28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NYT: Расейская ўлада бярэ на мушку дзяцей

NYT: Расейская ўлада бярэ на мушку дзяцей
Фота: Tatyana Makeyeva/Reuters

Наступ расейскіх уладаў на моладзь узмацніўся з 2017 года.

У сераду сотні ўдзельнікаў «Маршу маці» прайшлі цэнтрам Масквы, пратэстуючы супраць росту колькасці арыштаў маладых расейцаў паводле абвінавачванняў у экстрэмізме праз паведамленні ў сацсетках. Са слоў пратэстоўцаў, ФСБ вядзе правакацыйную кампанію, завабліваючы моладзь у пасткі ў інтэрнэце. Такая тактыка многім нагадвае метады пачатку 1950-х гадоў, адзначае заходняя прэса. Наступ уладаў на моладзь узмацніўся з 2017 года, калі падлеткі сталі масава выходзіць на пратэсты, арганізаваныя Навальным.

«Улады Расеі завабліваюць маладых крытыкаў у пасткі ў інтэрнэце, заяўляюць пратэстоўцы» - такі загаловак артыкула ў The New York Times (пераклад - inopressa.ru).

«У сераду сотні дэманстрантаў прайшлі па цэнтру Масквы, пратэстуючы супраць росту колькасці арыштаў маладых расейцаў паводле абвінавачванняў у экстрэмізме праз рэпосты або захаваныя матэрыялы ў сацсетках», - паведамляюць журналісты Ніл Макфаркуар і Іван Нечэпурэнка.

Дэманстранты далучыліся да «Маршу маці». Яны асцерагаюцца, што не змогуць абараніць сваіх дзяцей-падлеткаў ад таго, што некаторыя ўважаюць шырокай правакацыйнай кампаніяй ФСБ у сеціве. Многім прысутным правакацыя ў дачыненні да падлеткаў нагадвае метады пачатку 1950-х.

«Існуе агульны курс на ўзмацненне рэпрэсій, падаўленне ўсякай грамадзянскай і палітычнай дзейнасці ў краіне», - сказаў адзін з удзельнікаў акцыі. «Многія дэманстранты прынеслі мяккія цацкі ў выглядзе жывёлін, асабліва аднарогаў, каб пазначыць, што іх марш прысвечаны абароне дзяцей», - тлумачаць аўтары артыкула.

«Удзельнікі ішлі паасобку, не выкарыстоўвалі плакаты і збольшага ўстрымліваліся ад скандаванняў, каб прадухіліць спробы паліцыі абвінаваціць іх ва ўдзеле ў незаконнай дэманстрацыі. На гэты раз паліцыя трымалася ў баку і не спрабавала сарваць пратэст», - паведамляюць журналісты.

Падставай для дэманстрацыі стаў арышт у сакавіку дзвюх дзяўчат з Масквы, 18-гадовай Ганны Паўлікавай і 19-гадовай Марыі Дубовік паводле абвінавачвання ў экстрэмізме. «Згодна з абвінавачваннем, дзяўчынкі ўваходзілі ў невялікую ячэйку, якая планавала зрынуць урад. Арыштаваныя таксама восем мужчын. Іх бацькі і адвакаты абвінавачваюць улады ў фабрыкацыі справы такім чынам, каб дзяўчаты сталі парушальніцамі закона аб экстрэмізме», - пішуць Макфаркуар і Нечэпурэнка. На думку адвакатаў і іх сямейнікаў, загадкавы сведка, які даў паказанні на чальцоў групы «Новая веліч», - гэта агент ФСБ.

За некалькі гадзін да маршу чыноўнікі звярнуліся ў суд з просьбай змясціць дзяўчынак пад хатні арышт. Аднак многія ўдзельнікі назвалі гэты крок хітрасцю, закліканай прымусіць іх застацца дома.

Са слоў праваабаронцаў, наступ на падлеткаў сур'ёзна пачаўся ў 2017 годзе, калі моладзь стала масава выходзіць на пратэсты, арганізаваныя Навальным. «Як толькі кагосьці арыштоўваюць паводле такіх абвінавачванняў, ягонае імя з'яўляецца ў нацыянальным рэестры экстрэмістаў і тэрарыстаў, што, фактычна, разбурае яму жыццё. Часта ён не можа наймацца на працу, атрымліваць крэдыты або мець свабодны доступ да банкаўскіх рахункаў», - адзначаюць аўтары артыкула.

«Яны хочуць запалохаць моладзь, вось і ўсё», - прыводзіць выданне меркаванне ўдзельніцы маршу Юліі Несцеравай.

У Маскве на акцыю ў падтрымку вызвалення 18-гадовай Ганны Паўлікавай і 19-гадовай Марыі Дубовік, затрыманых паводле абвінавачвання ў экстрэмізме, выйшлі на вуліцы сотні чалавек, паведамляе карэспандэнт нямецкага выдання Der Standard.

Удзельнікі акцыі патрабавалі замяніць арышт дзяўчат у ізалятары на хатні арышт, гаворыцца ў артыкуле.

«Расейскія ўлады абвінавачваюць дзяўчат і іншых падазраваных у тым, што яны нібыта бралі ўдзел у дзейнасці «экстрэмісцкай арганізацыі» - у момант затрымання падазраваным было ад 17 да 30 гадоў. У выпадку вынясення абвінаваўчага прысуду ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі», - паведамляе выданне.

«Я шакаваная тым, што ўлада дацягнулася сваімі бруднымі лапамі ўжо і да дзяцей», - цытуе Der Standard 48-гадовую ўдзельніцу дэманстрацыі.

Як паведамляюць адвакаты дзяўчат, якія знаходзяцца ў ізалятары, стан іх здароўя прыкметна пагоршыўся: Ганна Паўлікава пакутуе ад панічных нападаў, запаленняў і частковай страты слыху, а ў Марыі Дубовік дыягнаставаная пухліна, піша выданне.

«Апошнім часам маладзёны ў Расеі ўсё часцей абвінавачваюцца паводле артыкула «экстрэмізм». Пры гэтым улада бярэ на мушку, перш за ўсё, выказванні ў сацсетках», - гаворыцца ў высновах.

«Сотні расейцаў, нягледзячы на навальніцу і магчымы арышт, узялі ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу супраць турэмнага зняволення групы маладых анархістаў, што выклікала вострую рэакцыю», - піша Independent.

«Анархісты, якія звалі сябе «Новая веліч», згодна з абвінавачваннямі, планавалі гвалтоўнае зрынанне расейскай сістэмы. Але падрабязнасці справы невядомыя», - гаворыцца ў артыкуле.

«На сустрэчах у mcdonald's група, як мяркуецца, вызначыла правесці рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі і распаўсюджванне ўлётак. Паліцыя арыштавала 10 чальцоў групы ў сакавіку», - піша выданне.

Чальцоў групы абвінавачваюць у тым, што яны навучаліся карыстацца зброяй. Аднак галоўныя крыніцы гэтай інфармацыі - супрацоўнікі службаў бяспекі, якія праніклі ў іх сетку. Прынамсі, адзін з іх адыгрываў важную ролю ў кіраванні дзейнасцю групы, адзначае выданне.

Журналістка Ганна Нарынская, адна з арганізатарак пратэсту, сказала Independent, што ў мітынгу дзве мэты: прыцягнуць увагу да «несправядлівасці» гэтай справы і запатрабаваць адпусціць двух самых малодшых чальцоў групы, якія маюць праблемы са здароўем.

Пастанова аб лёсе дзяўчат праясніцца ў чацвер, на ранішнім пасяджэнні маскоўскага Дарагамілаўскага суда, гаворыцца ў артыкуле.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках