28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чайка» коштам кватэры: у Менску прадаецца рэдкі ГАЗ-13 з абкама КПБ

6
«Чайка» коштам кватэры: у Менску прадаецца рэдкі ГАЗ-13 з абкама КПБ
ФОТА: ABW.BY

У сталіцы прадаецца асобнік 1967 года вырабу за 60 тысяч даляраў.

ГАЗ-13 "Чайка" - савецкі прадстаўнічы аўтамабіль, сёння вельмі рэдкі. У Менску прадаецца асобнік 1967 года вырабу за 60 000 даляраў, піша abw.by. Што распавёў пра самаход уладальнік?

Колькі агулам выраблена такіх машын - дакладных лічбаў няма. Паводле розных звестак "чаек" было выраблена ад 1000 да 3000 асобнікаў. Звязаная такая разбежнасць з незвычайным спосабам капрамонту, што меў месца на заводзе. На старое шасі ўсталёўвалі абсалютна новы кодаб і зноў выпускалі ў эксплуатацыю. Часцяком падчас такога рамонту ад старога аўтамабіля заставаліся толькі масты, аднак паводле дакументаў ён праходзіў як "адрамантаваны". У кожным выпадку сёння гэта вельмі рэдкі самаход.

"Хто на ёй ездзіў за савецкім часам - невядома. Гісторыя пра гэта замоўчвае, бо купіў "Чайку" вельмі даўно ў гандляра, а той сказаў, што яна стаяла ў абкамаўскім гаражы, - распавядае Аляксандр, уладальнік самахода. - На адомэтры 50 тысяч кіламэтраў. Стан ідэальны. Заводзіцца адразу, едзе. Але фарба не "родная", самаход перафарбаваны. Прадаю ўжо гады два. Гадоў 6-7 назад людзі ў нас жылі добра, тады можна было прадаць. Цяпер - марна. Расейцы цікавяцца, немцы нават. Рэальна пакуль не прадаў. Але ў Расеі цяпер таксама не так ужо і добра жывуць, на такую цацку мала хто мае грошы. Кошт дамоўны. Але танней за пазначаную суму прадаваць сэнсу не бачу. Колькі іх засталося ў краіне, дзве-тры? Калі не прадам, прададуць нашчадкі. Часам на ёй выязджаю. Сёлета, да прыкладу, яе можна было бачыць у траўні на імпрэзе клуба "АўтаАмэрыка".

Якому менавіта абласному камітэту КПБ належаў гэты аўтамабіль - невядома. Але ён быў зарэгістраваны ў БССР.

ФОТА: ABW.BY

Калі казаць пра гісторыю мадэлі, то легендарная "Чайка" выраблялася малой сэрыяй на Горкаўскім аўтамабільным заводзе c 1959 да 1981 года. На аўтамабілі ўсталяваны 5,5-літровы рухавік V8 магутнасцю 195 конскіх сіл, які меў досыць прагрэсіўную паводле стандартаў тых гадоў канструкцыю. Блок цыліндраў, галоўкі, калектар і поршні былі выкананыя з алюмініевага стопку - рэдкі для тых часоў тэхнічны варыянт. З V8 была спараваная аўтаматычная гідрамеханічная 3-дыяпазонная трансмісія. Выбар рэжыму працы трансмісіі ажыццяўляўся кнопкавым селектарам, размешчаным злева на панэлі прылад, які меў чатыры кнопкі: Н - нэйтраль; Д - рух; Т - гамаванне рухавіком; ЗХ - задні ход.

ФОТА: ABW.BY

Упершыню ў гісторыі ГАЗа ў гэтым аўтамабілі былі выкарыстаныя четырохкамерны карбюратар, гідраўзмацняльнік стырнавога кіравання, вакуумны ўзмацняльнік гамавальніка, электрычныя шыбаўздымнікі, радыёпрымач з аўтапошукам і антэнай з электрычным рухачом.

ФОТА: ABW.BY

Максімальная хуткасць складала 160 км/г, а разгон да 100 км/г займаў 20 сэкундаў. Існавалі таксама мадыфікацыі кабрыялет. Былі самаходы для кіно і версіі для парадаў. Было выраблена некалькі санітарных варыянтаў з кодабам універсал - гэтыя аўтамабілі прызначаліся для медыцынскага абслугоўвання найвышэйшай наменклатуры. Каб не вылучацца і не звяртаць на сябе ўвагу, яны былі афарбаваныя ў звычайны чорны колер і не мелі ніякіх надпісаў і чырвоных крыжоў на бартах.

ФОТА: ABW.BY

З аўтамабілем ГАЗ-13 звязана некалькі гучных ДТЗ. Адно з самых вядомых - у 1980 годзе на "Чайцы" загінуў першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі П.Машэраў. Менавіта загуба Машэрава і паслужыла прычынай хуткага спынення вытворчасці маральна састарэлага да таго часу самахода і замены яго на ГАЗ-14.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках