29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінцы сталі самымі актыўнымі пакупнікамі нерухомасці ў Польшчы

1
Украінцы сталі самымі актыўнымі пакупнікамі нерухомасці ў Польшчы

Украінцы абышлі немцаў і брытанцаў – ранейшых лідараў польскага рынку.

Украінцы апынуліся самымі актыўнымі сярод замежнікаў пакупнікамі польскай жылой нерухомасці. Тыя, хто абзаводзіцца кватэрамі ў Варшаве і Кракаве, альбо пераязджаюць сюды назусім, альбо спадзяюцца на стабільны прыбытак пры здачы жылля ў арэнду, альбо набываюць яго для дзяцей, якія вучацца ў Польшчы, піша часопіс Новы Час.

Тры мэты ўкраінцаў, якія набываюць кватэры ў Польшчы

35-гадовы Віктар Канавалаў у пачатку 2000-х паспеў пабудаваць крэатыўнае агенцтва Live. Потым гэты брэнд прадаў дорага міжнароднай IT-кампаніі Microsoft. "Для мяне, 22-гадовага, гэта было нешта, – апавядае ён цяпер. – Я працую з 14 гадоў і без стартавага капіталу".

Будучы студэнтам, Канавалаў стаў самым маладым мільянерам Украіны. У 2012-м ён прадаў сваю частку ў асноўным актыве і з'ехаў з сям'ёй у Польшчу. Там у яго нарадзілася дачка, і вось тады паўстала пытанне ўласнага жылля. Прадпрымальны ўкраінец развязаў яго больш чым паспяхова – набыў вялікую кватэру ў цэнтры Варшавы.

З 264 тыс. кв. м, што ў 2017-м скупілі замежнікі, 70 тыс. кв. м дасталася ўкраінцам. Такім чынам суайчыннікі Канавалава засунулі за пояс немцаў і брытанцаў – ранейшых лідараў польскага рынку.

Артур Кавальчук, мэнэджар у продажах у кампаніі PolHome, называе тры мэты, дзеля якіх украінцы актывізаваліся на рынку польскай нерухомасці. Першая – набываюць жыллё пад здачу ў арэнду, што прыносіць прыкладна 7-8% гадавых у адносінах да інвестыцый, а гэта даволі высокі адсотак як для краінаў Еўразвязу. Другая мэта – пераезд на часовае або сталае месца жыхарства.

"Трэцяя мэта – адносна новая, гэта набыццё нерухомасці для дзяцей, якія едуць вучыцца ў Польшчу", – заключае Кавальчук. І канстатуе: польскі рынак нерухомасці перажывае нябачаны ажыятаж.

Хатняя нестабільнасць

Карал Кепка з польскай Асацыяцыі дэвелапераў апавядае, што ўкраінцы сталі самымі буйнымі замежнымі пакупнікамі мясцовай нерухомасці. "Найбольш папулярнымі сярод замежнікаў з'яўляюцца Варшава, Кракаў і Уроцлаў, – тлумачыць ён. – Гэтыя гарады прапануюць шмат магчымасцяў – працоўныя месцы, адукацыя". Увогуле, усё тое, чаго так не хапае ўкраінцам дома.

Артур Бразілеўскі, заснавальнік кампаніі Homium, якая займаецца продажам нерухомасці ў Еўропе, называе яшчэ некалькі чыннікаў, якія стымулююць украінцаў да набыцця жылля ў Польшчы: гэта палітычная і эканамічная нестабільнасць ва Украіне і крохкасць нацыянальнай банкаўскай сістэмы. Дэпазітныя стаўкі растаюць. Грыўна дэвальвуе. У такія моманты жаданне ўкласціся ў нешта ўстойлівае, напрыклад у замежную нерухомасць, як ніколі высокае.

"Калі даляр штурмаваў адзнаку 33 грн, у нас мэнэджары проста не паспявалі браць слухаўку і адказваць на званкі", – успамінае Бразілеўскі люты 2015 года.

Лідарства Польшчы на рынку нерухомасці ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе

З украінцамі або без, польскі рынак нерухомасці на ўздыме. Катажына Куневіч, партнёрка польскай кансалтынгавай кампаніі на рынку нерухомасці REAS, апавядае, што з 2015 года рост продажаў кватэраў стаў сістэматычны. Ды і першая палова 2018-га пацвердзіла, што попыт на першасным рынку не слабее. У гэтым сегменце Польшча захоўвае лідарства ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Вось таму пацвярджэнне: за апошнія пяць гадоў у гэтай частцы свету ўзведзена 1,5 млн кватэраў, з іх амаль 800 тыс. (53%) – у Польшчы, прычым 6% з іх – у Варшаве. Такім чынам польская сталіца ператварылася ў найбуйнейшы рынак жылля ў рэгіёне.

Бразілеўскі, заснавальнік кампаніі Homium, прыводзіць лічбы, якія падаграваюць попыт на польскае жыллё сярод землякоў. Здача ў арэнду жылля прыносіць у сярэднім 7% гадавых ад сумы інвестыцыі. А падаражанне самога актыву на 3-5% у год робіць уклад у польскі навабуд мэтазгодным.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках