25 красавiка 2024, Чацвер, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У Баранавічах плацяць $ 20, а ў Лідзе – $ 11»

6
«У Баранавічах плацяць $ 20, а ў Лідзе – $ 11»

Чаму адрозніваецца памер матэрыяльнай дапамогі да навучальнага года.

Некаторыя сем'і, якія выхоўваюць трох і больш дзяцей, ужо атрымалі матэрыяльную дапамогу да навучальнага года. Як высветлілася, у розных раёнах Беларусі сумы адрозніваюцца, прычым у некаторых значна. «Жыву ў Лідзе, у нас матэрыяльная дапамога склала 22 рублі 55 капеек. А знаёмы, які жыве ў Маладзечне, атрымаў блізу 50 рублёў. Чаму такая розніца?» – пытаецца бацька шматдзетнага сямейства Ігар. Сайт tut.by разабраўся, чаму адным даюць менш, а іншым – больш.

Кожны год шматдзетныя бацькі атрымліваюць матэрыяльную дапамогу да новага навучальнага года на кожнага школьніка. Праўда, сума, якую ім выплачваюць, залежыць ад таго, дзе жыве сям'я.

– Чаму матэрыяльная дапамога да школы для шматдзетных ва ўсіх гарадах Беларусі розная? – цікавіцца бацька траіх дзяцей Ігар. – Жыву ў горадзе Лідзе, у нас матэрыяльная дапамога складае 22 рублі 55 капеек. Ведаю, што ў Маладзечне шматдзетныя атрымліваюць блізу 50 рублёў, а ў Баранавічах – 40. Нібыта ў адной краіне жывем, а ўмовы для ўсіх розныя.

Выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да навучальнага года сем'ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей прадугледжаная дзяржаўнай праграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады», зацверджанай пастановай Саўміна ад 14 сакавіка 2016 г. № 200. Грошы вылучаюцца на кожнае дзіця, якое навучаецца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі), памерам да 30 адсоткаў бюджэту пражыткавага мінімуму, які дзейнічае на 1 жніўня каляндарнага года.

Мы звярнуліся па адказ у Мінпрацы і сацабароны. Ва ўстанове патлумачылі, што Саўмін вызначае толькі столь сумы, якую шматдзетныя могуць атрымаць да навучальнага года ў якасці матэрыяльнай дапамогі.

– Грашовая дапамога да навучальнага года можа дасягаць памеру да 30 адсоткаў бюджэту пражыткавага мінімуму, – сказалі ў Мінпрацы. – Канкрэтныя сумы для кожнага раёна вызначаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы зыходзячы са сваіх матэрыяльных магчымасцяў, паколькі грошы для выплатаў вылучаюцца з бюджэту.

З 1 жніўня бюджэт пражыткавага мінімуму складае 213 рублёў 67 капеек. 30% ад сумы – гэта прыкладна 64 рублі. Значыць гэта максімум, які можна атрымаць на аднаго школьніка са шматдзетнай сям'і.

У Лідскім райвыканкаме невялікі памер матэрыяльнай дапамогі да навучальнага года патлумачылі тым, што раён у іх «вялікі і шматдзетных сем'яў шмат».

– На матэрыяльную дапамогу да навучальнага года сем'ям, якія выхоўваюць траіх і больш няпоўнагадовых дзяцей, вылучана 63 тысячы 900 рублёў, – прывялі лічбы ў Лідскім райвыканкаме. – У нас у раёне 3883 школьнікі са шматдзетных сем'яў. Гэта значыць, мы гэтую суму падзялілі на колькасць дзяцей. Таму столькі і атрымалася. Можа, дзесьці раён меншы, менш дзяцей, таму дапамога большая.

Чыноўнікі таксама адзначылі, што грошы, вылучаныя райвыканкамам, не адзіная дапамога, якую атрымліваюць шматдзетныя бацькі.

– Акрамя таго, што выканкам выдае грошы, многія бацькі атрымліваюць матдапамогу і на месцы працы. Яе плацяць, вядома, не ў 100% арганізацый і прадпрыемстваў. Але мы накіравалі лісты з просьбай дапамагчы ўсім, – падкрэслілі ў выканкаме. – Бывала, нават арганізацыі на двух школьнікаў сям'і, дзе трое дзяцей, вылучалі 350 рублёў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках