19 красавiка 2024, Пятніца, 5:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Справы ў беларускай эканоміцы зусім «швах»

54
Зміцер Бандарэнка: Справы ў беларускай эканоміцы зусім «швах»

Менавіта таму памяняўся ўрад.

З'явіўшыся на публіцы пасля «інсульту», Лукашэнка прыцягнуў увагу СМІ дзіўнымі паводзінамі, зладзіўшы 14 жніўня «разнос» ураду пасля сваёй паездкі ў Аршанскі раён.

Якія высновы можна зрабіць з «аршанскага скандалу» і змены ўрада, якая рушыла за ім? На пытанні Charter97.org адказвае каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Чаму дыктатар «сарваўся» менавіта цяпер? Што можа стаяць за ягонай істэрыкай і адстаўкай кіраўнікоў урада?

- Па-першае, змена ўрада сведчыць аб тым, што справы ў беларускай эканоміцы – проста «швах», нягледзячы на нібыта «эканамічны рост».

Па-другое, крыкамі, істэрыкай і кадравымі перастаноўкамі Лукашэнка спрабуе давесці, што ён па-ранейшаму з'яўляецца суб'ектам, што ён «жывы» палітычна і фізічна.

Але відаць, што скандал у Воршы быў загадзя падрыхтаваны, бо дыктатар спасылаўся на нейкія абмеркаванні і кадравыя пастановы яшчэ напярэдадні. Гэта задумвалася як публічны довад тэзіса «я яшчэ жывы».

Трэцяя прычына змены ўрада, на мой погляд, палягае ў тым, што існуе кантроль спецслужбаў за кожным чыноўнікам – у яшчэ большай ступені, чым за апазіцыянерамі – з боку КДБ і, галоўным чынам, ААЦ.

На нарадзе ў Воршы была бачная нянавісць Лукашэнкі да «Кабякова і кампаніі», як ён сам выказаўся. Мабыць, таму, што спецслужбы зафіксавалі: члены ўрада радаваліся разам з усім беларускім народам магчымай хваробе Лукашэнкі і яго магчымаму сыходу.

- Чаму, на вашу думку, прэм'ерам замест Кабякова прызначаны Румас?

- Ад перамены месцаў складнікаў сума не змяняецца. Прэм'ерам мог стаць хто заўгодна. Румас – гэта ўсё адно «старая калода». Ён як раз быў правераным кадрам падчас фінансавага крызісу, займаючы пасаду віцэ-прэм'ера са снежня 2010 да ліпеня 2012 года. Як раз падчас знаходжання Румаса ва ўрадзе адбылося самае глыбокае падзенне беларускага рубля – утрая ў дачыненні да даляра.

І толькі продаж «Белтрансгазу» і іншых аб'ектаў Расеі выратавала тады эканоміку. Таму, хто стаў прэм'ерам – румас, шумас, іваноў, сідараў – не мае розніцы.

Лукашэнку проста патрэбная была змена чыноўнікаў. Таму што справы ідуць дрэнна, міністры не слухаюцца – дах рамантаваць не хочуць, і эканоміка таксама не слухаецца.

Трэба было штосьці рабіць у гэтым катастрафічным стане, і вызначылі паступіць вось так.

- Гэта значыць, змена ўрада не паўплывае на сітуацыю ў краіне і на замежную палітыку рэжыму?

- Не. Таму што ідзе ўтрыманне ўлады кланам Лукашэнкі, у інтарэсах якога проста робяцца нейкія нарыхтоўкі для медыяў.

Для членаў урада – і ранейшага, і новага – відаць, што гэты чалавек неадэкватны і некампетэнтны. Ну які прэзідэнт якой краіны будзе разбірацца з дахамі ў нейкім раённым гарадку?

Зразумела, што ў раённых і абласных гарадах існуюць вялікія праблемы. Але цяпер, у 21-м стагоддзі, усім ужо зразумела, што нацыянальнае багацце ствараецца не краінамі і ўрадамі, а гарадамі і транснацыянальнымі карпарацыямі. Існуе канкурэнцыя гарадоў на розным узроўні, каб прыцягнуць інвестыцыі (а такім чынам – тэхналогіі і стварэнне новых працоўных месцаў) у сусветных брэндаў.

Вось гэтым трэба займацца прэзідэнту краіны і кіраўнікам гарадоў. Калі Лукашэнка раве штосьці пра «дэмакратыю», ён забывае, што ў нас наогул няма мэраў, няма кіраўнікоў абласцей і раёнаў. Ніхто з іх не абіраецца.

Кіраўнік краіны павінен думаць аб тым, як прыцягнуць інвестыцыі і праз абраных на месцах мэраў зрабіць іх даступнымі для невялікіх гарадоў.

Тая ж Ворша – гэта прымежны горад. Ён знаходзіцца як раз у раёне «Смаленскай брамы». Адпаведна, там павінны будавацца лагістычныя цэнтры. Таксама ён можа быць цікавы свету, дзякуючы турыстычным славутасцям: напрыклад, «стаянцы вікінгаў», бо менавіта там праходзіў «шлях з варагаў у грэкі». Гэта таксама – радзіма Караткевіча і месца Аршанскай бітвы.

Нават гэтая бітва магла б стаць тым брэндам, які прыцягнуў бы інвестыцыі. Гэтым маглі б займацца краіны, якія ўдзельнічалі ў бітве. Бо французы ўдзельнічаюць у рэканструкцыі бітвы пры Ватэрлоо, а немцы – у рэканструкцыі бітвы пад Грунвальдам.

Цяпер час эканомікі і маркетынгу гісторыі. Ворша – горад, які можа расказаць мноства гісторый і, адпаведна, прыцягнуць шмат інвестыцый. Той жа «шлях з варагаў у грэкі» мог бы з часам прыцягнуць скандынаўскія грошы – і не толькі ў турыстычны сектар.

Але калгасны дыктатар пырскае слінай і кажа, што дах не адрамантавалі і што ён камусьці «навязаў інструментальныя станкі». Гэта проста трызненне нейкае. Каму ты іх навязаў? Дзяржаўнаму прадпрыемству? Дык яно і не будзе іх выкарыстоўваць, яно проста не хоча іх выкарыстоўваць.

- Якія яшчэ высновы можна зрабіць з сітуацыі са зменай урада ў Беларусі?

- Гэта такая агонія ў брэжнеўскім стылі. Улады проста заяўляюць: мы хочам тут памяняць персаналіі, але сістэмы мяняць не будзем.

Дзяржаўныя і псеўданезалежныя СМІ пачынаюць тут штосьці шукаць: маўляў, Румас – рэфарматар і гэтак далей.

Паглядзіце, які ён «рэфарматар»: ён спрабаваў ратаваць рэжым Лукашэнкі, калі той быў у катастрафічнай сітуацыі, а лідары апазіцыі сядзелі ў турме. Нічога новага ва ўрадзе не будзе адбывацца.

Перамены пойдуць толькі са зменай Лукашэнкі ва ўладзе. А пакуль адбываецца імітацыя з мэтай паказаць, што ён «жывы» і ягоны мозг можа быццам бы выпрацоўваць нейкія ідэі.

Але толькі нічога не атрымліваецца. Атрымліваецца, як сказаў Лукашэнка, «дзіравыя дахі, прэзерватывы і іншая нарката». Вось тое, чым «набіты» яго мозг.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках