29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ядзерны арсенал Расеі: брэша, але не кусае

6
Ядзерны арсенал Расеі: брэша, але не кусае

Крэмль апынуўся ў вельмі невыгодным становішчы.

На фоне страхаў насоўвання халоднай вайны «Фокс Ньюз» разгледзеў ядзерны арсенал Расеі і прыйшоў да высновы, што баяцца разбуральнай атакі ў ЗША няма падставаў.

Спецыялісты ў ядзернай зброі сцвярджаюць, што расейскі ядзерны арсенал строга абарончы – нават пры тым, што тэарэтычная магчымасць для першага ўдару ў Масквы ёсць, яна наўрад ці ёю скарыстаецца. Больш за тое, папераджальны ўдар ніякіх вынікаў не прынясе, сцвярджаюць эксперты.

«З так званай ядзернай трыяды ЗША больш спадзяюцца на элементы карабельнага базавання, а Расея – на сухапутныя», – паведаміў «Фокс Ньюз» Амар Ламрані (Omar Lamrani), старэйшы ваенны эксперт выведвальна-аналітычнай кампаніі «Стратфор». Паводле ягоных словаў, перавагу над Расеяй забяспечвае менавіта марская і паветраная частка трыяды – якая ахоплівае носьбіты наземнага, карабельнага і авіяцыйнага базавання – праз слабасць расейскіх узброеных сілаў.

«Іхні флот значна слабейшы, таму яны пераважна спадзяюцца на абарончую стратэгію, – кажа Ламрані. – Яна ў пэўным сэнсе згладжвае глыбінныя недахопы іх узброеных сілаў».

Бюджэт расейскіх узброеных сілаў складае толькі малую частку амерыканскай ваеннай машыны – 69,2 мільярда даляраў супраць 554,2 млрд. І хоць расейскія сухапутныя войскі маюць колькасную перавагу над амерыканскімі, флот і ВПС Расеі істотна слабейшыя, таму агульная перавага ўсё ж на баку ЗША.

На думку Ламрані, Расея дамагаецца новай дамовы пра стратэгічныя наступальныя ўзбраенні (СНУ), каб застацца ў гульні, прадоўжыць спаборніцтва з ЗША на роўных і замацаваць за сабой дыпламатычнае крэсла на сусветнай арэне. Дзейнае расейска-амерыканскае пагадненне з'яўляецца прадаўжэннем сваіх папярэднікаў. З моманту ратыфікацыі ў 2010 годзе яно ўжо некалькі разоў прадаўжалася. Дамова СНВ патрабуе скарачэння колькасці стратэгічных ядзерных боегаловак удвая. Акрамя таго, лік разгорнутых боегаловак не можа перавышаць 1 500.

Калі дамова перастане дзейнічаць, Расея не зможа нарошчваць свой арсенал і апынецца ў вельмі невыгодным становішчы, мяркуе аналітык.

«Не будзь ліміту на ядзерныя боегалоўкі, Расея нізавошта не дагнала б ЗША, – падкрэсліў Ламрані. – Новая ж дамова СНВ дазволіць ім гандлявацца».

Іншыя ж эксперты мяркуюць, што ў выпадку эскалацыі паміж ЗША і Расеяй утрымаць сітуацыю пад кантролем будзе вельмі няпроста.

«Пераможцаў не будзе, і ў гэтым сыходзіцца большасць аналітыкаў», – адзначыў Ханс Крыстэнсэн, дырэктар Праекту ядзернай інфармацыі пры Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў. «Варта сітуацыі выйсці з-пад кантролю, як мы тут жа абмяняемся ядзернымі ўдарамі. У абодва бакі паляцяць сотні боегаловак, – прадказаў ён, – адзначаць месцы ўдараў на мапе не хопіць крыжыкаў, разбурэнні будуць жахлівыя, а, акрамя таго, будуць суправаджальныя страты ад радыеактыўнага заражэння».

Крыстэнсэн таксама адзначыў, што параўнанне сучасных арсеналаў з ядзернай зброяй часоў халоднай вайны некарэктнае. «Нашы ўрады, кажучы пра памер сваіх арсеналаў, нярэдка параўноўваюць іх з тым, як ішлі справы ў халодную вайну, – кажа Крыстэнсэн. – Афіцыйныя асобы ЗША ведаюць адно: “цяпер у нас засталося менш за чатыры тысячы боегаловак, а так мала ў нас не было з часоў Эйзенхаўэра”».

«Так, гэта праўда – у халодную вайну наш арсенал быў большы, але сучасныя ўзбраенні не ў прыклад больш эфектыўныя за тагачасныя. Супастаўляць іх няправільна, таму што цяперашняя зброя значна больш разбуральная, чым у часы Эйзенхаўэра», – тлумачыць Крыстэнсэн.

Ён падкрэслівае, што агульнасусветная колькасць боегаловак усё роўна вырасла праз тое, што паўтузіна краін – Францыя, Кітай, Вялікая Брытанія, Ізраіль, Пакістан і Індыя – цягам другой паловы 20 стагоддзя бесперапынна нарошчвалі свае арсеналы. І калі ключавыя ўдзельнікі халоднай вайны свае ўзброеныя сілы скарацілі, шэраг іншых краінаў, накшталт Паўночнай Карэі, іх наадварот павялічылі. На думку Крыстэнсэна, найбуйнейшую ядзерную пагрозу ўяўляюць рэгіянальныя сцэнары накшталт канфлікту на Карэйскім паўвостраве або Індыя-Пакістан, куды, з усёй верагоднасцю, ублыталіся б і буйнейшыя ядзерныя дзяржавы.

«Няцяжка ўявіць сабе сцэнар, пры якім ЗША ўключаюцца ў ядзерны канфлікт не наўпрост, а праз рэгіянальны сцэнар, які патрабуе ўжывання ядзернай зброі» – адзначае Крыстэнсэн. А ўжо калі ўвяжуцца ЗША, то Кітай або Расея напэўна пастановяць прыйсці на дапамогу спаборніку.

Новая дамова СНУ мінае ў 2021 годзе. На думку Крыстэнсэна, галоўнае пытанне заключаецца ў тым, ці будзе яна падоўжаная яшчэ на пяць гадоў, ці не. Калі гэтага не адбудзецца, можа атрымацца спрэчка сусветнага маштабу.

«Калі СНВ дазволяць скончыцца, стратэгічныя сілы ЗША і Расеі будуць нічым не абмежаваныя ўпершыню з 1970-х гадоў. Гэта праблема вельмі сур'ёзная: стратэгічныя сілы валодаюць велізарнай моцай і пагражаюць абедзвюм краінам наўпрост. Зброя, абумоўленая ў Дамове пра ліквідацыі ракетаў сярэдняй і меншай далёкасці, такой пагрозы не ўяўляла праз меншы радыус дзеяння. Стратэгічная ж зброя пагражае цэлым рэгіёнам», – сказаў на заканчэнне Крыстэнсэн.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках