29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мэркель едзе ў Азербайджан наконт газаправода ў абыход Расеі

7
Мэркель едзе ў Азербайджан наконт газаправода ў абыход Расеі

Праект адпраўляе на другі план «Паўночны струмень-2».

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель на гэтым тыдні адпраўляецца ў Азербайджан, каб абмеркаваць пытанне трубаправода для дастаўкі газу ў Еўропу з Каспійскага мора.

Пра гэта піша Reuters.

Візіт падкрэслівае адкрытасць Мэркель да пошуку альтэрнатыўных крыніц даступнага газу, нягледзячы на тое, што яна застаецца адданай трубаправоду «Паўночны струмень-2», які будзе транспартаваць газ наўпрост з Расеі праз Балтыйскае мора ў Нямеччыну.

«Мы вельмі зацікаўлены ў далейшым развіцці Паўднёвага калідора», - сказаў высокапастаўлены прадстаўнік урада Нямеччыны. «Гэта частка стратэгіі дыверсіфікацыі ЕЗ паставак газу з іншых рэгіёнаў, не толькі з Расеі, у Еўропу».

У Баку Мэркель абмяркуе энэргетычныя пытанні, напрыклад, паляпшэнне інфраструктуры для транспартавання газу з Азербайджана ў Еўропу праз Турцыю, паведамілі афіцыйныя асобы.

Азербайджан, відавочна, будзе адыгрываць вызначальную ролю, бо плануе запусціць другую нітку газаправода з буйнога радовішча Шахдэніз у Еўропу. Чакаецца, што з 2020 года «Шахдэніз II» будзе здабываць 16 млрд кубаметраў газу на год, з якіх 10 млрд кубаметраў будуць транспартаваныя ў Еўропу, а 6 млрд кубаметраў - у Турцыю і Грузію.

Пазней газ можа быць завезены з Туркменістана, Ірана і Ірака ў Еўропу. Дзеля прагрэсу ў гэтым месяцы Іран, Расея, Казахстан, Туркменістан і Азербайджан у прынцыпе дамовіліся аб тым, як падзяліць патэнцыйна вялізныя нафтагазавыя рэсурсы Каспійскага мора.

Аднак «Паўднёвы газавы калідор» засланяе «Паўночны струмень-2», ініцыятыву «Газпрома», якая падвоіць экспартныя магутнасці Расеі ў Еўропу да 110 млрд кубаметраў. Гэты трубаправод ухваляе вялікая частка нямецкай прамысловасці, якая хоча як мага больш таннага газу.

У мінулым месяцы прэзідэнт ЗША Трамп, які цісне на Нямеччыну, каб тая набывала больш звадкаванага прыроднага газу ЗША, раскрытыкаваў Нямеччыну як «закладніцу» Расеі за яе залежнасць ад расейскай энэргетыкі. Нямеччына зняпраўджвае абвінавачванні. Трамп назваў «Паўночны струмень-2» «жахлівым».

Нямеччына імпартавала 39% свайго газу з Расеі ў першай палове 2018 года, паказалі звесткі дзяржаўнай замежнагандлёвай структуры BAFA.

Мэркель абмяркоўвала энэргетыку на перамовах з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным у палацы пад Берлінам у выходныя. Яна спрабуе супакоіць некаторых крытыкаў «Паўночнага струменю-2» гарантыяй, што Украіна не пацерпіць ад зніжэння даходаў ад транзіту газу.

Мэркель таксама едзе ў Грузію і Арменію ў трохдзённую паездку, якая пачынаецца ў чацвер. У суботу яна правядзе перамовы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.

Як вядома, «Паўднёвы газавы калідор» ці Трансадрыятычны трубаправод (TAP) працягласцю 870 км будзе пачынацца ў Камаціні ў Грэцыі і прадоўжыцца да Апуліі ў Італіі праз Албанію.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў ужо запусціў Трансанаталійскі газаправод у Турцыю (TANAP) - першую нітку праекта «Паўднёвы газавы калідор», па якім газ будзе транспартавацца з Азербайджана ў ЕЗ.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках