28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Крэмль у пройгрышнай пазіцыі»

«Крэмль у пройгрышнай пазіцыі»
Фота: AFP

Ці адкажа Расея за палітычны пераслед у Крыме?

Украіна падала новую міждзяржаўную скаргу ў Еўрапейскі суд у правах чалавека аб палітычным пераследзе ў Крыме. Раней падачу пазову анансаваў міністр юстыцыі Украіны Павел Пятрэнка. Ён адзначыў, што Мінюстыцыі адтэрмінавала гэты пазоў, разлічваючы на вызваленне ўкраінскіх палітвязняў дыпламатычным шляхам, але, на ягоную думку, з кожным днём гэтыя шанцы памяншаюцца, піша «Крым.Реалии».

Са слоў Паўла Пятрэнкі, сутнасць украінскага пазову звядзецца да таго, што «ў Расеі пераследуюць украінскіх грамадзян паводле нацыянальнай прыкметы і што да гэтых грамадзян не ўжываецца ніякіх элементаў правасуддзя».

Намеснік міністра юстыцыі Украіны, упаўнаважаны ў пытаннях ЕСПЧ Іван Лішчына тлумачыць, што дзяржаўны пазоў не выключае прыватныя скаргі.

- Да палітычных вязняў мы прылічваем тых, каго расейская крымінальная машына пераследуе не паводле крымінальных артыкулаў, а праз палітычную дзейнасць або выказванні. Мы ўключылі ў нашу падачу 71 чалавека, але гэта не канчатковая лічба. Інфармацыя пра іх была сабраная падчас нашага супрацоўніцтва з праваабаронцамі - у першую чаргу, з Украінскім Хельсінскім саюзам у правах чалавека, а таксама з пракуратурай Аўтаномнай Рэспублікі Крым і з Міністэрствам замежных спраў. Гэта тыя, пра каго мы сабралі дастаткова матэрыялаў, каб давесці, што гэтыя людзі належаць да катэгорыі палітычных вязняў Крамля. Мы прадаўжаем збор інфармацыі, да нас звяртаюцца усё новыя заяўнікі, так што мы рыхтуем дапаўненні. Мы не выступаем адвакатамі пацярпелых - кожны з іх можа падаць сваю скаргу ў Еўрапейскі суд у правах чалавека.

Іван Лішчына падкрэслівае, што сваім пазовам украінская дзяржава мае намер давесці наяўнасць сістэмнага падыходу расейскіх уладаў у парушэннях правоў чалавека паводле прыкмет палітычных дзеянняў, накіраваных на падтрымку Украіны і непрызнання анэксіі Крыму.

- Кожная гісторыя мае свае асаблівасці: хтосьці можа трываць катаванні гадамі, хтосьці ламаецца раней. Да кагосьці катаванні ўжываюцца актыўна, як да Мікалая Карпюка і Станіслава Клыха, цягам некалькіх месяцаў, а камусьці толькі пры затрыманні зламаюць руку. Акрамя таго, перасоўванне зняволенага за межы акупаванай тэрыторыі парушае Жэнеўскую канвенцыю. Я не гатовы сказаць, колькі з нашага спісу крымчукоў, але больш за 50% - гэта крымскія справы. Расея атрымала кантроль над невялікай тэрыторыяй, дзе іншадумства і любоў да Украіны больш часта выяўляецца, чым дзе-небудзь у гэтай краіне.

Юрыстка, экс-супрацоўніца Украінскага Хельсінскага саюза ў правах чалавека Надзея Волкава прапануе заставацца рэалістамі і не разлічваць на хуткае развязанне праблемы палітвязняў.

- У праваабаронцаў мала надзеі на дыпламатычнае развязаннне сітуацыі з палітвязнямі. Мы маніторым сітуацыю і разумеем, што нават калі прадстаўнікі ўрада робяць нейкія заявы - публічныя ці непублічныя - яны не заўсёды адлюстроўваюць рэальнасць. Довады ў пазове важкія, там ёсць бясспрэчныя сведчанні ўжывання катаванняў да грамадзян Украіны, незаконных затрыманняў, у некаторых выпадках - ненаданне медыцынскай дапамогі. Але мы павінны ўлічваць, што Еўрапейскі суд у правах чалавека вельмі доўга разглядае як міждзяржаўныя пазовы, так і індывідуальныя скаргі. Можа, палітычны ціск, палітычныя інтарэсы могуць адыгрываць вялікую ролю, але мы ўсё адно павінны рабіць усё залежнае ад нас і выкарыстоўваць усе даступныя інструменты.

Кіраўнік украінскага Цэнтра вайскова-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка канстатуе, што Крэмль абараняецца ад украінскіх пазоваў зацягваннем працэсу.

- Ёсць розныя выпадкі: часам разгляд спраў зацягваецца, а часам выкарыстоўваюць забароны ці забеспячальныя захады, якія Еўрапейскі суд сваёй пастановай можа прыняць за месяц-два-тры. Расеі даецца тэрмін, каб яна падала свае пярэчанні і выказала сваю пазіцыю па сутнасці пададзенага пазову. Расея ж карыстаецца гэтым для зацягвання: просіць адтэрмінаваць, даць больш часу, яшчэ паўгода, яшчэ год і гэтак далей. Часта суддзі прыслухоўваюцца і даюць гэты час. У Крамлі разумеюць, што іх пазіцыя ў справах паводле пазоваў Украіны - пройгрышная. Там усюды парушэнні правоў чалавека і асноўных свабодаў. Таму яны і спрабуюць зацягнуць разгляд справы. Так ці інакш, яны ўсё адно будуць з часам вымушаныя выконваць пастановы ЕСПЧ.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках