20 красавiка 2024, Субота, 0:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: У новага ўрада будуць так жа звязаныя рукі, як і ў ранейшага

12
Эканаміст: У новага ўрада будуць так жа звязаныя рукі, як і ў ранейшага
ВАДЗІМ ІЁСУБ
ФОТА: ONLINER.BY

Ад гэтых людзей ва ўрадзе не залежыць нічога.

Дыктатара змяніў некалькіх міністраў, віцэ-прэм'ераў і прэм'ер-міністра. Што зменіцца з новым кіраўніцтвам у эканоміцы краіны?

- Канцэптуальна ў палітыцы і эканоміцы з прыходам новых міністраў, віцэ-прэм'ераў і прэм'ера нічога не зменіцца. Шмат у чым у нас урад мае ролю выканаўцаў загадаў кіраўніка дзяржавы. А вось эканамічнай стратэгіі ўрада шырокай публіцы асабліва і не відаць. Ключавыя эканамічныя пытанні - быць ці не быць прыватызацыі, што з тарыфамі ЖКГ і дрэннай дзяржпазыкай і г. д. - вызначаюцца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Думаю, у эканамічнага блока новага ўрада будуць так жа звязаныя рукі, як і ў старога. Застаецца спадзявацца, што горш не стане, - кажа kp.by старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іёсуб.

- З чым жа тады не справіўся ранейшы ўрад? З тым, што хацеў заводы прыватызаваць, а заробак да 1000 рублёў не дацягнуў?

- Наўрад ці новы ўрад пачне больш актыўную працу павышэння даходаў – усё ж друкаваны станок знаходзіцца не ў iх, а ў Нацбанку. Хоць могуць быць і нейкія адміністрацыйныя захады. Што тычыцца нейкага імпэту ранейшага ўрада наконт прыватызацыі, то мы пра гэта даведаліся толькі ў момант адстаўкі ранейшага ўрада. Публічнага абмеркавання ці праграмы прыватызацыі, якая рэальна працуе, не было. Усё, імаверна, разглядалася кулуарна. Магчыма, дырэктары заводаў і давалі справаздачы перад міністрамі, але публіка нічога пра гэта не ведала. І я не бачу рэвалюцыйных зменаў у гэтай сферы ад новага ўрада.

- Мы цяпер просім чарговы крэдыт у Расеі. З новым урадам нам будзе прасцей браць крэдыт у Расеі або складаней?

- Ад гэтых людзей ва ўрадзе не залежыць у плане крэдытаў нічога. Сюды ж можна аднесці гандлёвыя войны, пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў. З часоў першай газавай вайны 2006 года і нафтагазавыя канфлікты, і просьбы пра крэдыты паміж Беларуссю і Расеяй праходзяць паводле аднаго сцэнару. Спачатку перагаворваюцца профільныя міністры, потым - профільныя віцэ-прэм'еры, затым - прэм'ер-міністры. А рэальна вызначаецца ўсё толькі на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Таму што да ўсіх эканамічных пытанняў звычайна прыфастрыгоўваюцца палітычныя пытанні. Таму, мне здаецца, пытанні аб новым крэдыце таксама будуць закрываць прэзідэнты дзвюх краін, а змены ў складзе нашага ўраду нічога не зменяць.

- 22 жніўня будзе прыняты пакет амерыканскіх санкцый у дачыненні да Расеі. У верасні ў ЗША разгледзяць яшчэ адзін пакет санкцый. На Беларусі гэта неяк адаб'ецца?

- Расея - наш найбліжэйшы эканамічны партнёр, асноўны рынак збыту. Акрамя таго, мы па-ранейшаму моцна залежым ад расейскіх датацый у выглядзе і наўпроставых крэдытаў, і крэдытаў праз ЕАБР, і скідак на нафту і газ... Калі ў дачыненні да Расеі пачнуць дзейнічаць санкцыі, відавочна, што попыт на беларускую прадукцыю паменшыцца, пачнуцца тыя ж негандлёвыя бар'еры - ізноў высветліцца, што беларускія мяса і малочная прадукцыя «атрутныя». Безумоўна, што ўсё гэта адаб'ецца на нашай эканоміцы. Каб менш адбівалася, эканоміка павінна быць больш дыверсіфікаванай. А ў нас у гэтым плане нічога, акрамя лозунгаў, не робіцца. Усё ўпіраецца ў нежаданне рабіць сур'ёзныя рынкавыя рэформы, якія б змянілі спектр нашай прадукцыі, яе сабекошт, суадносіны кошту і якасці. Пакуль жа мы чуем, што нельга змяняць профіль прадпрыемстваў, звальняць людзей. Гэта значыць, што нельга павышаць эфектыўнасць, памяншаць сабекошт прадукцыі. І нашы тавары, акрамя як у Расеі, больш нідзе не патрэбныя. І, як мы бачым, паўнамоцтваў у нашага ўрада развязваць гэтыя пытанні няма.

- Калі мы пацерпім ад расейскіх санкцый, то і гэты ўрад могуць змяніць?

- Могуць змяніць, а могуць і не. З лаўкай запасных усё складана. Калі крызіс звязаны з ўнутранымі прычынамі, можна змяніць урад, каб змянілася эканамічная палітыка і нешта палепшылася. Калі прычынай крызісу будуць санкцыі супраць Расеі, то ніводзін урад сітуацыю не зменіць. Добра змяняць урад пад нейкія паляпшэнні. Напрыклад, у нас сур'ёзна змяніўся эканамічны блок урада і каманда ў Нацбанку ў пачатку 2015 года. Адразу змяніўся падыход да валютнага палітыкі, шэраг падыходаў у эканоміцы. І гэта можна паставіць у плюс тым людзям, якія цяпер сышлі. Калі крызіс будзе выключна вонкавы, то цяжка будзе сказаць, што мы паставім новы ўрад і будзем жыць лепш.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках