18 красавiка 2024, Чацвер, 12:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карбалевіч: Ёсць вострае пытанне, на якое Лукашэнку трэба адказаць найперш

19
Карбалевіч: Ёсць вострае пытанне, на якое Лукашэнку трэба адказаць найперш
ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ

Дыктатар найбліжэйшым часам абяцае адказаць на каментары ў інтэрнэце.

Палітолаг у экспрэс-каментары «Салідарнасці» адрэагаваў на словы дыктатара пра тое, што той найбліжэйшым часам адкажа на крытыку ў свой адрас, якая гучыць у СМІ і ў інтэрнэце.

Якіх заяў чакаць ад Аляксандра Лукашэнкі? І на якія вострыя пытанні яму варта было б даць выразны адказ?

- Гэта досыць супярэчлівая заява, - заўважае Валер Карбалевіч. - І на гэты момант цяжка сказаць, што яна можа азначаць. Магчыма, гэта нейкая завэлюмаваная пагроза незалежным СМІ - намёк на прадаўжэнне той кампаніі, якая атрымала назву - «справа БелТА». А, магчыма, гэта рэакцыя на паступленне лістоў і зваротаў з боку насельніцтва ў Адміністрацыю Лукашэнкі.

Ён жа сам кажа пра тое, што 80% такіх заяў носяць станоўчы характар. Але пакуль тут можна толькі гадаць - могуць быць абсалютна розныя варыянты і розныя рэакцыі на іх.

На думку суразмоўцы, традыцыйна Лукашэнка «дае адказы толькі на тыя пытанні, якія яму выгадныя». А не на тыя, якія ў першую чаргу хвалююць грамадства.

- Паколькі ўлада ў нас некантраляваная людзьмі і практычна нязменная, гэта развязвае ёй рукі. Яна можа рэагаваць толькі на тыя сігналы, на якія зручна рэагаваць. Калі казаць пра тое, што сёння хвалюе людзей, то гэта, вядома, эканамічныя пытанні. Насельніцтва не адчувае эканамічнага росту. Нават нягледзячы на тое, што некаторыя паказчыкі апошнім часам у нас станоўчыя, - мяркуе Валер Карбалевіч.

На ягоную думку, нядаўняя паездка Лукашэнкі ў Воршу выразна паказала, што «эканамічная сітуацыя ў краіне вельмі складаная»:

- Ён сам заўважыў, што ўсе прадпрыемствы ў Воршы і Аршанскім раёне з'яўляюцца праблемнымі. А якраз такая ж сітуацыя назіраецца і ў іншых рэгіёнах. Адпаведна, людзей хвалююць праблемы нізкіх заробкаў, пенсій, узроўню беспрацоўя. Іншая справа, што Лукашэнка спрабуе цяпер павярнуць усё гэта ў выгадны для сябе бок - маўляў, гэта нядбайныя чыноўнікі вінаватыя, якія там нешта наблыталі, не выканалі ягоныя мудрыя ўказанні.

Людзей хвалюе, калі палепшыцца эканамічнае становішча ў краіне і калі пачнуць расці сацыяльныя стандарты? І гэта адно з галоўных пытанняў, на якія людзі хочуць ведаць адказ, - падкрэсліў палітычны экспэрт.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках