28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«I'll be back»: Праз 20 гадоў беларус сустрэўся з канадскай сям’ёй, якая яго прымала

«I'll be back»: Праз 20 гадоў беларус сустрэўся з канадскай сям’ёй, якая яго прымала
ЗЛЕВА НАПРАВА: БРАЯН АЛАРД, ЯГОНАЯ ДАЧКА ШАНТЭЛЬ, СЛАВА ДАЛГАНОЎСКІ І СІНДЗІ АЛАРД. ФОТА: BAYTODAY.CA

Беларус цяпер ужо жанаты і працуе тату-майстрам.

Славу Далганоўскаму было тады ўсяго 8 гадоў, але ён памятае сваю апошнюю дзіцячую паездку ў Норт-Бэй, нібы гэта было ўчора, піша канадскае выданне Bay Today.

«Паколькі я мастак, то маю зрокавую памяць, і памятаю многае, - кажа Слава. - Людзей, дамы, іншых чарнобыльскіх дзяцей. Я нават быў тут у рэстарацыі, і запомніў той смак».

Далганоўскі - адзін з тых беларускіх хлопцаў, якія прыязджалі ў Норт-Бэй паводле праграме «Дзеці Чарнобыля» ўлетку 1996-га, 1997-га і 1998 года.

Ён быў тут двойчы адзін, затым са сваім братам. І кожны раз яго прымала сям'я Алард.

Нягледзячы на тое, што з часу апошняга візіту прайшло 20 гадоў, Слава абяцаў вярнуцца. «Сказаў «I'll be back», зусім як Тэрмінатар», - успамінае Браян Алард.

Беларус цяпер ужо жанаты і працуе тату-майстрам у Бээр-Шеве, Ізраіль, недалёка ад Сектара Газа.

Сёння Далганоўскаму 28, але ён усё яшчэ памятае, як засмуціўся, дазнаўшыся, што больш не паедзе ў Канаду паводле гэтай праграмы. Аларды таксама былі засмучаныя.

«Нам сказалі, што 3 гады дастаткова для кожнага асобнага дзіцяці, і хоць мы гэтага зразумець не маглі, у іх былі свае аргументы», - кажа Браян.

На Славу ж тая пастанова адбілася значна больш сур'ёзна. Настолькі, што хлопчык на 6 месяцаў запаў у глыбокую дэпрэсію і ледзь не патрапіў праз яе ў лякарню.

«Калі мама сказала, што не змагу больш паехаць у Канаду, стаў вінаваціць сябе, што зрабіў там нешта дрэннае, - кажа ён. - Пад Новы год замест падарунка заўсёды прасіў пра такую паездку».

Некалькі гадоў Далганоўскі і Алард камунікавалі слаба, час ад часу пасылаючы адзін аднаму лісты. Але калі з'явіўся Skype, сувязь зноў аднавілася, а затым нарадзіўся план зноў вярнуцца ў Норт-Бэй.

ВУЛІЦА МЭЙН-СТРЫТ У ГОРАДЗЕ НОРТ-БЭЙ, КАНАДСКАЙ ПРАВІНЦЫІ АНТАРЫЁ. ФОТА: CCYYRREE, WIKIMEDIA.ORG

І ўз'яднанне адбылося, прычым для гэтага з Ванкувера прыехалі цяпер ужо дарослыя дзеці Сіндзі і Браяна Алард - дачка Шантэль і сын Шон.

Браян кажа, што калі ўбачыў Славу ў аэрапорце, расчуліўся. «Абдымкі былі даволі моцныя і вельмі доўгія», - ледзь стрымлівае слёзы ён, успамінаючы той момант.

Далганоўскі распавядае, што вяртанне ў Норт-Бэй для яго было нібы казачны сон.

«Усё жыццё марыў вярнуцца сюды, - тлумачыць беларус. - Думаю, гэта стала найлепшым падарункам: я зноў тут, усе жывыя, і я магу абняць іх і пацалаваць».

І хоць ўз'яднанне пасля такой доўгай разлукі стала такім асаблівым момантам, дзве сям'і спадзяюцца, што наступны прыезд Славы будзе ўжо не праз 20 гадоў.

Больш за тое, той прызнаецца: спадзяецца, што аднойчы знойдзе спосаб прывезці ў Канаду сваю дачку і жонку, каб застацца тут жыць на стала.

Слава кажа, што паміж ім і Алардамі ўзнікла моцная сувязь.

«Ёсць розніца паміж тым, як мы былі ў іншых краінах, і як мы былі тут, - працягвае ён, адзначаючы, што пасля Канады ездзіў паводле праграмы «Дзеці Чарнобыля» яшчэ ў Ірландыю ды Італію.

«Дзеці заўсёды адчуваюць, дзе ім сапраўды хочуць дапамагчы. Мы спыняліся ў дамах мільянераў, але ў гэтай сям'і было па-іншаму - тут усё ішло ад сэрца», - дадае Далганоўскі.

«Гэта была сапраўдная любоў. Я адчуваў, што яны любілі мяне, як сваё ўласнае дзіця», - рэзюмуе ён.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках