25 красавiка 2024, Чацвер, 7:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даляр адрэагаваў на антырасейскія санкцыі і падаражэў

2
Даляр адрэагаваў на антырасейскія санкцыі і падаражэў

Еўра падрос яшчэ больш, а расейскі рубель стабільна ідзе ўніз.

22 жніўня ўвайшоў у дзеянне пакет санкцый ЗША ў дачыненні да Расеі. Пастанова была ўпершыню апублікаваная на сайце Дзярждэпартамента позна ўвечары 7 жніўня. Прычым санкцыі былі прынятыя як пакаранне за хімічныя атакі ў Вялікай Брытаніі, піша kp.by.

Што гэта за санкцыі? Гэта забарона паставак у Расею прадукцыі вайсковага і двайнога прызначэння, сур'ёзнае скарачэнне імпарту і экспарту. Калі Расея не надасць доступ да інспекцыі сваёй хімічнай і біялагічнай зброі, то магчымае паніжэнне ўзроўню дыпламатычных стасункаў.

Прыкладна ў тыя ж дні на сайце Кангрэса ЗША быў апублікаваны законапраект аб яшчэ адных санкцыях у дачыненні да Расеі. Прычым дакумент нашмат больш жорсткі, чым яго раней анансавалі. Напрыклад, там прапісаная забарона на куплю новай расейскай пазыкі, санкцыі ў дачыненні да расейскіх дзяржбанкаў. Адразу пасля гэтых навінаў расейскі рубель пачаў падаць і 8 жніўня апусціўся да ўзроўню ліпеня 2016 года! Аўтаматычна на ўсё гэта адрэагаваў і беларускі рубель. Экспэрты тады запэўнівалі, што наступныя ваганні нас чакаюць 22 жніўня. І вось на таргах у сераду на Беларускай валютна-фондавай біржы даляр ЗША павысіўся на 0,04%, еўра - на 0,58%, а расейскі рубель патаннеў на 0,58%. Валюта адрэагавала на санкцыі? Ці рэакцыя яшчэ наперадзе?

- Гэта не тыя санкцыі, якіх насамрэч трэба баяцца. Больш сур'ёзныя - тыя, што звязаныя са стратэгічнымі кампаніямі нафтагазавага сектара, банкамі і расейскай дзяржаўнай пазыкай, - будуць разглядаць у верасні. Тое, што адбылося цяпер, не вельмі ўплывае на курс рубля, бо на фоне боязі і чаканняў ён і так падае. І пакуль сітуацыя з расейскай дзяржпазыкай і банкамі не развяжацца, рубель і далей можа таннець, - тлумачыць Жанна Кулакова, фінансавая кансультантка TeleTrade (ТАА «ТэлетрэйдБел»). - Зніжэнне рубля, якое адбылося ў сераду, напраўду нязначнае. І тут складана дакладна сказаць, што гэта - рэакцыя на дробныя санкцыі ці чаканне буйных санкцый у будучыні. Але гэта ў кожным выпадку можна аб'яднаць пад паняцце «геапалітычныя фактары і рызыкі». Прычым іх уплыў мы будзем адчуваць даволі доўга.

- А чаму еўра падаражэў больш, чым даляр?

- Гэта звязана з дынамікай пары еўра - даляр на міжнародным рынку, і гэта таксама вонкавы фактар. Цяпер даляр слабее ў дачыненні да многіх сусветных валют, у тым ліку да еўра. Аўтаматычна мы гэта бачым і ў нас. На мінулым тыдні, напрыклад, была зваротная сітуацыя. Але так як падобнае адбываецца ва ўсім свеце, то на пазіцыі рубля агулам гэта ўплывае мала. Проста мяняецца крос-курс.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках