18 красавiка 2024, Чацвер, 5:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта Трампу ствараць касмічныя войскі?

1
Навошта Трампу ствараць касмічныя войскі?
АПОШНІ ПАЛЁТ ШАТЛА «ДЫСКАВЕРЫ» ДА МКС У 2011 ГОДЗЕ

У амерыканскім войску можа з'явіцца новы род войскаў.

Са слоў віцэ-прэзідэнта ЗША Майка Пенса, Кітай і Расея распрацоўваюць баявыя лазеры авіяцыйнага базавання і супрацьспадарожнікавыя ракеты. Гэтую акалічнасць, як падкрэслівае Пенс, нельга не ўлічваць, піша Бі-бі-сі.

«Касмічнае асяроддзе за апошняе пакаленне зведала фундаментальныя змены. Калі раней космас быў мірным і пустынным, то цяпер ён перапоўнены і варожы», - заявіў Пенс.

Гаворка ідзе аб стварэнні войскаў, якія будуць забяспечваць абарону амерыканскіх інтарэсаў у космасе: у ЗША сотні спадарожнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў тым ліку для забеспячэння сувязі і выведкі.

Пра планы стварэння касмічных войскаў раней казаў прэзідэнт краіны Дональд Трамп. Ён таксама звяртаў асаблівую ўвагу на намаганні, якія робяць апаненты ЗША ў космасе.

«Я бачыў тое, чаго вы б ніколі не хацелі ўбачыць», - сказаў тады Трамп.

На самай справе сусветныя дзяржавы выкарыстоўваюць космас у вайсковых мэтах ужо даўно. Узяць хоць бы забеспячэнне сувязі або выкарыстанне спадарожнікаў для выведкі.

Чаму ж ЗША занепакоіліся менавіта цяпер?

Касмічная гонка звышдзяржаў

Космас выкарыстоўваецца як у мірных, так і ў вайсковых мэтах. І часам гэтыя сферы могуць перасякацца.

Напрыклад, спадарожнікавая сістэма навігацыі GPS першапачаткова была распрацаваная для выкарыстання ў вайсковых мэтах. Але пазней яна пачала шырока ўжывацца і ў грамадзянскіх мэтах.

ЗА ЗАПУСКАМ СПАДАРОЖНІКА Ў КІТАІ НАЗІРАЕ НАТОЎП МЯСЦОВЫХ ЖЫХАРОЎ
ФОТА: GETTY IMAGES

«Людзі не заўсёды разумеюць, што космас ужо даўно стаў вайсковым асяроддзем. Космас мілітарызаваны ўжо з 1960-х гадоў», - кажа Аляксандра Стыкінг, экспэрт касмічнай бяспекі Каралеўскага Аб'яднанага інстытута абаронных даследаванняў.

Падчас халоднай вайны ЗША і СССР, вядома, не вялі баі ў космасе, але выкарыстоўвалі спадарожнікі ў мэтах разведкі і шпіянажу. У СССР была зброя, здольная наносіць удар па спадарожніку на арбіце. У ЗША ў Ціхім акіяне была супрацьспадарожнікавая ракетная ўстаноўка.

Кітай, Расея і ЗША праводзілі выпрабаванні зброі, якая здольная з зямлі знішчаць спадарожнікі.

Майк Пенс у ходзе выступлення акцэнтаваў увагу на узрослай вайсковай актыўнасці Расеі і Кітая ў космасе.

«У апошнія 10-15 гадоў мы назіраем адраджэнне цікавасці і развіцця супрацьспадарожнікавай зброі, якая можа быць выкарыстана для знішчэння розных аб'ектаў у космасе. Большая частка тэхналогій распрацоўваецца Расеяй і Кітаем, але ЗША таксама працуе над аналагічнымі задачамі», - кажа дырэктар фонду Secure World Браян Уідэн.

ЗША з'яўляюцца лідарам колькасці як камерцыйных, так і дзяржаўных спадарожнікаў, якія знаходзяцца на арбіце. За ЗША стаіць Кітай, які абганяе Расею па ліку спадарожнікаў, якія знаходзяцца на арбіце.

Пры гэтым колькасць вайсковых спадарожнікаў Кітая працягвае расці, а Расея нядаўна правяла мадэрнізацыю сваёй сістэмы спадарожнікаў вайсковага прызначэння.

Новыя прыярытэты ЗША

Стварэнне Вашынгтонам касмічных войскаў можа быць збольшага адказам на некаторыя пункты ў вайсковай і касмічнай праграмах КНР, кажа вайсковы экспэрт з універсітэта Лестэра Бледзін Боуэн.

«ЗША актывізаваліся ў адказ на дзеянні Кітая», - кажа ён, адзначаючы, што як раз цяпер праграмы КНР прывялі да пэўных вынікаў, што выклікаў непакой Вашынгтона.

У 2007 годзе Кітай правёў выпрабаванні супрацьспадарожнікавай ракеты, якая знішчыла іх уласны метэаралагічны спадарожнік на вышыні 500 міль (блізу 804 км).

Нягледзячы на недахоп вычарпальнай інфармацыі аб гэтым выпрабаванні і тэхналогіях, якія ёсць у Пекіна, ЗША і Расея ўважаюць, што яны таксама павінны развіваць уласныя праграмы стварэння супрацьспадарожнікавай зброі.

Як вынікае з заявы віцэ-прэзідэнта ЗША, адміністрацыя Трампа уважае неабходным перагледзець вайсковыя прыярытэты ЗША ў сувязі са з'яўленнем новых пагроз.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках