28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: З'яўленне пасля «інсульту» стала недарэчным фарсам

30
Яўген Афнагель: З'яўленне пасля «інсульту» стала недарэчным фарсам
КРЫНІЦА: CARTOON.KULICHKI.COM

Беларусы не вераць ні Лукашэнку, ні ягоным чыноўнікам.

З'явіўшыся на публіцы пасля «інсульту», Лукашэнка прыцягнуў увагу СМІ дзіўнымі паводзінамі, зладзіўшы 14 жніўня «разнос» ураду пасля сваёй паездкі ў Аршанскі раён. Дыктатар абвінаваціў міністраў у сабатажы, «пафігізме» і невыкананні ягоных пастаноў.

Якія высновы можна зрабіць з «аршанскага спектаклю» дыктатара і кадравых перастановак ва ўрадзе, якія рушылі за ім услед? Сайт Charter97.org пагаварыў з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», адным з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўгенам Афнагелем.

- У БНК ёсць актывісты ў Воршы і Аршанскім раёне, і вам павінна быць знаёмая абстаноўка ў гэтым рэгіёне. Чаму дыктатар «сарваўся» менавіта ў Воршы? Што можа стаяць за ягонай істэрыкай?

- Лукашэнка яшчэ ў траўні мінулага года патрабаваў навесці «жалезны парадак» у Воршы і разносы чыноўнікам ладзіў. Кіраўніка райвыканкама прызначыў новага — таго самага, якога цяпер звольніў. Пачалося гэта ўсё пасля пратэстаў вясны 2017 года. Тады Ворша пабіла рэкорд сярод райцэнтраў краіны ў колькасці пратэстоўцаў.

Цяпер, як распавядаюць нашы актывісты, сітуацыя ў раёне стала яшчэ горшай. Беспрацоўе толькі вырасла, частка прадпрыемстваў працуе паводле скарочанага графіка, працоўных у вымушаныя адпачынкі адпраўляюць. Пры гэтым Ворша — стратэгічна важны для бяспекі краіны горад, найбуйнейшы транспартны вузел. Да мяжы з Расеяй, куды тысячы жыхароў рэгулярна ездзяць на заробкі, - усяго 50 кіламетраў. Многія аршанцы памятаюць, як яны ў 1991 годзе заблакавалі чыгуначныя шляхі, патрабуючы зніжэння коштаў. Дыктатар, думаю, усведамляе, чым могуць скончыцца хваляванні і пратэсты ў такім горадзе. Вось і нервуецца.

Іншае пытанне ў тым, што ў Беларусі яшчэ 117 раёнаў, праблемы ў іх — тыя ж самыя, што і ў Воршы, а шмат дзе і горшыя. І калі ў кожным з іх уводзіць «асаблівы рэжым кіравання», як было зроблена ў дачыненні да Аршанскага раёна, то ўжо прасцей будзе надзвычайнае становішча ў краіне ўвесці.

- У выніку адбылася чарговая змена ўрада. Ці можна казаць аб недаверы дыктатара да кабінету міністраў і сваёй «вертыкалі»?

- Міністры і чыноўнікі ўжо даўно ціха сабатуюць большую частку ўказанняў дыктатара. Па-першае, тыя з іх, якія яшчэ не страцілі навыкаў крытычнага мыслення, разумеюць, што большасць «ідэй» Лукашэнкі проста немагчыма рэалізаваць. А па-другое, ведаюць, што моцна караць большасць з іх дыктатар усё адно не будзе, максімум — пакрычыць перад тэлекамерамі або пераставіць з адной пасады на іншую.

Нават калі ў турму адправіць, то ненадоўга. Бо замяніць іх няма кім. Разумныя і паважаючыя сябе людзі на пасады «вертыкальшчыкаў» не пойдуць хоць бы таму, што не захочуць быць ахвярамі паказальных лупцовак. Адзіны выхад для дыктатара — прымусіць тых, хто ёсць, працаваць хоць бы «з-пад палкі», і час ад часу іх тасаваць. Таму нарады ў кадравых прызначэннях праходзяць пад наглядам сілавікоў.

Аб узаемным даверы ў сістэме, якая трымаецца на страху, даносах і кампрамаце, казаць наогул нельга. Тут кожны адыгрывае сваю ролю. Лукашэнка робіць выгляд, што кіруе краінай і кантралюе сітуацыю. Міністры і чыноўнікі робяць выгляд, што паслухмяна выконваюць ягоныя ўказанні. Абодва бакі ведаюць, што ўсё гэта хлусня, але старанна выконваюць свае функцыі, разумеючы, што як толькі народ перастане быць абыякавым гледачом, вандроўны цырк разгоняць у лічаныя хвіліны.

- Замена прэм'ера і шэрагу міністраў супала з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў Беларусі і абрынаннем рубля і фондавага рынку РФ праз амерыканскія санкцыі. У выпадку дэфолту ў Расеі, пра які кажуць многія аналітыкі, з якімі яшчэ цяжкасцямі сутыкнецца рэжым Лукашэнкі? Магчымыя страйкі і пратэсты, як у 1998 годзе?

- Тады, у 1998 годзе, нягледзячы на абясцэньванне рубля, большасць беларусаў усё яшчэ верыла Лукашэнку. Афіцыйным СМІ ўдалося пераканаць людзей, што ў крызісе вінаватая Расея і Захад, а апазіцыя не змагла скарыстацца спрыяльнай сітуацыяй. Былі толькі стыхійныя выступы рабочых. Нават іх тады выстарчыла для таго, каб улады ў спешным парадку сталі падвышаць заробкі.

Цяпер — зусім іншая сітуацыя. Пераважная большасць жыхароў Беларусі не верыць ні Лукашэнку, ні прызначаным ім чыноўнікам. Іх справядліва вінавацяць у беспрацоўі, росце коштаў і адсутнасці перспектыў. Іх ненавідзяць і пагарджаюць. Таму найменшай іскры дастаткова, каб «пыхнула» ва ўсёй краіне.

Дыктатар і ягонае атачэнне даўно страцілі ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Адсюль – і бясконцыя істэрыкі перад тэлекамерамі, апагеем якіх стала «аршанская нарада». Але сваёй мэты яны не дасягаюць, хутчэй наадварот. Лукашэнка перастаў быць не толькі страшным і не толькі анекдатычна смешным. Ён стаў сапраўды вартым жалю. Ягоная «з'ява пасля інсульту» стала недарэчным фарсам і правалам дзяржаўнай прапаганды. Людзі ўбачылі слабага, бездапаможнага і няўпэўненага ў сабе чалавека.

- Пасля скандальнай нарады аб сітуацыі ў Аршанскім раёне Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «многія людзі спрабуюць кінуць камень у агарод ягоных пастаноў» і запатрабаваў ад сваёй прэс-службы сабраць каментары аб ім у СМІ і інтэрнэце. Чаму гэтае пытанне так занепакоіла дыктатара?

- Не ведаю, можа, Коля навучыўся абыходзіць блакіраванне «Хартыі», лазіць па сацсетках і распавёў тату, што людзі насамрэч пра яго пішуць. Ці гэта ідэя атачэння дыктатара, якое непакоіцца за здароўе шэфа і такім чынам хоча, каб яго супакоіць. Бо зразумела, што рэальныя каментары яму паказваць не будуць.

Насамрэч, адзінае пытанне, якое хвалюе беларусаў, толькі адно: калі Лукашэнка сыдзе. Вось толькі ад дыктатара мы адказу на яго не дачакаемся. Адказаць на гэтае пытанне можам толькі мы самі.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках