданне, расейскіх наймітаў вывезлі на радзіму, дзе іх сустракалі супрацоўнікі ФСБ, а "для двух кіраўнікоў "Славянскага корпусу" Вадзіма Гусева і Яўгенія Сідарава ваяж у Сірыю закончыўся крымінальнымі справамі і прысудамі з рэальнымі тэрмінамі паводле артыкулу 359 КК РФ (найміцтва)".

У 2014 годзе расейскіх «добраахвотнікаў» у Крыме і на ўсходзе Украіны было ўжо шмат, але Дзяржаўная дума ўсё адно не наважылася надаць ім афіцыйны статус: яшчэ адзін праект закона аб наданні ПВК легальнага статусу быў двойчы адхілены ў Думе на працягу 2014 года, і ў той час супраць яго прыняцця выказваўся расейскі ўрад і спецслужбы.

Пад 2018 год сітуацыя трохі змянілася: у сярэдзіне студзеня міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, каментуючы сітуацыю з трапляннем у палон да ваеўнікоў ІДзІЛ двух расейцаў, заявіў, што «трэба дакладна зафіксаваць заканадаўчую базу для таго, каб гэтыя людзі былі абароненыя ў прававым полі».

Літаральна праз два дні пасля гэтых слоў Лаўрова некалькі дэпутатаў Думы заявілі журналістам, што закон аб ПВК будзе распрацаваны і ўнесены ў парламент на працягу месяца. Гэта было зроблена, але ўжо ў сакавіку 2018 года стала ясна, што барацьба вакол статусу наймітаў зусім не скончаная: ва ўрадзе Расеі законапраект зноў назвалі антыканстытуцыйным, а ў Радзе Федэрацыі абвясцілі, што такіх кампаній у Расеі проста няма.

Гэта зрабіў першы намеснік старшыні камітэта абароны і бяспекі Рады Федэрацыі Аляксандр Ракіцін: «У Расеі прыватных вайсковых кампаній няма. Мы мяркуем, што ўзброеная барацьба - гэта прэрагатыва дзяржавы. Што да юрыдычнага рэгулявання дзейнасці ПВК у Расеі, то пільнай патрэбы ў гэтым мы не бачым».

Пакуль відавочна, што ў расейскім грамадстве і Дзяржаўнай Думе існуе лобі, якое падтрымлівае наданне ПВК законнага статусу, але магутная група палітыкаў і чыноўнікаў, што гэтаму супраціўляецца, выглядае мацнейшай: законапраект не падтрымала ні воднае з вайсковых міністэрстваў Расеі.

Сам Уладзімір Пуцін з 2012 года на гэтую тэму больш не выказваўся, але словы Дзмітрыя Пяскова, вымаўленыя 6 ліпеня, могуць азначаць, што афіцыйны падыход расейскіх уладаў да гэтага пытання можа змяніцца. Магчыма, гэта адбудзецца таму, што колькасць ветэранаў неабвешчаных войнаў у Расеі расце тэмпамі, якіх Крэмль і сам не чакаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках