23 красавiка 2024, aўторак, 11:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У дачкі скандальнага дэпутата Дзяржаўнай думы Слуцкага знайшлі камяніцу за $2,1 мільёна

3
У дачкі скандальнага дэпутата Дзяржаўнай думы Слуцкага знайшлі камяніцу за $2,1 мільёна
ФОТА: РИА НОВОСТИ

Элітная нерухомасць дачкі Слуцкага — дом у «падмаскоўнай Венецыі».

Дэпутат Дзярждумы Леанід Слуцкі апошні час стаў вядомы тым, што тры журналісткі публічна абвінавацілі яго ў дамаганнях. Камісія этыкі Дзярждумы не знайшла парушэнняў у паводзінах Слуцкага і не выкарыстала да яго ніякіх штрафных санкцый.

З тых часоў пра жыццё парламентарыя стала вядома нямала цікавых падрабязнасцяў, у тым ліку пра яго раскошныя аўто і шыкоўную нерухомасць. «Новая газета» дадае новы штрых да карціны сямейнага багацця чалавека, які з 2000 года жыве на заробак дэпутата: дачка Слуцкага Ірына ва ўзросце 23 гадоў набыла пляц з невялікай камяніцай на 591 квадратны метр у падмаскоўным пасёлку «Міленіум парк», па суседстве з былой жонкай расейскага прэзідэнта Людмілай, якая купіла надзел побач, пасля таго як зноў выйшла замуж, але будаваць нічога не стала і неўзабаве прадала зямлю. У той час дачка дэпутата займала даволі сціплую пазіцыю памочніка галоўнага рэдактара ў глянцавым выданні.

Падаткаплацельшчыкі забяспечваюць дэпутатам высокі паводле расейскіх мерак заробак, але Слуцкаму з яго афіцыйным прыбыткам давялося б збіраць на лецішча дачкі 25 гадоў і не выдаткоўваць грошы ні на што іншае.

Адкуль даходы

Дэпутат Леанід Слуцкі цягам дзесяці гадоў не дэклараваў гектар зямлі на Рублёўцы, які знаходзіцца ў яго ў арэндзе з 2008 года. Гэта выявіў Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК) Аляксея Навальнага. Такое парушэнне магло прывесці да датэрміновага спынення паўнамоцтваў дэпутата. Але кіраўніца камісіі Дзярждумы ў кантролі за дакладнасцю звестак аб даходах Наталля Паклонская патлумачыла сітуацыю «тэхнічнай памылкай».

ФБК таксама выявіў ва ўласнасці жонкі Слуцкага трохпавярховы пентхаус у жылым комплексе «Кутузаўская Рыўера». Забудоўшчык элітнага жылога комплексу Сяргей Палонскі яшчэ ў 2017 годзе заяўляў, што дэпутат атрымаў ад яго пентхаус за дапамогу ў афармленні кантрактаў. Праваахоўныя органы не зацікавіліся гэтай інфармацыяй.

У нядаўнім інтэрв'ю выданню «Сноб» Слуцкі тлумачыў: «У палітыку я прыйшоў з бізнэсу, дзе даўно зарабіў столькі, колькі мне трэба». Маючы на ўвазе, што яшчэ 18 гадоў таму сабраў дастатковае багацце для таго, каб весці раскошны лад жыцця і цяпер. Тым не менш дэкларацыі аб даходах дэпутата кажуць аб іншым. Калі прасачыць за імі ў дынаміцы, атрымліваецца парадаксальная карціна.

Згодна з самай ранняй даступнай дэкларацыі Слуцкага ад 2006 года, яго не назавеш па-сапраўднаму багатым чалавекам: на банкаўскіх рахунках дэпутата, а ў мінулым бізнэсоўца, да таго часу акумулявалася усяго 550 тысяч рублёў, у яго ўласнасці не было ні акцый, ні дзелі ў кампаніях або каштоўных папер. А адзінай крыніцай даходу быў паказаны апарат Дзярждумы.

Праз 10 гадоў жыцця на дэпутацкі заробак, у 2010 годзе, Слуцкі і ягоная жонка абзавяліся дарагой маёмасцю. Ва ўласнасці жонкі дэпутата Лідзіі Лысковай, чый афіцыйны даход ніколі не перавышаў 230 тысяч рублёў на год, з'явіліся пентхаус ў элітным жылым комплексе «Кутузаўская Рыўера» і два аўтамабілі, Bentley. Сам Слуцкі перасеў з Mercedes-Benz на Maybach. Акрамя ўсяго іншага, цяпер ва ўласнасці сям'і Слуцкага тры кватэры, дача на Рублёўцы, а гектар зямлі знаходзіцца ў сям'і ў арэндзе.

Але дабрабыт сям'і Слуцкага не абмяжоўваецца тым, што адлюстравана ў яго дэкларацыях. Даходы і маёмасць сваякоў ён не абавязаны дэклараваць.

Жыццё асістэнта

Старэйшай дачцэ Слуцкага Ірыне 27 гадоў. Яна, як і бацька, скончыла Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт эканомікі і статыстыкі, але не стала займацца бізнэсам. На ейнае імя ў Расеі не зарэгістраваная ніводная кампанія. Прынамсі, да сярэдзіны 2014 года Ірына Слуцкая мела даволі сціплую пасаду асістэнта галоўнага рэдактара глянцавага часопіса Harper's Bazaar.

Зрэшты, узровень ейнага жыцця наўрад ці адпавядае гэтай пасадзе. У 2012 годзе ў 21 год у Слуцкай з'явіўся першы аўтамабіль — Porsche Cayenne апошняга года выпуску. А праз два гады яна набыла невялікую сядзібу на Наварыжскай шашы ў элітным пасёлку «Міленіум парк». Двухпавярховы дом на дарагой падмаскоўнай зямлі — дача, якую наўрад ці можна набыць на заробак асістэнта рэдакцыі.

«Міленіум парк» — адзін з мноства элітных пасёлкаў, размешчаны за 20 кіламетраў ад Масквы па Наварыжскай шашы. Пасёлак працяты сеткай рукатворных каналаў, за што рыелтары называюць яго рамантычна — «падмаскоўная Венецыя». Уздоўж каналаў пракладзена сетка пешаходных бульвараў, якія, як сцвярджае рэклама, нагадваюць еўрапейскія вулачкі.

Дом без вычварэнняў

Дом Ірыны Слуцкай знаходзіцца праз квартал. У параўнанні з палацамі, размешчанымі па суседстве, ён выглядае сціпла. Пакаты дах з зашклёнай панэллю па цэнтру, ландшафтны дызайн без вычварэнстваў. Плошча дома — 591 квадратны метр, надзел Слуцкай — 31 сотка.

Як распавёў рыэлтар, які займаецца продажамі ў пасёлку, гэты дом пабудаваны паводле тыповага праекту забудоўшчыка. Згодна з камерцыйнай прапановай кошт такога дома без аздаблення складае без малога 140 мільёнаў рублёў.

Дакументы Расрэестра паказваюць, што Слуцкая набыла лецішча ў красавіку 2014 года.

Апошнія 10 гадоў, якія дэпутат Слуцкі даваў справаздачу аб даходах, больш за ўсё ён зарабіў у 2015 годзе — 5,5 млн рублёў, гэта значыць па 458 тысяч рублёў за месяц. Гэта ў 10 разоў больш, чым сярэдні заробак у краіне. Але нават так прыйшлося б збіраць на падмаскоўнае лецішча дачкі блізу 25 гадоў, не робячы ніякіх іншых выдаткаў.

Леанід Слуцкі не адказаў на шматлікія званкі і пакінуў без адказу пытанні, перададзеныя праз прэс-сакратара. Слуцкая таксама не захацела камунікаваць з «Новай газетай».

Былыя калегі кажуць пра Слуцкую неахвотна: многія ў рэдакцыі не ведалі, што яна дачка дэпутата. Не так даўно Ірына выйшла замуж. Мяркуючы з сацыяльных сетак, маладая сям'я бавіць шмат часу на падмаскоўным лецішчы ў «Міленіум парку».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках