19 красавiка 2024, Пятніца, 21:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грошай няма: расейцам пагражае пазыковая яма

Грошай няма: расейцам пагражае пазыковая яма

Рэальныя даходы прыкметна змарнелі ў параўнанні з чэрвенем.

У ліпені расейцы атрымалі амаль на 5% менш рэальных даходаў, чым у чэрвені. Агулам за сем месяцаў яны выраслі толькі на 2,6%. У гэтай сітуацыі расейцам бракуе грошай, і яны ўсё больш бяруць крэдытаў. У 2019 годзе сітуацыя пагоршыцца: разгоніцца інфляцыя праз падзенне рубля і падвышэння ПДВ, і рэальныя даходы могуць сысці ў мінус, піша gazeta.ru.

Тэмпы росту рэальных наяўных даходаў расейцаў (даходы за вылікам абавязковых аплат, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх коштаў) запавольваюцца. Гэта вынікае са звестак Расстата.

У ліпені, у параўнанні з чэрвенем, рэальныя даходы і рэальны заробак знізіліся на 4,7 і 7,3% адпаведна.

Так, сярэднямесячны налічаны заробак у чэрвені 2018 года складаў 45 840 руб, тады як у ліпені — 42 640 руб.

Зрэшты, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, рэальныя даходы ў ліпені выраслі на 2%, а рэальны заробак павялічыўся на 8%. За паўгода рост склаў 2,6% і 8,6% адпаведна.

Як адзначаюць у Расстаце, сярэдняя налічаны заробак больш за ўсё ў чэрвені 2018 года вырас у тых, хто працуе ў галіне інфармацыі і сувязі — на 69% у параўнанні з папярэднім годам да 99,6 тысячы руб. Панізіліся ж заробкі ў сферы здабычы сырой нафты і прыроднага газу (на 26% да 122,1 тысячы руб).

Аб тым, што сітуацыя з даходамі расейцаў не такая бясхмарная, як хацелася б, сведчаць назіранні Цэнтрабанка. Расейцы сталі менш зберагаць на дэпазітах, гаворыцца ў статыстыцы ЦБ.

Расейцы паступова адыходзяць ад ашчаднай мадэлі паводзін, паведаміў Банк Расеі ў каментары аб ліквіднасці банкаўскага сектара і фінансавых рынках за ліпень 2018 года.

Паводле ацэнак ЦБ, гадавы прырост дэпазітнага партфеля на канец другога квартала ў параўнанні з пачаткам гэтага года за выключэннем валютнай пераацэнкі запаволіўся на 1,5 адсотка – да 7,1%.

«Пры існым узроўні адсоткавых ставак дэпазіты па-ранейшаму застаюцца прывабным інструментам зберажэнняў. Аднак па меры нарошчвання спажывання на фоне аднаўлення эканамічнай актыўнасці назіралася плаўнае запаволенне росту дэпазітнага партфеля», — гаворыцца ў каментары рэгулятара.

Пры гэтым адначасова расейцы сталі браць больш крэдытаў. Банкі за першыя шэсць месяцаў 2018-га выдалі расейцам амаль на 12% крэдытаў больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Пры гэтым асноўны прырост крэдытнага партфеля адбыўся дзякуючы іпатэчным праграмам і аўтакрэдытам.

Спажывецкія крэдыты расейцы таксама бяруць вельмі ахвотна. Гадавы прырост партфеля спажывецкіх крэдытаў на 1 ліпеня склаў 17%.

Растуць і сумы, якія расейцы бяруць у пазыку. Сярэднія сумы спажывецкіх крэдытаў у другім квартале гэтага года склалі 196,8 тысячы рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года на 35,5%, або 51,6 тысячы, паведаміла на днях Нацыянальнае бюро крэдытных гісторый (НБКГ), спасылаючыся на звесткі крэдытораў, якія перадаюць туды свае звесткі.

Раней аб тым, што рэальныя даходы расейцаў могуць запаволіцца, папярэджвалі і экспэрты, і чыноўнікі.

«Наступны год, як чакаецца, будзе дастаткова складаным з пункту гледжання адаптацыі да прынятых пастаноў у галіне бюджэтна-падатковай палітыкі», — адзначалі ў Мінэканамразвіцця.

Згодна з апублікаванай на сайце міністэрства «Карціне эканомікі», у 2019 годзе інфляцыя можа павялічыцца да 4,3%, ВУП вырасці ўсяго на 1, 4%, а рост рэальных заробкаў складзе менш за 1%.

Пры гэтым апытаныя «Газетой.Ru» экспэрты заявілі, што сітуацыя можа быць яшчэ горшай, прадказаўшы, што напярэдадні падвышэння ПДВ у 2019 годзе расейцы рынуцца па буйныя пакупкі і набяруць крэдытаў.

Улічваючы планаванае падвышэнне ПДВ і разгон інфляцыі, частка грамадзян можа здзейсніць куплі тавараў працяглага карыстання ў канцы гэтага года, а не наступнага, як планавалі першапачаткова, адзначаў Багдан Зварыч, віцэ-прэзідэнт Гільдыі фінансавых аналітыкаў і рызыка-мэнэджараў.

У наступным жа годзе нават буйнымі пакупкамі расейцы будуць радаваць сябе яшчэ менш, бо давядзецца актыўна эканоміць.

Са слоў галоўнага эканаміста БКС Глобал Маркетс Уладзіміра Ціхамірава, прынамсі ў першым квартале наступнага года рост рэальных даходаў можа замарудзіцца да нуля і нават сысці ў мінус.

Аляксей Коранеў, аналітык кампаніі «Фінам», у сваю чаргу мяркуе, што калі за гэты год рэальныя даходы будуць у плюсе, то ў наступным годзе яны, як і папярэднія чатыры гады, будуць зніжацца.

Так, у 2017 годзе рэальныя даходы расейцаў скараціліся на 1,7%, у 2016-м — на 5,8%, у 2015-м — на 3,2%, у 2014-м — на 0,7%. Пры гэтым у 2018 годзе даходы расейцаў нарэшце выраўняліся і пачалі расці.

Паколькі ў найбліжэйшы час рубель відавочна будзе слабець, а інфляцыя расці, рэальныя даходы расейцаў, хутчэй за ўсё, прадоўжаць губляць прыкладна 3-4% на год, мяркуе генеральны дырэктар кампаніі «Мані Фані» Аляксандр Шустаў.

«Шматгадовая тэндэнцыя падзення рэальных даходаў і спажывецкай актыўнасці прадоўжыцца. Даляр да рубля да пачатку восені цалкам можа паспрабаваць закрануць адзнакі 70, а рытэйлеры ўжо цяпер пачынаюць падымаць кошты, назіраючы прыкметы крызісу», — кажа ён.

Пры гэтым экспэрт мяркуе, што скарачэнне афіцыйных рэальных даходаў не можа не суправаджацца ростам неафіцыйных, шэрых даходаў, бо хатнія гаспадаркі навучыліся прыстасоўвацца і да нізкіх заробкаў, і да беспрацоўі, і актыўна шукаюць «падпрацоўкі», рэзюмуе ён.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках