29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Самы бедны ў свеце былы прэзідэнт» адмовіўся яшчэ і ад пенсіі

7
«Самы бедны ў свеце былы прэзідэнт» адмовіўся яшчэ і ад пенсіі
Фота: EPA

Былы прэзідэнт Уругвая заявіў, што не хоча атрымліваць пенсію сенатара.

Былы прэзідэнт Уругвая Хасэ Мухіка, празваны «самым бедным прэзідэнтам у свеце» за сціплы лад жыцця, заявіў, што не хоча атрымліваць пенсію сенатара, паведамляе ВВС.

Мухіка працаваў ва ўругвайскім сенаце з 2015 года. На гэтую пасаду перайшоў пасля таго, як скончыўся ягоны прэзідэнцкі тэрмін. У мінулы аўторак ён пакінуў і пасаду сенатара.

Былы прэзідэнт мог бы заставацца ў сенатарскім крэсле аж да 2020 года, але не стаў, напісаўшы ў лісце з просьбай аб выхадзе на пенсію, што «стаміўся пасля доўгага падарожжа».

«Нягледзячы на гэта, пакуль мой розум яшчэ працуе, я не магу адмовіцца ад салідарнасці і ідэйнай барацьбы», - гаворыцца ў лісце экс-прэзідэнта на імя кіраўніцы сената Люцыі Тапаланскі, жонкі Мухікі, якая таксама з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам краіны.

Мухіку 83 гады. Блізу 14 гадоў ён правёў у вайсковых турмах.

Фота: GETTY IMAGES

Сціплы жартаўнік

Хасэ Мухіка, вядомы сваімі прамымі, часам рэзкімі заявамі, таксама папрасіў прабачэння ў «тых калегаў, якіх мог асабіста закрануць у гарачай спрэчцы».

У 2016 годзе ён сказаў, што кіраўнік Венесуэлы Нікалас Мадура «дурны як баран».

Але найбольш вядомы Мухіка дзякуючы свайму сціпламу ладу жыцця. І цягам свайго прэзідэнцкага тэрміну і пасля Мухіка разам з жонкай жыў на сваёй фамільнай ферме непадалёк ад сталіцы краіны Монтавідэа.

Мухіка разам з жонкай вырошчваў кветкі на продаж, аддаваў на дабрачыннасць амаль 90% свайго заробку, а ягонай адзінай уласнасцю, не ўлічваючы ферму, быў аўтамабіль Volkswagen Beetle 1987 выпуску. За аўтамабіль Мухіка ў 2014 годзе прапанавалі мільён даляраў, але ён адмовіўся прадаваць «Фольксваген», заявіўшы, што яму не на чым будзе перавозіць свайго трохногага сабаку.

Выхад Мухікі на пенсію не стаў нечаканасцю - ён папярэдзіў, што рыхтуецца сысці, за два тыдні да адстаўкі.

Зрэшты, у палітычных колах Уругвая ходзяць чуткі, што былы прэзідэнт пакінуў пасаду, каб зноў балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах 2019 года.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках