28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускамоўныя бацькі Менска абараняюць свае правы ў судзе

Беларускамоўныя бацькі Менска абараняюць свае правы ў судзе
ФОТА: РАДЫЁ СВАБОДА

Пасяджэнне пачнецца сёння а 15.00.

У сакавіку гэтага года ў інтарэсах 24 беларускамоўных дзяцей іх бацькі звярнуліся ва Управу адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна г. Менска з просьбай стварыць рознаўзроставую беларускую групу ў адным з дзіцячых садкоў раёна. Бацькі прасілі ўлады стварыць рознаўзроставую групу для дзяцей, для якіх беларуская мова сапраўды родная, з тым, каб дзяцей выхоўвалі ў асяроддзі іншых носьбітаў роднай мовы, у атмасферы, дзе ўвесь працэс - ад бытавой камунікацыі і да выхаваўчых праграм і гульняў - вядзецца па-беларуску, паведамляе сайт ПЦ "Вясна".

Бацькі прасілі спрыяння ў рэалізацыі іх канстытуцыйнага права на выкарыстанне дзяржаўнай беларускай мовы ў адукацыі і выхаванні сваіх малалетніх дзяцей. Управа адукацыі і потым Менгарвыканкам адмовілі бацькам у іх просьбе, прапанаваўшы раскідаць дзяцей па «так званых беларускіх» групах у садках раёна, якія фармальна ёсць, але на практыцы далёка не такія беларускамоўныя. Гэта і стала першаснай прычынай звароту ініцыятыўных бацькоў. Таксама не задаволіла бацькоў і абяцанне ўладаў стварыць рознаўзроставыя групы для беларускамоўных дзетак праз амаль 1.5 года - на 2019/2020 навучальны год. Гэта пры тым, што ў раёне ўжо даўно дзейнічаюць 6 (!) рознаўзроставых груп з расейскай мовай навучання/выхавання.

Частка бацькоў пайшла далей у абароне свайго права і пры падтрымцы РГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" звярнулася ў суд Першамайскага раёна г. Менска з тым, каб аспрэчыць дзеянні чыноўнікаў ад адукацыі і дамагчыся выканання гарантаванага Канстытуцыяй права на рэальнае выкарыстанне дзяржаўнай беларускай мовы ў выхаваўчым працэсе. Аднак суд адмовіўся ад прыняцця скаргі бацькоў да разгляду, спаслаўшыся на тое, што справа не падлеглая суду. Пастанову Першамайскага суда бацькі абскардзілі падаўшы прыватную скаргу ў Менскі гарадскі суд з тым, каб іх справа ўсё ж разгледзелі. Разгляд прыватнай скаргі бацькоў адбудзецца ў панядзелак 20 жніўня і будзе праходзіць у адкрытым судовым пасяджэнні.

На пасяджэнні суддзя прыме пастанову, ці дазволіць разгляд спрэчкі паміж бацькамі беларускамоўных дзетак і чыноўнікамі Першамайскага раёна ў судовым парадку.

Калі такая пастанова будзе прынятая, то далей павінен адбыцца адкрыты суд, дзе бацькі змогуць агучыць сваю пазіцыю, распавесці пра іх барацьбу за права дзяцей на выхаванне і адукацыю ў асяроддзі роднай мовы, а таксама паспрабуюць пераканаць суд стаць на іх бок і вымусіць чыноўнікаў да актыўных дзеянняў для змены сітуацыі, якая склалася з дашкольным выхаваннем.

Пасяджэнне пачнецца сёння а 15.00 у будынку Менскага гарадскога суда на адрасе Менск, вуліца Дуніна-Марцінкевіча, 1.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках