24 красавiка 2024, Серада, 3:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінфін: Ёсць рэальная пагроза, што расейскі бензін выцесніць беларускі

19
Мінфін: Ёсць рэальная пагроза, што расейскі бензін выцесніць беларускі
ФОТА: РІА НОВОСТИ

Падатковы манеўр РФ радыкальна знізіць рэнтабельнасць нафтаперапрацоўкі ў Беларусі.

Міністэрства фінансаў Беларусі будзе ініцыяваць абмеркаванне на дзяржаўным узроўні магчымасці кампенсацыі расейскім бокам змяншэнне даходаў беларускага бюджэту праз падатковы манеўр у нафтавай сферы РФ, паведамляе «Интерфакс».

Намеснік міністра фінансаў Беларусі Дзмітрый Кійко паведаміў, што у 2019 годзе змяншэнне прыбытку беларускага бюджэту ў сувязі з падатковым манеўрам у РФ складзе блізу Br600 млн ($300 млн паводле цяперашняга курса - заўв.) праз скарачэнне паступленняў ад экспартных мыт нафтапрадуктаў і запланаванага зніжэння на чвэрць стаўкі акцызаў на нафтапрадукты (каб кампенсаваць нафтазаводам выдаткі праз адсутнасць павышэння раздробных коштаў - заўв.).

Таксама, з ягоных слоў, адным з наступстваў рэалізацыі падатковага манеўру ў Расеі з'яўляецца «немагчымасць функцыянавання адзінага рынку нафтапрадуктаў у ЕАЭС». «У Расеі зніжэнне прыбыткаў кампенсуюцца адмоўнымі акцызамі, у нас няма такіх крыніц», - канстатаваў намеснік міністра.

Ён таксама мяркуе, што ў выніку падатковага манеўру расейскія нафтапрадукты могуць выцесніць беларускія на ўнутраным рынку Беларусі. «Калі ў іх (у РФ - заўв.) вытворчасць нафтапрадуктаў будзе субсідавацца, а ў нас не, то ў нас будзе больш высокі кошт нафтапрадуктаў, і тады расейскія нафтапрадукты будуць выцясняць нашы на ўнутраным рынку», - растлумачыў Д.Кійко.

Як паведамлялася, беларускі бок занепакоеная наступствамі для нацыянальнай эканомікі падатковага манеўру ў нафтавай галіне РФ. Беларусь імпартуе нафту з Расеі безмытна. У выніку скасавання ў РФ экспартных мыт нафты кошт расейскай нафты для Менска прапарцыйна вырасце. Гэта радыкальна знізіць рэнтабельнасць нафтаперапрацоўкі ў Беларусі.

Акрамя таго, ва ўмовах адзінай мытнай прасторы з РФ Беларусь таксама будзе вымушаная скасаваць экспартныя мыты нафты і нафтапрадуктаў. Раней Мінфін Беларусі ацэньваў страты даходаў беларускага бюджэту ў сувязі з поўным скасаваннем экспартных мыт нафты і нафтапрадуктаў у суму больш як $2 млрд, або блізу 4% ВУП.

У ліку найбліжэйшых «выклікаў» для беларускага бюджэту ў Мінфіне ўважаюць завяршэнне у 2019 годзе перыяду пералічэння фінансавых сродкаў з Расеі ў рамках дамоўленасцей у нафтагазавай сферы. У Беларусі гэтую схему называюць «ператаможкай». У рамках дамоўленасцей, дасягнутых у красавіку 2017 года, у беларускі бюджэт з РФ паступаюць экспартныя мыты нафты з аб'ёму 6 млн тон у год. Гэты аб'ём уяўляе сабой розніцу паміж дэ-юрэ ўзгодненым гадавым аб'ёмам пастаўкі нафты ў Беларусь на ўзроўні 24 млн тон у 2018 і 2019 гадах і фактычным імпартам для перапрацоўкі ў аб'ёме 18 млн тон у год. У выпадку зніжэння ў РФ экспартных мыт нафты паступленні ў беларускі бюджэт ад «ператаможкі» знізяцца.

У Расеі завяршаецца заканадаўчае зацвярджэнне падатковага манеўру ў нафтавай сферы. Экспартная мыта нафты будзе зніжацца з цяперашніх 30% на 5 працэнтных пунктаў у год на працягу шасці гадоў, пачынаючы з 2019 года. Адначасова будзе павышацца ПЗКВ нафты. Каб прадухіліць рост унутраных коштаў нафтапрадуктаў або ўзнікнення дэфіцыту, манеўр прадугледжвае кампенсацыйныя механізмы ў частцы акцызнай палітыкі.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках