8 снежня 2019, Нядзеля, 23:40
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Журналісты павінны стаць сцяной адзін за аднаго

14
Наталля Радзіна: Журналісты павінны стаць сцяной адзін за аднаго

Толькі так мы зможам выжыць.

Адной з прычынаў пераследу незалежных журналістаў і рэдакцый можа быць інфармацыя пра праблемы са здароўем у Лукашэнкі. Гэтага ў інтэрв'ю для «Радыё Рацыя» не выключае галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.

Нагадаем, у ноч на 30 ліпеня ў тэлеграм-канале «Незыгарь» з'явілася інфармацыя пра інсульт у Лукашэнкі. Гэта супала і з навіной пра тое, што не адбыўся запланаваны візіт беларускага кіраўніка ў Гомель. Але праз некалькі дзён Лукашэнка з'явіўся на экранах тэлевізараў, ягоная прэс-сакратарка аспрэчыла інфармацыю пра інсульт.

У сітуацыі пераследу і затрымання незалежных журналістаў Наталля Радзіна заклікае перш за ўсё да агульнай салідарнасці. Таксама журналістка мяркуе, што не варта спадзявацца на дапамогу Еўразвязу, які, на яе думку, цяпер паводзіць сябе цынічна ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

– Якія былі Вашы першыя думкі, як толькі даведаліся, што ў офіс tut.by і БелаПАН прыйшлі з ператрусамі, што іх ачапіў АМАП?

– Першыя эмоцыі – абурэнне, спачуванне, жаданне неяк дапамагчы. З свайго досведу ведаю, наколькі гэта цяжка, калі цябе арыштоўваюць, калі праводзяць ператрусы ў рэдакцыі, дома – гэта канечне вельмі непрыемна. Адразу было зразумела, што пачынаюць яшчэ больш закручваць гайкі, адбываецца чарговы наезд на незалежную журналістыку. Падобна на тое, што гэтым разам улады пастанавілі падпарадкаваць сабе абсалютна ўсіх.

Цяпер пераследуюць памяркоўныя медыя, бо ні tut.by, ні БелаПАН нельга назваць апазіцыйнымі. Датычна незалежнасці tut.by таксама ёсць вялікія пытанні, бо зразумела, што гэта буйны бізнэс, які да гэтага часу больш за 20 гадоў спакойна існаваў у варунках дыктатарскай краіны. Ягоных журналістаў ніколі не пераследавалі ў адрозненне ад супрацоўнікаў той самай «Хартыі-97», тэлеканала «Белсат», «Радыё Рацыя», незалежных газетаў, якія масава зачыняліся ў краіне.

Былі думкі, што пачынаецца поўная зачыстка інфармацыйнага поля Беларусі, якая доўжыцца ўжо 25 гадоў. Калі браць гэты год, то ён пачаўся якраз з блакавання сайта «Хартыя-97». Я тады папярэдзіла, што калі не будзе салідарнасці, як міжнароднай, так і ўнутры Беларусі, то гэтыя рэпрэсіі прадоўжацца. У прынцыпе, так і адбылося, паколькі былі прынятыя папраўкі ў закон аб СМІ, якія ўзмацнілі цэнзуру ў інтэрнэце, пачалі распачынацца крымінальныя справы супраць незалежных блогераў, сталі пераследаваць журналістаў «Белсата», «Радыё Рацыя», якія сёння вымушаныя працаваць з Польшчы. Цяпер мы бачым спробу знішчыць БелаПАН і tut.by.

– Выказваюцца розныя гіпотэзы датычна таго, што стала сапраўднай прычынай. Ёсць версія, што гэта інфармацыя пра нібыта інсульт Лукашэнкі магла паслужыць такой падставай. Блогер Яўген Ліпковіч выказаў меркаванне, што, магчыма, проста шукаюць крыніцы інфармацыі тых, хто ў дзяржаўных структурах падае інфармацыю журналістам. Як вы мяркуеце, што магло б быць на самай справе?

– На самай справе версія наконт інсульту мае права на жыццё. Відавочна, што ў Лукашэнкі былі сур'ёзныя праблемы са здароўем, і гэта мог быць інсульт ці ішэмічныя атакі.

Інфармацыя прасачылася, яна з'явілася ва ўсіх беларускіх, расейскіх, замежных медыя і выклікала рэакцыю сярод беларусаў. Вы ж бачылі, што людзі радаваліся гэтаму. Гэта значыць, шмат хто меркаваў, што вось, нарэшце спраўдзілася тое, чаго мы так даўно хацелі. Лукашэнка ж зусім не папулярны сёння ў народа, больш за тое, людзі яго ненавідзяць. Таму, вядома ж, гэта магло быць зваротнай рэакцыяй з боку рэжыму, каб паказаць, хто ў хаце ўсё яшчэ «гаспадар».

Пачаўся наезд непасрэдна на журналістаў, што звычайна і адбываецца. У першую чаргу пакутуюць людзі нашай прафесіі, напэўна, наступнымі пасля дэмакратычнай апазіцыі.

Могуць быць і нейкія іншыя варыянты. Мне здаецца, атака можа яшчэ быць звязаная з зачысткай інфармацыйнага поля Беларусі перад нейкай расейскай агрэсіяй – расейскай акупацыяй. Такі варыянт таксама нельга выключаць.

Можна па-рознаму ацэньваць ступень свабоды тых ці іншых беларускіх недзяржаўных медыя. Але ўсе медыя, да якіх прыходзяць з ператрусам затрымліваць журналістаў, яны ўсё ж такі прабеларускія медыя, яны стаяць на пазіцыях беларускай незалежнай дзяржавы.

Зачыстка інфармацыйнай прасторы вельмі выгодная Расеі, паколькі мы бачым, што беларусы сёння глядзяць расейскае тэлебачанне, слухаюць расейскія радыёстанцыі з расейскімі навінамі. Пасля блакавання сайта «Хартыя-97» адбыўся рэзкі пераход беларускіх карыстальнікаў у расейскі сегмент інтэрнэту. Цяпер пасля зачысткі пакінутых прабеларускіх недзяржаўных медыя, якія, напэўна, хочуць пераўтварыць у адну вялікую «БелТА», усё больш людзей, на жаль, будзе звяртацца за інфармацыяй да прапагандысцкіх расейскіх медыя.

– У апошнія гады Міністэрства замежных справаў Беларусі, Уладзімір Макей вельмі актыўна прасоўваюць інтарэсы Беларусі, у тым ліку ў Еўразвязе, каб наладзіць гэтыя стасункі. Гаворыцца, што гэта атрымліваецца, ёсць нейкае пацяпленне, нейкія запрашэнні ўжо паступаюць. Наколькі тут можна сказаць, што левая рука не ведае, што робіць правая? Цяпер мы бачым, што прадстаўнікі ЕЗ наведалі офіс БелаПАН, ЕЗ заклікаў выпусціць журналістаў. Хіба гэта не супярэчыць палітыцы нібыта наладжвання стасункаў з ЕЗ?

– Ды няма асабліва ніякай палітыкі наладжвання цёплых стасункаў. Калі заблакавалі сайт Charter97.org, то ў нашу падтрымку выступілі і ўрады краінаў ЕЗ, і найбуйнейшыя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Была прынятая рэзалюцыя Еўрапейскага парламента, у якой было патрабаванне неадкладна разблакаваць сайт, але гэта ніяк не падзейнічала на ўлады Беларусі. Пытанне ў іншым. Зразумела, што Макей ездзіць на Захад толькі з адной мэтай – каб атрымаць грошы Еўразвязу.

Еўразвяз у сваю чаргу пераследуе выключна гандлёва-эканамічныя мэты ў Беларусі. Мы бачым, што сёння Захад заплюшчвае вочы на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Далей ад заяваў і візітаў нічога не робіцца. Палітыкі, на жаль, ідуць на повадзе ў бізнэсмэнаў і самі ператварыліся ў коміваяжораў. Беларусь ім выгодная, каб абыходзіць санкцыі. Гэта беспрынцыповасць, цынізм, стратэгічная глупства і слепата.

– Вяртаючыся да таго, што цяпер адбываецца з незалежнымі медыя, у рэдакцыях, хоць прагназаваць і няўдзячная справа, але як будуць развівацца падзеі?

– Зразумела, што гэта не будзе 2010 год, калі нас усіх зачынілі ў турму і абвінавацілі паводле артыкула «Арганізацыя масавых беспарадкаў», якая мае на ўвазе да 15 гадоў пазбаўлення волі. Я думаю, што цяпер адбываецца пераўтварэнне ўсіх медыя ў адну вялікую «БелТА», для таго, каб яны не дазвалялі сабе ўжо зусім нічога, нават датычна смелых матэрыялаў на сацыяльныя тэмы. Хутчэй за ўсё, гэта спроба канчаткова прыструніць гэтыя медыя, а таксама спроба завербаваць журналістаў.

Ведаю з уласнага досведу, з досведу людзей, якіх арыштоўвалі ў 2010 годзе. Калі саджаюць журналіста, яго прымушаюць падпісваць паперу пра супрацоўніцтва шляхам шантажу, запалохвання. Успамінаю, як мне пагражалі. Кіраўнік турмы КДБ Арлоў проста казаў, што я выйду з турмы не раней, чым праз 5 гадоў, калі не напішу гэтую паперу і не буду даваць паказанні супраць палітыкаў. Пагражаў, што ў мяне не будзе дзяцей, што мая маці памрэ і мяне не дачакаецца. Было вельмі цяжка прыняць гэтую пастанову. Са слязьмі я адмовілася, бо жыць нават на волі з гэтым было б складана.

Нядаўна быў артыкул у «Вашынгтон Пост», дзе Віталь Зыблюк, былы рэдактар «Еўрарадыё», сказаў, што ў незалежных медыя Беларусі ёсць куратары з КДБ, з якімі рэдактары павінны сустракацца, размаўляць.

Гэта дзікунства, гэта наўпростая цэнзура. Гэта значыць, што медыя фактычна трымае пад кантролем КДБ, вызначае тэмы, якія могуць або не могуць быць. Гэта ж страшная рэч. Бо я пра гэта чула ад беларускіх рэдактараў у прыватных размовах ужо вельмі даўно, і не ведаю, чаму гэтую тэму не абмяркоўваюць сёння журналісты. Я разумею, што гэта небяспечна, але давайце гэта абмяркоўваць адкрыта. Не я адна буду гэта гаварыць або каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, які сказаў пра гэта яшчэ ў 2012 годзе, і на яго ўсё накінуліся, што гэта хлусня. Гэта праўда! І гэта сур'ёзная праблема.

– З якімі словамі Вы хацелі б звярнуцца да журналісцкай супольнасці?

– Нам усім патрэбная салідарнасць. Я памятаю досвед блакавання «Хартыі -97». Было шмат салідарнасці ад людзей, ад журналістаў. І дзякуй «Радыё Рацыя», што вы заўсёды з намі салідарныя. Але былі людзі, якія радаваліся, бо сышоў канкурэнт з рынку. Калі б журналісцкая супольнасць была больш салідарная, то ўлады пабаяліся б крануць наступны раз журналістаў. Таму сёння вельмі важна памятаць гэты досвед і стаць сцяной адзін за аднаго. Толькі так мы зможам выжыць.