27 чэрвеня 2019, Чацвер, 4:07
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Foreign Affairs: Чаму рэйтынгі Пуціна значна ўпалі

4
УЛАДЗІМІР ПУЦІН
ФОТА: GETTY IMAGES

Значнае падзенне ўзроўню ўхвалы гаспадара Крамля паказвае, што ён не такі ўжо непахісны.

Апошнія месяцы падвышанае расчараванне грамадства ўнутранай палітыкай прывяло да значнага спаду папулярнасці Пуціна. Для расейскага палітычнага класа гэта знак таго, што рэйтынгі Пуціна перасталі быць непахіснымі, і гэта можа мець рэальныя наступствы для яго наступнага тэрміну і патэнцыйнай барацьбы за спадчыну ўлады, піша ў артыкуле для Foreign Affairs, (пераклад - inopressa.ru) Андрэй Калеснікаў, кіраўнік праграмы "Расейская ўнутраная палітыка" Маскоўскага цэнтра Карнэгі.

Галоўная прычына спаду - прапанова падвысіць пенсійны ўзрост. Улады імкнуліся змякчыць магчымую незадаволенасць і абараніць папулярнасць Пуціна, але яны недаацанілі ступень адчувальнасці гэтага пытання і сутыкнуліся з жорсткім супрацівам з боку розных сацыяльных і ўзроставых груп.

"Прычына грамадскага абурэння ў тым, што гэтая прапанова парушае няпісаную расейскую сацыяльную дамову, згодна з якой урад ахоўвае так званую стабільнасць, падтрымлівае сярэднія сацыяльныя выгоды і заахвочвае пачуццё нацыянальнага гонару ў абмен на палітычную падтрымку з боку грамадства і абыякавасць да росквіту карупцыі наверсе палітычнай піраміды.

Паколькі дзяржава доўгія гады выхоўвала ўтрыманскія настроі сярод расейскай грамадскасці, нядзіўна, што большасць уважае за абавязак дзяржавы падтрымліваць сістэму сацыяльнага забеспячэння ў існым стане", - піша Калеснікаў.

Але гэта толькі адзін чыннік, адзначае аўтар артыкула. "Паспяховая замежнапалітычная позва Пуціна ўжо пачынае страчваць сваю здольнасць прыносіць падтрымку грамадства насуперак росту ўнутранай незадаволенасці", - паказвае аналітык.

"Пакуль што расейскім паліттэхнолагам яшчэ трэба будзе абнавіць свой набор інструментаў для мабілізацыі мас у адказ на паніжэнне папулярнасці Пуціна. Магчыма, яны прадоўжаць падаваць яго як змагара слаўнай гісторыі Расеі, Расейскай праваслаўнай царквы, спартыўных перамог, амбіцыйных будаўнічых праектаў і вайсковай сілы. Але гэтыя метады ўжо не настолькі эфектыўныя, як раней», - мяркуе аўтар.

Ён не выключае, што рэйтынг Пуціна стабілізуецца на ўзроўні больш нізкім, але ўстойлівым. Гэта не фатальна: яго папярэднік Барыс Ельцын утрымліваў уладу практычна без грамадскай падтрымкі. "Тым не менш, калі рэйтынгі Пуціна будуць заставацца нізкімі, Крэмль, хутчэй за ўсё, паспрабуе зладзіць нейкае прадстаўленне, каб адцягнуць увагу ад шматлікіх сацыяльных праблем Расеі", - мяркуе экспэрт.

Крэмль можа папрацаваць з эфектнымі замежнапалітычнымі жэстамі, але тыя страцілі сваю сілу. Ліпеньскае апытанне "Левада-цэнтра" паказала значны рост станоўчага стаўлення да Захаду пасля чэмпіянату свету ў футболе. Іншы спосаб адцягнуць увагу - прадоўжыць цунамі арыштаў меркаваных шпіёнаў і здраднікаў, ад Карыны Цуркан з "Інтэр РАО" да 74-гадовага навукоўца Віктара Кудраўцава. Чым абсурднейшыя гэтыя справы, тым больш эфектыўнае адцягненне ўвагі ад сацыяльных праблем, гаворыцца ў артыкуле.

У тэорыі Пуцін абавязаны, адпаведна расейскай канстытуцыі, пакінуць пасаду прэзідэнта ў 2024 годзе, а зніжаная грамадская падтрымка можа павялічыць імавернасць з'яўлення пераемніка. "Аднак Пуцін будзе адчуваць сябе спакойна, толькі калі пераемнік будзе такім, якім быў ён сам для Ельцына", - піша аўтар. Пуцін быў абраны галоўным чынам для таго, каб гарантаваць бяспеку Ельцыну, ягонай сям'і і палітычным паплечнікам.

"Калі Пуцін не зможа забяспечыць сабе такога пераемніка-абаронцу, то, магчыма, ён знойдзе спосаб застацца ва ўладзе ў 2024 годзе, магчыма, шляхам унясення паправак у канстытуцыю Расеі. Але гэта толькі ўзмоцніць прагу палітычных і сацыяльных пераменаў у расейскім грамадстве", - мяркуе аўтар.

"Пакуль што значнае падзенне ўзроўню ўхвалення Пуціна паказвае, што ён не такі ўжо непахісны ў палітычным плане, як меркавала раней. Каб выправіць сітуацыю, яму і ягоным крамлёўскім паліттэхнолагам давядзецца пахадайнічаць", - рэзюмуе Калеснікаў.