25 красавiка 2024, Чацвер, 13:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ад турмы ды ад сумы: калі і куды ўцякалі былыя прэзідэнты

4
Ад турмы ды ад сумы: калі і куды ўцякалі былыя прэзідэнты

Збеглыя палітыкі – дэпутаты, міністры і нават прэзідэнты – з'ява вельмі распаўсюджаная.

Пасля рэвалюцый – аранжавых, ружовых або цюльпанавых – няўдалыя кіраўнікі і іхняе блізкае кола нязменна накіроўваліся да мяжы, каб паспець пазбегнуць суда, паведамляе currenttime.tv.

Постсавецкія краіны – рэкардсмены ў колькасці спешна перасякалых мяжу кіраўнікоў дзяржаваў, якія страцілі ўладу. Можа быць, хіба што пасля Афрыкі.

Так, сучасная гісторыя Кыргызстана – таксама шмат у чым сага пра двух уцекачоў. Першым трэнд задаў Аскар Акаеў.

(ЗЛЕВА НАПРАВА) АСКАР АКАЕЎ З ЖОНКАЙ МАЙРАМ ДУЙШЭНАЎНАЙ, НУРСУЛТАН НАЗАРБАЕЎ І ІСЛАМ КАРЫМАЎ З ВЫШЫНІ АГЛЯДАЮЦЬ ПАНАРАМУ ГАРНАЛЫЖНАЙ БАЗЫ ЧЫМБУЛАК У КАЗАХСТАНЕ

Першы кіраўнік незалежнага Кыргызстана кіраваў 15 гадоў – з 1990 да 2005 года. І быў знесены "Цюльпанавай рэвалюцыяй". Навуковец – да таго, як узначаліў краіну пасля падзення СССР, ён кіраваў кіргізскай Акадэміяй навук – Акаеў пасля рэвалюцыі ўцёк у Маскву і стаў выкладаць у МДУ. Прычым у Расеі экс-прэзідэнту нават вылучылі дзяржаўнае лецішча на Рублёўцы. Аскар Акаеў спрабаваў быў аднойчы прыехаць на радзіму – у 2014-м, на пахаванне брата. Але ўжо ў аэрапорце скасаваў паездку – бо ў Бішкеку паабяцалі яго арыштаваць наўпрост на трапе.

Чалавек, які прыйшоў Акаеву на змену, шмат у чым паўтарыў ягоны шлях. Праўда, у адрозненне ад "Цюльпанавай", рэвалюцыя 2010 года не была бяскроўнай: падчас беспарадкаў загінулі 104 чалавекі. Прэзідэнт Бакіеў абраў іншы напрамак – усё ж такі жыць побач з Акаевым ва ўрадавым маёнтку было б дзіўна. Ды і Крэмль не спяшаўся прапаноўваць яму прытулак.

КУРМАНБЕК БАКІЕЎ

Дапамог іншы калега ў СНД – Аляксандр Лукашэнка. У выніку Курманбек Бакіеў пасяліўся ў Менску. Спярша выступаў з палітычнымі заявамі, называў новыя кіргізскія ўлады "бандай самазванцаў", але потым супакоіўся. Публічна не выступае. З палітыкай завязаў. І спакойна жыве з сям'ёй і беларускім пашпартам у доме пад Менскам.

Двойчы ўцякач з постсавецкай прасторы – Міхаіл Саакашвілі. Прэзідэнт Грузіі, які прыйшоў да ўлады на хвалі "Рэвалюцыі ружаў", да канца другога тэрміну страціў папулярнасць і чакана саступіў на выбарах.

МІХАІЛ СААКАШВІЛІ

Новыя ўлады амаль адразу ініцыявалі супраць яго некалькі крымінальных справаў, і Саакашвілі ўцёк ва Украіну, якая перажывала тады свой рэвалюцыйны год. Гуляў па Майдане, а пасля перамогі Пятра Парашэнкі на выбарах увайшоў у ягоную каманду і ўзначаліў Адэскую вобласць. Але вяртанне ў палітыку ў новай краіне было нядоўгім. Пасля сваркі з Парашэнкам Саакашвілі пазбаўляюць грамадзянства і выдаляюць з краіны – у Польшчу. Цяпер, пасля няўдалых спробаў вярнуцца, ён жыве ў Нідэрландах і запісвае відэазвароты да ўкраінскага народу.

Масавая серыя скідання і, як вынік, уцёкаў суправаджала "Арабскую вясну". Пракаціўшыся па свеце ў 2011 годзе, рэвалюцыі змялі цэлы аэрапаг кіраўнікоў. Напрыклад, туніскага лідара Бэн Алі.

"Язмінавы ўцякач" кіраваў краінай аж з 1987 года. Ён і сам прыйшоў да ўлады ў выніку палацавага перавароту. Але не вытрымаў напору натоўпу і паляцеў у Саудаўскую Аравію. На радзіме прысуджаны да пажыццёвага турэмнага зняволення за забойства дэманстрантаў падчас уціску паўстання. Жыве пад выдуманым імем і траціць $60 млн золатам, якія паспеў прыхапіць з сабой.

Найбольш яркі ў сусветнай гісторыі ўцякач і вяртальнік адначасова – Альберта Фухіморы. Прэзідэнт Перу, ён кіраваў у краіне ўсё 90-я гады, цяпер сядзіць у турме, але да гэтага паспеў даволі палётаць туды-сюды.

АЛЬБЕРТА ФУХІМОРЫ

Этнічны японец, ён запомніўся карупцыйнымі скандаламі і сувязямі з наркамафіяй. У 2000 годзе, пасля вестак пра сувязі з кланам Эскабара, Фухіморы пастанавіў проста не вяртацца ў Перу з саміту АТЭС і ўцёк у Японію, дзе і атрымаў палітычны прытулак. Але праз пяць гадоў чамусьці надумаў, што яму даравалі, вярнуўся на радзіму, у выніку чаго і апынуўся на нарах. Прычым даволі аператыўна. Паводле розных падлікаў, за час прэзідэнцтва Фухіморы вывеў з краіны да $ 1,5 млрд.

У Расеі ўцякалі ад кары і кармы ў асноўным фігуры меншыя. Дэпутаты. Напрыклад, эпатажны Аляксей Мітрафанаў пасля пазбаўлення імунітэту асталяваўся ў Харватыі.

Апошні ўцякач – пакуль яшчэ дзейны дэпутат Вадзім Белавусаў – ад граху далей з'ехаў у гэтым ліпені ў Ізраіль, не чакаючы заканчэння сесіі. Прычым прэтэнзіі да яго звязаныя з ягоным былым палітычным куратарам – экс-губернатарам Чэлябінскай вобласці Вадзімам Юрэвічам. Той, дарэчы, таксама ўцёк. У Лондан.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках