29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску развіталіся з народным артыстам Беларусі Мікалаем Кірычэнкам

2
У Менску развіталіся з народным артыстам Беларусі Мікалаем Кірычэнкам
МІКАЛАЙ КІРЫЧЭНКА

У канцы паніхіды на сцэну падняўся паэт Уладзімір Някляеў.

Ягайла ў спектаклі «Князь Вітаўт», Берыя ў фільме «У жніўні 44-га...», баярын у «Анастасіі Слуцкай». У тэатры і кіно, народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка сыграў больш за 90 роляў. Сёння калегі і прыхільнікі развіталіся з акторам у Купалаўскім тэатры, піша tut.by.

— Першы раз убачыла [яго] ў ролі Ягайлы даўным-даўно... Ён быў надзвычай выдатны. А яго маўчанне ў спектаклі «Маэстра» было гучнейшым за ўсялякія словы, — так Мікалая Кірычэнку ўспамінаюць на форумах ягоныя прыхільнікі.

Мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін распавёў, што аб цяжкай хваробе артыста было вядома даўно, але ён да апошняга выходзіў на сцэну.

— Ён цяжка хварэў, усе гэта ведаюць цудоўна. Але з такой цяжкой хваробай ён іграў і ў чэрвені, і ў ліпені. Бегаў са складаных медыцынскіх працэдураў сюды, на сцэну. Казаў: «Я — камсамолец». Ён служыў тэатру. Тэатр быў для яго не проста месцам працы. Ён згаджаўся на любыя ролі - вялікія, маленькія. Толькі працаваць. Абы працаваць.

Акцёр Купалаўскага тэатра Віктар Манаеў яшчэ нядаўна граў з Мікалаем Кірычэнкам у спектаклі «Школа падаткаплацельшчыкаў». Ён ведаў, што яго калега адчувае моцны боль, але, кажа, не заўважаў яго, хоць знаходзіўся даслоўна за некалькі сантыметраў. І тым больш, Мікалай Кірычэнка не паказваў боль гледачам.

— «Шмат якімі пакутамі належыць увайсці нам у Царства Нябеснае», — так сказана ў Новым Запавеце. Сапраўды, як сказаў адзін паэт, «тело нам дано для боли, а душа — для совершенства». Пэўна, надышоў час, саспела душа, гатовая да сустрэчы са сваім стваральнікам. А без уласных пакут, уласных галгоф не можа быць шляху на Нябёсы. Такіх пакут, галгоф у жыцці Мікалая Міхайлавіча было вельмі шмат.

Яго можна было назваць нервам тэатра. <…> Іншым разам казаў яму: «Мікалай, трэба крышачку спакойней». А ён не мог спакайней. <…> Мы ігралі з ім яшчэ ў ліпені ў «Школе падаткаплацельшчыкаў». З жахлівым болем, пад абязбольвальнымі сродкамі, ён выходзіў на сцэну. Знаходзячыся за колькі сантыметраў ад яго, я не мог заўважыць тыя пакуты, што ён перажываў. Не кажучы пра гледачоў. Наадварот, ад яго сыходзіла іскрамётнасць, імправізацыі. Здавался, хваробы не існуе, а яна была.

Аліне — 20 з невялікім гадоў. Працуе ў PR-агенцтве, «трымае сувязі з грамадскасцю». З Мікалаем Кірычэнкам яна не была знаёмая асабіста, толькі «некалькі раз віталіся ў кавярні «Уршуля». Сёння яна сядзела ў зале Купалаўскага і плакала. Моцна.

— Ён быў чалавекам, які адкрыў для мяне Купалаўскі тэатр. У дзяцінстве бацькі прывялі мяне на спектакль, і самае яркае ўражанне я атрымала менавіта ад Мікалая Міхайлавіча. Яшчэ падумала: «Нічога сабе, якія тут цікавыя людзі працуюць». Хоць слова «цікавы» не вельмі правільна яго характарызуе. Я чытала ягоныя інтэрв'ю, шмат чула пра яго і думала: «Які гэта чалавек!» Ён быў прыкладам таленту, які хацелася б бачыць на беларускай сцэне. Я ўсё думала, будзе магчымасць з ім блізка пагутарыць. На жаль, не будзе.

Развітацца з народным артыстам прыехаў і кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка. Ён распавёў, што дзякуючы Мікалаю Кірычэнку паўстаў тэатральны форум «Тэарт» (праводзіцца дзякуючы падтрымцы банка).

— Мікалая Кірычэнку я нядрэнна ведаў не толькі як артыста, але і як чалавека. Калі б не ён, не было б і Белгазпрамбанка з «Тэартам». Першымі, хто нас прывёў у тэатр, былі Раеўскі і Кірычэнка. Калі б не было іх, калі б яны не былі настолькі адданых тэатру, жылі ім і ўмелі перадаваць сваю любоў захопленасць іншым, неабходнасці працаваць у гэтым кірунку не ўзнікла б.

Я не магу назваць яго сваім сябрам, але размаўлялі мы сапраўды шмат. Гэта быў надзіва шчодры чалавек, які дорыць свае ўменні, талент ня толькі гледачам, але і студэнтам. Было звыш цікава глядзець, як ён выпускаў сваіх студэнтаў на сцэну, як перажываў. Казаў: «Лепш граць самому, чым глядзець, як граюць твае студэнты».

«Сумна гэта — прыходзіць сюды за такімі нядобрымі навінамі. Лепш бы мы сустрэліся на якой-небудзь добрай прэм'еры», — кажа тэатральны крытык Таццяна Арлова. З Мікалаем Кірычэнкам яна знаёмая з 1970-х гадоў. Ён вучыўся на апошнім курсе яе бацькі — Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова.

— Так атрымалася, што бацька памёр ад той жа хваробы, з-за якой пайшоў Мікола. Наогул, у іх лёсе было шмат падобнага. Калі выпускаўся курс, бацька ўжо ляжаў у шпіталі. Ён перажываў, што не можа давесці сваіх студэнтаў да канца. І тады трое людзей, у тым ліку Мікола Кірычэнка, узялі на сябе ўсе абавязкі для падрыхтоўкі дыпломных спектакляў. Праз мяне бацька перадаваў распараджэнні Міколу.

А Мікола іх ажыццяўляў, казаў, што зрабілі, якія пры гэтым узніклі праблемы — усю гэтую інфармацыю я несла назад бацьку. Напэўна, тады ўпершыню праявіліся яго добрыя арганізатарскія здольнасці, якія потым спатрэбіліся, калі ён стаў дырэктарам Купалаўскага тэатра. Ён быў вельмі ўдумлівым студэнтам, усё спасцігаў сваім розумам. Бацька яго любіў.

Таццяна Арлова успамінае: тыдзень таму Мікалай Кірычэнка патэлефанаваў ёй і ўпершыню ў жыцці павіншаваў з днём нараджэння.

— Мы хоць і сябравалі, але ў нас не было агульных кампаній. Хоць усе адзін пра аднаго ведалі. Тыдзень таму ён мне патэлефанаваў і сказаў: «Шкада, што не здолеў павіншаваць цябе з днём нараджэння. Доўга шукаў твае кантакты». «Ты ж мяне ніколі ў жыцці не віншаваў», — адказала я. — «Цяпер штосьці захацелася».

І мы, напэўна, гадзіну размаўлялі. Успаміналі маладосць, смяяліся. Напэўна, толькі пазаўчора я зразумела, што ён развітваўся. Вось так развітаўся. Мікалай быў чалавекам таленавітым, дзейным. З таго апошняга пакалення, для якога тэатр — гэта не праца, а жыццё.

Студэнтка апошняга выпуску Мікалая Кірычэнкі распавяла, што для многіх ён быў бацькам.

— Калі мы паступалі, так баяліся Мікалая Міхайлавіча. Потым ён прыйшоў на першы-другі занятак, дастаў свой сшытачак, дзе былі напісаныя нашы прозвішчы, імёны і імёны бацькоў. Так склалася на курсе, што многія былі без бацькоў. Ён падняў вочы, сумна ўсміхнуўся і сказаў: «Што ж, давядзецца быць вашым татам». І ён быў. З кожным годам мы разумелі, што гэта напраўду вельмі ранімы, наіўны, добры чалавек, з прыгожай усмешкай, глыбокімі вачыма. Ён навучыў нас быць найперш людзьмі. Ён вучыў быць сям'ёй, плыць у адной лодцы, выкладвацца на сцэне і заўсёды, што б ні здарылася, заставацца чалавекам. Ён наш тата. Дзякуй, тата.

Выпускнік гэтага ж курса Мікалай Варабей таксама адзначыў: для Мікалая Кірычэнкі было важна выхаваць не толькі добрых актораў, але і добрых людзей.

— Ёсць геніяльныя акторы, але не ўсе могуць стаць геніяльнымі настаўнікамі, якія б дзяліліся сваімі досведам, талентам. Мікалай Міхайлавіч на сто адсоткаў умеў гэта рабіць. Умеў растлумачыць, падтрымаць. Для яго было важна, каб актор быў яшчэ і вельмі добрым чалавекам.

— Памятаеце ваш першае занятак?

— Памятаю, як мы прыйшлі, селі ў паўкола, распавядалі гісторыі пра сябе, смяяліся. Гэта было нязмушана, весела. З ім заўсёды было лёгка, па-сямейнаму. Сёння мы ўжо гэта абмяркоўвалі — ён сапраўды як шматдзетны бацька. Але пры гэтым яго заўсёды паважалі. І любілі. Ён моцна падтрымліваў не толькі ў вучобе, але і ў жыцці.

У канцы паніхіды на сцэну падняўся паэт Уладзімір Някляеў.

— Апошні раз я сустрэўся з ім у паліклініцы. Такое вось месца сустрэч для нашага пакалення. Ён мне расказаў, што з ім адбываецца. «А што ты яшчэ хацеў бы напісаць?» — пацікавіўся ён. І я адказаў: «Даўно была такая мара, яшчэ з часоў, калі тут, у Купалаўскім, арганізоўваліся сустрэчы з Куляшовым, Панчанкам, Танкам, правесці такую вечарыну ў тэатры». І ён так загарэўся: «Давай я пагавару з Міколам Пінігіным. Я ведаю, што прачытаю са сцэны». І прачытаў верш з маёй кнігі. Мы нявольныя ў тым, што з’яўляемся на гэтым свеце і што з яго сыходзім. Але мы вольныя ў тым, каб у гэтым маланкавым прамежку паміж нашым прыходам і сыходам пражыць тое, што называецца жыццём, годна. Мікола, ты пражыў гэтае жыццё годна.

Мікалай Кірычэнка памёр 14 жніўня. Развітваліся з ім на сцэне Купалаўскага тэатра — там, дзе ён пражыў амаль 50 гадоў. Сёння сюды прыйшлі сотні людзей — ягоныя калегі, сябры і прыхільнікі.

У астатні шлях Мікалая Кірычэнку праводзілі пад апошнія гучныя воплескі. Пахавалі народнага артыста на Маскоўскіх могілках.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках