24 красавiка 2024, Серада, 1:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нас ператварылі ў «спадарожнік-спальнік»

4
«Нас ператварылі ў «спадарожнік-спальнік»

Жыхары Бараўлянаў патрабуюць чалавечых умоў жыцця.

Бараўляны ўжо даўно толькі фармальна называюцца вёскай: нягледзячы на раённае падпарадкаванне, гэта хутчэй звычайны менскі спальнік, піша tut.by.

Прычым разрастаецца ён з неймавернай хуткасцю: колькасць «вясковых» за апошнія гады вырасла з 18 да 51 тысячы. Такім прыростам не можа пахваліцца ніводзін з анансаваных гарадоў-спадарожнікаў. Пры гэтым катастрафічна не стае школ, дзіцячых садкоў, паліклінікі. І тое, як улады спрабуюць развязаць гэтыя праблемы (пабудаваць дзіцячы садок і школу, высекшы частку лесу), задавальняе далёка не ўсіх мясцовых жыхароў. Учора ініцыятыўная група Бараўлянскага сельсавета сабрала журналістаў, каб данесці сваё бачанне сітуацыі.

— На жаль, нам так і не ўдалося дасягнуць паразумення з тымі, хто падпісвае пастановы ў пытаннях развіцця нашага сельсавета, — заявіў прадстаўнік ініцыятыўнай групы Іван Вайтовіч. — Мы неаднаразова чулі на высокім узроўні аб непажаданым ушчыльненні Менска і прысталічных тэрыторый, аб задачах развіцця гарадоў-спадарожнікаў, а замест гэтага бачым толькі высокія тэмпы росту колькасці жыхароў у Бараўлянах, Лясным і Ляскоўцы (агламерацыя населеных пунктаў Бараўлянскага сельскага савета). Пра гэта кажа статыстыка: у Менскі раён за апошнія 5 гадоў прыбыло больш за 42,5 тысячы жыхароў і ледзь менш паловы з іх пасяліліся ў Бараўлянскім сельсавеце. Такіх паказчыкаў няма ні ў адным горадзе-спадарожніку. Магчыма, факт некантраляванага засялення Менскага раёна стане адказам на пытанне «чаму буксуе дзяржаўны план развіцця гарадоў-спадарожнікаў?».

Сябры ініцыятыўнай групы падалі грамадскасці і іншыя цікавыя факты. За апошнія 5 гадоў у Лясным, Бараўлянах і Ляскоўцы пабудаваныя толькі адна школа і два дзіцячыя садкі, дабудоўваецца яшчэ адна школа.

— У нас няма дзіцячай паліклінікі, хоць дзіцячага насельніцтва больш за 13 тысяч, няма спецыялізаваных фізкультурна-аздараўленчых аб'ектаў і пазашкольных устаноў, — кажа Іван Вайтовіч. — Паводле інфармацыі ўправы адукацыі Менаблвыканкама, бараўлянскія школы перагружаныя ў 2,4 разы. Больш за дзве тысячы школьнікаў наведвалі менскія школы, гэтак жа, як і больш за 1200 дашкольнікаў — менскія садкі. Толькі гэтыя сухія лічбы даюць падставу сцвярджаць, што больш за 3500 бараўлянскіх дзяцей пазбаўленыя гарантаваных сацыяльных аб'ектаў крокавай даступнасці. Увод у эксплуатацыю адной новай школы праблему не развязвае.

На мерапрыемстве выступіў намеснік старшыні Бараўлянскага сельсавета Сяргей Кандрашын.

— Сацыяльных аб'ектаў катастрафічна бракуе, — не стаў адмаўляць праблем прадстаўнік сельвыканкама. — Летась у чарзе ў дзіцячы садок стаяла 4,5 тысячы дзяцей, у гэтым — блізу 6 тысяч. Паводле новага Генплану прадугледжваецца будаўніцтва чатырох школ і сямі дзіцячых садкоў. Ён ужо прайшоў тры горадабудаўнічыя рады, дзяржэкспэртызу, трэба толькі дачакацца пастановы раённага «савета дэпутатаў».

Намеснік старшыні сельсавета заявіў, што цяпер даводзіцца выпраўляць мінулыя памылкі.

Зрэшты, жыхары Бараўлянаў не супраць новых школ і садкоў. Іх абурае пастанова высечкі 4,8 га лесу пад іх будаўніцтва далёка за межамі новых кварталаў.

— Да такога перакосу Бараўляны прыйшлі дзякуючы таму, што бурнае жыллёвае будаўніцтва вялося без аглядкі на генеральны план, а ў ім, дарэчы, былі месцы і для дзіцячых садкоў і школ, — кажа Іван Вайтовіч. — Калі зірнуць на мапу менскай Каменнай Горкі, то можна ўбачыць даслоўна свабодныя ўчасткі пад будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў. Іх забудоўшчыкі не чапалі. У Бараўлянах жа толькі сёлета прыступілі да будаўніцтва двух жылых дамоў там, дзе можна было пабудаваць школу і садок. Высечка 3 гектараў лесу развязвае праблему з зямлёй ЖБВК «Уланбуд-2». Прадаўжаецца будоўля жылога комплексу «Аляксандраў парк» без сацыяльна гарантаваных садкоў і школ... І гэта не поўны спіс.

Летась мясцовыя жыхары прапаноўвалі будаваць дзіцячы сад і школу не на месцы пяці гектараў лесу, а ў полі. Аднак тады ім адказалі, што сельгасугоддзі забароненыя да засваення адпаведнымі даручэннямі дыктатара. Цяпер там усё ж будуць будаваць новы жылы квартал, ПДП ужо распрацаваны. Слушнае пытанне: чаму ўлады вызначылі, што лепш пайсці на канфлікт з насельніцтвам, высечы кавалак лесу, але пабудаваць сацаб’екты менавіта тут?

Выступоўцы звярнулі ўвагу, што дзяржаўная горадабудаўнічая палітыка ставіць задачу «выключыць наступ забудоўшчыка на ландшафтна-рэкрэацыйныя зоны».

— Згодна з дзейным у Бараўлянах генпланам, высечаны лес належыць менавіта да гэтай катэгорыі. Але мясцовыя выканкамы наважылі абыйсці гэтую норму, перапісаўшы генплан. Зірніце на артыкул 38 Кодэкса Беларусі аб зямлі. Каб высекчы лес пад будаўніцтва кожнага аб'екта, трэба пераканацца, што побач няма іншых месцаў для іх размяшчэння. Але ў Бараўлянах ёсць такія месцы: суседняе поле, унутры квартала ў ВК «Зялёны Бор», можна прыбудаваць дадатковы корпус да школы № 1, трансфармаваць прамысловую зону, так званы «ВУчгас». Нарэшце, пайсці шляхам гамельчукоў і ўбудаваць памяшканні садкоў на першых паверхах.

Апошняя надзея абаронцаў ляснога масіва знаходзіцца ў самым лесе. Спецыялісты Нацыянальнай акадэміяй навук правялі буйнамаштабнае абследаванне і афіцыйна пацвердзілі, што тут растуць біятопы чырвонакніжных відаў. Напрыклад, высечка лесу пагражае папуляцыі лілеі кудраватай.

Мясцовыя жыхары размясцілі ў сеціве відэа пра свой лес:

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках