25 красавiка 2024, Чацвер, 19:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«На заробак медсястры ўсё да школы не купіш»

19
«На заробак медсястры ўсё да школы не купіш»

Як беларусам даводзіцца эканоміць перад 1 верасня.

Колькі каштуе сабраць дзіця ў школу ў Беларусі, і як суадносяцца заробкі бацькоў з выдаткамі на падрыхтоўку да новага навучальнага года, высвятляла DW.

Заробкі многіх беларусаў ніжэйшыя, чым кошт усяго неабходнага школьнікам да 1 верасня. Выдаткаваць на гэтыя мэты давядзецца мінімум 600 рублёў (блізу 300 даляраў у эквіваленце), сцвярджаюць бацькі дзяцей школьнага ўзросту.

Амаль паўзаробку на сшыткі і асадкі

Мяркуючы з аб'яў аб найманні на працу, а таксама з апытанняў менчукоў, якія пагадзіліся адказаць на пытанні DW, нават у сталіцы заробак у многіх больш як удвая ніжэйшы за афіцыйна абвешчаны сярэдні. Такая ж і сітуацыя ў рэгіёнах.

На адрасную дапамогу дзяржавы могуць разлічваць малазабяспечаныя сем'і, гранічная сума аднаразовай дапамогі да навучальнага года - блізу 30 даляраў у эквіваленце. Таксама матэрыяльную дапамогу надаюць і некаторыя прадпрыемствы.

Крэдыты да школы

Каб сабраць дзіця ў школу, розныя фінансавыя арганізацыі прапануюць спецыяльныя крэдыты. "Крэдыт да школы", напрыклад, са стаўкай 9 адсоткаў гадавых на суму ад 100 рублёў (блізу 50 даляраў у эквіваленце) цяпер прапануе група кампаній "АўтаТрэйдЛізінг". Умовы для пазычальніка - заробак большы за 190 рублёў пры афіцыйным працаўладкаванні.

Прапануюць крэдыты і банкі. У мінулыя гады яны так і называліся "да школы", сёння на гэтыя мэты можна ўзяць звычайны спажывецкі крэдыт. Але не ўсе наважваюцца скарыстацца гэтай прапановай.

"Мы ніколі не купляем усё адразу", - кажа маці дачкі-старшакласніцы, што выбірае спадніцу для школы ў сталічным ЦУМе. Крэдытаў яна ніколі не брала: "выдаткаваў больш з улікам адсоткаў, а лішніх грошай у сям'і няма".

"Даводзіцца тлумачыць, што не ўсе па кішэні"

За адзін заробак медсёстры (у сярэднім за месяц 500 рублёў, працую заўсёды больш, чым на стаўку) усё да школы не купіш, дзеліцца мама 12-гадовага Рэната Ніна. І распавядае: "Да жніўня альбо паступова ўсё купляю, альбо адкладаю грошы, каб перад пачаткам навучальнага года ўсе купіць". Спартыўную форму Ніна купіла трохі большага памеру, чым цяпер у Рэната. Сшыткі і вокладкі купляе невялікімі партыямі, калі з'яўляюцца "свабодныя" грошы.

Асадкі, якім аддае перавагу Рэнат, каштуюць у пяць разоў даражэй за самыя танныя: "Асадкі такія я яму купляю. А дазволіць сабе купіць тры кашулі па 50-55 рублёў, якія яму падабаюцца, не магу. Бяру мінімум па 25 рублёў - гэта тое, што можна знайсці ў менскіх крамах на хлопчыка ростам 155 см. Рэнат хвалюецца, даводзіцца тлумачыць, што не ўсё, што падабаецца, нам па кішэні, ды і расце хутка, часам праз тры месяцы ўсё трэба купляць зноў. Красоўкі зусім нядаўна купілі, ужо малыя ". Увогуле 600 рублёў - гэта толькі на тое, што трэба проста цяпер да 1 верасня.

Эканомія на распродажах як варыянт

З мянчанкай Ганнай гутарым у краме, куды яна зайшла з вазком, у якім спіць трохмесячны малодшы сын, і з васьмігадовым Ромам, ён пойдзе ў другі клас. У школу, паводле яго слоў, ужо хочацца, але ў краме яго значна больш цікавіць не пенал, які разглядае мама, а прылавак з дыназаўрамі. Ён патрабуе купіць неадкладна дыназаўра, які адсутнічае ў ягоным канструктару, а які будзе пенал, яму ўсё адно.

На пытанне, як вам кошты на ўсё, што неабходна для школьнікаў, Ганна з усмешкай адказвае: "Кошты, магчыма, і нармальныя. А тое, што яны мяне не задавальняюць, - гэта ўжо іншае пытанне". Ганна цяпер у дэкрэтным адпачынку і атрымлівае агулам 450 рублёў (дапамога з прычыны догляду дзіцяці да 3-х гадоў і дапамогу на дзіця-школьніка).

"Тое-сёе з неабходнага да 1 верасня засталося з мінулага года. Ніколі не чакаю канца жніўня, асноўныя закупы раблю падчас вялікіх зніжак цягам года. Напрыклад, макасіны за 90 рублёў, штаны для школы - 65, кашуля за 35, усё гэта больш, чым удвая танней за першапачатковы кошт. Рэчаў трэба шмат - на цёплы і халодны сезон, плюс святочная форма, адно носіцца, іншае мыецца, з чагосьці дзіця хутка вырастае", - распавядае Ганна. Паводле ейных падлікаў, яна выдаткавала на тое, што трэба для школы, блізу 400 даляраў у эквіваленце.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках