18 красавiка 2024, Чацвер, 22:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: У Нацбанка няма інструментаў для нейтралізацыі знешніх шокаў

Экспэрт: У Нацбанка няма інструментаў для нейтралізацыі знешніх шокаў

Беларусь вымушана ісці за траекторыяй расейскага рубля.

Расейскі рубель пачаў падзенне 9 жніўня, і за гэты час ён страціў амаль 5% да беларускай валюты (гл. «Беларускі рубель паміж молатам і кавадлам» №60 ад 2018/08/14 г.). Для нашых экспарцёраў гэта дрэнная навіна, бо следам падае іх канкурэнтаздольнасць. У той жа час даляр і еўра працягваюць расці. Які можа быць прагноз развіцця падзей? «Экономическая газета» ўзяла інтэрв'ю ў вядучага аналітыка BEROC Змітра Крука.

- Зміцер, ці сапраўды могуць пачацца моцныя знешнія шокі, узмацненне жорсткасці рэгулявання валютнага рынку? На ваш погляд, да чаго трэба рыхтавацца?

- Ключавы фактар у гэтай сітуацыі - як на расейскі рубель падзейнічаюць санкцыі, якія збіраюцца ўводзіць ЗША, ці будзе наогул іх другі раўнд. Важна, як адрэагуе расейскі рынак. Пакуль няма пэўнасці. Цалкам дапускаю, што курс RUB можа застацца на тым жа ўзроўні, дзе знаходзіцца цяпер. А калі палітычная сітуацыя нармалізуецца, цалкам можа адбыцца і «адскок» назад.

Беларускім суб'ектам гаспадарання і грамадзянам важна разумець, што практычна заўсёды да асноўных валют мы ідзём за траекторыяй расейскага рубля. Гэта значыць, мы апасродкавана, праз расейскі рубель, будзем падпарадкоўваюцца такой дынаміцы, якую будзе ён дэманстраваць, хай і з меншымі ваганнямі.

Што да беларускага рубля, то цяпер я б не казаў пра тое, што адназначна адбудзецца нейкі шокавы сцэнар. Для валютнай панікі падстаў не бачу. Так, адбываецца досыць істотнае абясцэненне, і мы да яго адчувальныя. Але гэта знешні ўплыў, не ўнутраная праблема. На жаль, нейкіх інструментаў абароны ад такіх знешніх уздзеянняў у нас няма. І гэта, напэўна, галоўны мінус, на які варта звярнуць увагу.

- Як гэтая сітуацыя закране экспарт? Як можа адрэагаваць насельніцтва?

- Калі мы ідзём за траекторыяй расейскага рубля, то ў прынцыпе падтрымліваем канкурэнтаздольнасць экспарту на больш-менш нязменным узроўні.

Але пры моцнай дэвальвацыі расейскага рубля да асноўных сусветных валют наша нацыянальная валюта, як правіла, абясцэньваецца ў дачыненні да іх меншымі тэмпамі. Гэта азначае, што да расейскага рубля мы ўмацоўваемся, і наша цэнавая канкурэнтаздольнасць на расейскім рынку зніжаецца.

Што тычыцца насельніцтва, то дапускаю, што той вялацякучы працэс дэдалярызацыі ўкладаў, які ішоў апошнія паўтара года, можа замарудзіцца і, нават больш за тое, тэндэнцыя можа пераламацца.

Насельніцтва можа ўспрыняць гэтую сітуацыю як трывожны сігнал для будучыні нацыянальнай валюты. Ва ўмовах, калі разбежка ставак даходнасці паміж рублёвымі і валютнымі дэпазітамі не гэткая высокая, частка хатніх гаспадарак можа аддаваць перавагу валютным укладанням, якія асацыюе з большай стабільнасцю.

Усё гэта можа прывесці да таго, што насельніцтва перастане пераафармляць валютныя ўклады ў рублёвыя, а таксама стане купляць большай замежнай валюты.

- Вы лічыце, рэгулятар зможа кіраваць гэтай сітуацыяй?

- У Нацбанка, падкрэслю, на вялікі рахунак няма інструментаў, каб цалкам нейтралізаваць уздзеянне знешніх шокаў. Каб больш-менш падтрымліваць нашу цэнавую канкурэнтаздольнасць, мы вымушаны ісці за траекторыяй расейскага рубля. Усё, што можа рабіць (і робіць) Нацбанк, - спрабаваць згладжваць досыць вялікія ваганні расейскага рубля. Атрымліваецца, як я ўжо сказаў, што мы крыху ўмацоўваемся да расейскага рубля. На мой погляд, у гэтай сітуацыі гэта правільная стратэгія.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках