29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польшча становіцца мекай для працоўных мігрантаў

1
Польшча становіцца мекай для працоўных мігрантаў

Нашая заходняя суседка востра мае патрэбу ў рабочых руках.

Польшча не згаджаецца на ўвядзенне прымусовых квот на прыняцце ўцекачоў і так званых сацыяльных імігрантаў, аднак, усё часцей гаворыцца пра тое, што Польшча становіцца мекай для працоўных мігрантаў. У 2017 годзе было выдадзена 234 тысяч дазволаў на працаўладкаванне замежнікаў у Польшчы, а гэта амаль удвая больш, чым у 2016 годзе. Больш за ўсё ахвотных паехаць на працу ў Польшчу, сярод грамадзян Украіны, Беларусі, В'етнама і Узбекістана. Хоць назіраецца і новая з'ява на міграцыйным рынку працы: усё больш працоўных мігрантаў больш актыўна шукаюць працадаўцаў у іншых краінах Еўразвязу, напрыклад, у Чэхіі, Славакіі, краінах Балтыкі, дзе аплата працы вышэйшая, чым у Польшчы.

Пра сітуацыю з замежнымі работнікамі, іх правамі і праблемамі, а таксама пра іх становішча на польскім рынку Польскае Радыё размаўляла з Марцінам Навацкім са Звязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў.

- Ці сапраўды Польшчы так патрэбныя працоўныя мігранты?

- Так, працоўная міграцыя сапраўды патрэбная Польшчы. Яшчэ ў 2016 годзе мы палічылі і паведамілі у нашай справаздачы «Польская дэмаграфічная катастрофа», што да 2050 году насельніцтва Польшчы складзе толькі 34 мільёны чалавек і амаль 11% з іх - гэта пенсіянеры. Таму, калі мы хочам захаваць росквіт, эканамічную структуру і фінансавыя пенсіі, мы павінны прыняць эканамічных мігрантаў.

- Чым абгрунтавана тэндэнцыя, што ўсё больш працоўных мігрантаў выбіраюць ужо не Польшчу, а іншыя краіны, напрыклад Нямеччыну? Ці азначае гэта, што польскі рынак ужо нецікавы і неканкурэнтаздольны?

- У мяне ёсць звесткі за першы квартал гэтага года датычна колькасці вакансій на польскім рынку працы: іх было 152 тысячы. Але ў Нямеччыне за той жа перыяд колькасць вакансій склала 1 180 000 вакансій. Розніца ў лічбах відавочная, і мы бачым, што канкурэнцыя ў Еўропе на гэтым рынку велізарная. Мы шукаем працаўнікоў, Нямеччына таксама шукае рабочыя рукі. Мы павінны неяк рэагаваць на гэта.

- Існуе меркаванне, быццам працоўныя мігранты, прыязджаючы ў Польшчу, «адбіраюць» працоўныя месцы ў саміх палякаў, што непазбежна вядзе да росту ўзроўню беспрацоўя ў краіне. Ці так гэта?

- Гэта было б абгрунтаваным сцвярджэннем у сітуацыі вельмі значнага і інтэнсіўнага наплыву працоўных мігрантаў. Але давайце ўспомнім сітуацыю даволі інтэнсіўнага прытоку мігрантаў з Украіны ў перыяд пачатку ваеннага канфлікту. Гэта павінна было негатыўна паўплываць на ўзровень беспрацоўя ў Польшчы, аднак гэтага не адбылося. Больш таго, лічбы кажуць адваротнае: чым больш мы прымае працоўных мігрантаў, тым ніжэйшы узровень беспрацоўя. Нагадаю, што ў гэтым годзе зафіксаваны самы нізкі паказчык узроўню беспрацоўя за апошнія 28 гадоў.

- Польская эканоміка вельмі залежыць ад кан'юнктуры на сусветным рынку, гэта відавочна. Сёння назіраецца прыкметнае развіццё польскай эканомікі, расце ВУП і г. д. Як зменіцца сітуацыя працоўных мігрантаў у Польшчы, калі эканоміка краіны пахіснецца?

- Калі ў Польшчы не будзе працы, не будзе магчымасці зарабіць, то людзі проста перастануць прыязджаць, прынамсі такімі тэмпамі і маштабамі, і, вядома, паедуць туды, дзе праца ёсць, вось і ўсё. Аднак, я не думаю, што для Польшчы гэта стане вялікім узрушэннем, ды і значных непрадказальных скачкоў у эканоміцы пакуль не чакаецца.

Паводле даследаванняў, цяпер 39 % малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Польшчы даюць працу іншаземцам з краін, якія не ўваходзяць у Еўрапейскі Звяз. Цікава, што лідарам у працаўладкаванні замежнікаў не з'яўляюцца вялікія міжнародныя карпарацыі і фірмы, а менавіта малы і сярэдні бізнэс. Калі паглядзець звесткі асобных галін, то найвышэйшы адсотак замежнікаў задзейнічаны ў прадпрыемствах у сферы будаўніцтва - 53%, 35% - у сферы паслуг, 48% - у прамысловасці і 38% у гандлі.

Што да аплаты працы, то тыя ж даследаванні паказваюць, што 40% польскіх прадпрыемстваў плацяць аднолькавыя заробкі палякам і супрацоўнікам-замежнікам, 10% - што замежнікі ў іх фірмах атрымліваюць большае ўзнагароджанне, і чвэрць прызнае, што плаціць замежнікам менш, чым сваім суграмадзянам.

- Польскае права аб працаўладкаванні замежных грамадзян увесь час змяняецца, чымсьці аблягчае знаходжанне працоўных мігрантаў, а ў нейкіх аспектах, наадварот, з'яўляюцца новыя складанасці. Як сёння ідзе справа з выкананнем правоў замежнікаў, якія працуюць у Польшчы?

- Калі мы забяспечваем работніку выкананне прававых і, вядома, сацыяльных нормаў, агульначалавечых нормаў, то чаму працоўны мігрант дагэтуль знаходзіцца ў наўпроставай залежнасці ад свайго працадаўцы і не можа проста змяніць месца працы? Калі мы даем яму дазвол працаваць у Польшчы, то давайце і дамо яму магчымасць выбіраць, у каго і колькі працаваць. Я выступаю за тое, каб пашырыць часовыя рамкі выдадзеных дазволаў на працу да двух гадоў, а не на паўгода або год, як ёсць цяпер. Працоўны мігрант павінен валодаць свабодай «перамяшчэння» па польскаму рынку працы. Гэта і з'яўляецца на сённяшні момант галоўнай праблемай, з якой сутыкаецца працоўны мігрант у нашай краіне.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках