25 красавiка 2024, Чацвер, 4:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Куды знік экс-міністр прамысловасці Віталь Воўк?

28
Куды знік экс-міністр прамысловасці Віталь Воўк?
ВІТАЛЬ ВОЎК
ФОТА: OMSKPORTAL.RU

Журналісты паспрабавалі высветліць, ці паехаў Воўк у Воршу.

Скандал на Аршанскім інструментальным заводзе каштаваў пасады міністру прамысловасці Віталю Воўку.

«Хутчэй за ўсё, міністра сюды накіруем працаваць. У яго выбар адзін: ці турма, ці сюды», - кажа беларускі дыктатар.

Ці прыехаў Віталь Воўк у Воршу і на якой пасадзе ён там будзе працаваць?

«На нашым прадпрыемстве ніякіх кадравых змен не адбывалася. Кадравымі перамяшчэннямі былога міністра мы не займаемся», - адказвае «Еўрарадыё» намесніца дырэктара Аршанскага інструментальнага завода Таццяна Драбашэўская.

У мясцовым райвыканкаме з нагоды працаўладкавання Віталя Воўка таксама нічога не ведаюць. Новых прызначэнняў пакуль не адбылося.

«Дзве кандыдатуры новых намеснікаў сёння разглядаліся на ўзгадненні ў губернатара, - кажа першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Пац. - Наконт кандыдатуры былога міністра прамысловасці Воўка нічога не магу сказаць, бо такую пастанову прымае губернатар. Сярод дзвюх новых кандыдатур прозвішча былога міністра няма».

Канкрэтнай інфармацыі аб тым, дзе і на якой пасадзе будзе працаваць Воўк, няма і ў Віцебскім аблвыканкаме. Там кажуць, што такое пытанне разглядаецца, але ніякіх дэталяў не паведамляюць.

«Ідзе сталая кадравая праца. Так проста чалавека не прызначыць: пасада ці вакантнай павінна быць, ці здымаць кагосьці. Пакуль працаўладкаваннем былога міністра мы не займаемся», - кажа кіраўнік галоўнай управы арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі.

Магчыма, інфармацыя пра працаўладкаванне былога высокапастаўленага чыноўніка з'явіцца найбліжэйшым часам, а сам Воўк цяпер рыхтуецца да новага прызначэння. Бо выбар, як кажуць, у яго невялікі.

Віталь Воўк займаў розныя пасады на Менскім аўтамабільным заводзе і заводзе колавых цягачоў. У снежні 2014 года быў прызначаны міністрам прамысловасці Беларусі. 16 жніўня 2018 года вызвалены ад высокай пасады за невыкананне даручэнняў дыктатара ў комплексным развіцці Аршанскага раёна.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках