28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталі вядомыя дэталі перамоваў Мэркель і Пуціна

11
Сталі вядомыя дэталі перамоваў Мэркель і Пуціна
ФОТА: AFP

Цэнтральнае месца было адведзенае пытанням Украіны, Сірыі і Ірана.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін правялі перамовы 18 жніўня, падчас якіх абмеркавалі сітуацыю на ўсходзе Украіны.

Лідары дзвюх краін адхіліліся ад традыцыйнага фармату і выступілі да афіцыйнага абеду перад журналістамі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Крамля.

«У нас ёсць адказнасць - Нямеччына, але перш за ўсё Расея, бо Расея з'яўляецца сталым чальцом Рады Бяспекі ААН, - таму мы павінны працаваць над тым, каб знайсці развязанне. Гэта датычыцца, па-першае, пытання Украіны. Мы над гэтым ужо даволі доўга працуем», - заявіла Мэркель.

Аб Данбасе

«Аснова ёсць і застаецца - гэта Менскія дамоўленасці. Хоць трэба канстатаваць, што ў нас пакуль няма стабільнага замірэння. Спадзяюся да пачатку новага навучальнага года зрабіць новую спробу забяспечыць яго. І мы сёння пагаворым аб магчымасці забеспячэння місіі ААН, якая змагла б сыграць сваю ролю ў мірным працэсе, Нямеччына гатовая тут несці адказнасць», - адзначыла канцлерка.

Яна дадала, што Нямеччына гатовая зрабіць унёсак у рамках нармандскага фармату. У сваю чаргу, Пуцін назваў менскія пагадненні «безальтэрнатыўнымі».

«Мы, вядома, будзем размаўляць пра Украіну, як сказала спадарыня Федэральная канцлерка, у кантэксце ўрэгулявання ўкраінскага крызісу, які, на жаль, ніяк не прасоўваецца, маючы на ўвазе падкрэсліць безальтэрнатыўнасць рэалізацыі Менскіх пагадненняў, адзначыць нашу зацікаўленасць у працы ў рамках «нармандскага фармату» і Кантактнай групы, гатоўнасць і далей надаваць садзейнічанне спецыяльнаму маніторынгу місіі ААН. Спадзяюся, што нам удасца ўсё ж прасунуцца ў гэтым кірунку», - заявіў ён.

«Паўночны струмень-2»

«Я мяркую, што нават пасля запуску «Паўночнага струменю-2» Украіна павінна адыгрываць сваю ролю ў газавым транзіце ў Еўропу. Я вельмі задаволеная, што нам удалося пачаць перамоўны працэс у гэтай тэматыцы разам з Еўрапейскім Звязам», - падкрэсліла Мэркель.

Пуцін заявіў, што Расея разам з Нямеччынай працуюць над праектам газаправода, рэалізацыя якога «дазволіць удасканаліць» еўрапейскую газатранспартную сістэму.

«Хачу ў гэтай сувязі адзначыць і яшчэ раз падкрэсліць: «Паўночны струмень-2» - гэта выключна эканамічны праект, ён не закрывае магчымасці прадаўжэння транзітных паставак расейскага газу праз тэрыторыю Украіны. Я ведаю з гэтай нагоды пазіцыю Федэральнай канцлеркі, якая ўвесь час гэтую тэму падымае. Галоўнае, каб гэты ўкраінскі транзіт адпавядаў эканамічным патрабаванням, быў эканамічным ва ўсіх сэнсах гэтага слова», - адзначыў расейскі лідар.

Іран

«Нямеччына падтрымлівае захаванне ядзернай угоды, але мы назіраем з непакоем за дзеяннямі Ірана ў рэгіёне, няхай гэта будзе канфлікт у Емене, праграма развіцця балістычных ракет, сітуацыя ў Сірыі», - заявіла Мэркель.

Пуцін падтрымаў неабходнасць захавання Супольнага ўсёабдымнага плана дзеянняў у іранскай ядзернай праграме.

«Вельмі важна захаваць гэтую ўхваленую Радай Бяспекі ААН шматбаковую дамоўленасць, накіраваную на ўмацаванне рэгіянальнай і глабальнай бяспекі і рэжыму ядзернага нераспаўсюду», - растлумачыў ён.

Канфлікт у Сірыі

Бакі падкрэслілі важнасць гэтай тэмы. Са слоў Мэркель, сусветнай супольнасці трэба пазбегнуць гуманітарнай катастрофы. Яна адзначыла таксама памяншэнне баявых дзеянняў.

«Нямеччына, як чалец так званай малой групы, робіць асаблівую стаўку на тое, каб цяпер прасунуць пытанне магчымых выбараў. І мы, вядома, падтрымліваем працу спецпасланніка ААН спадара дэ Містуры», - дадала канцлерка ФРГ.

Прэзідэнт РФ падтрымаў заяву калегі з Нямеччыны аб гуманітарным складніку развязання гэтага пытання.

«Важна нарошчваць гуманітарны складнік сірыйскага канфлікту, перш за ўсё, наданне гуманітарнай дапамогі сірыйскаму народу, і дапамагаць тым раёнам, куды могуць вярнуцца ўцекачы, якія знаходзяцца за мяжой», - заявіў ён.

Пуцін прапанаваў дапамагчы аднавіць водазабеспячэнне, каналізацыю, медыцынскае абслугоўванне.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках