25 красавiка 2024, Чацвер, 7:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: Мы на парозе «грандыёзнага вэрхалу»

39
Леанід Судаленка: Мы на парозе «грандыёзнага вэрхалу»

Улада не зможа кантраляваць паўсталы народ.

Лукашэнка вельмі баіцца народных бунтаў. І справа прафзвязаў – адзін з доказаў гэтаму.

Пра гэта сайту Charter97.org заявіў прававы інспектар працы незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у Гомельскай вобласці Леанід Судаленка, каментуючы прысуд суда, вынесены лідарам прафзвязу Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку ў пятніцу, 24 жніўня.

– Пасля таго, як пракурор запрасіў абвінаваўчы прысуд у выглядзе чатырох гадоў «хіміі», мала ў каго былі сумневы, што прыблізна так яно і будзе. Я асабіста прагназаваў, што будзе прысуджана 3,5 гады «хіміі»: звычайна практыка такая, што суддзя трошку зніжае лічбу, патрабаваную пракурорам.

Таму я магу сказаць, што прысуд вынесены жорсткі, ён носіць абвінаваўчы і палітычны характар. Відавочна, што гэты прысуд прымаўся не ў дарадчым пакоі суддзі.

Паводле сваёй прыроды «хатняя хімія» ў падобнай справе – дастаткова жорсткі прысуд. Чалавек вельмі моцна абмяжоўваецца ў сваіх правах. Гэта тое самае пазбаўленне волі, толькі з адтэрміноўкай. Цягам чатырох гадоў Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік будуць вымушаныя падпарадкоўвацца жорсткім абмежаванням: хадзіць толькі ў дзённы час з працы і на працу, не адхіляючыся ад маршруту, у вечаровы, начны час і ў выходныя дні – знаходзіцца дома. У любы час да іх можа прыйсці выканаўчая інспекцыя. І не дай Бог, яна выявіць нейкае парушэнне.

У выпадку «парушэнняў» захад стрымання можа быць зменены і лідараў прафзвязу РЭП могуць змясціць у ІЧУ пад варту з наступным пераглядам прысуду.

Акрамя таго, «хатняя хімія» дапускае ўжыванне спецыяльных сродкаў, якія дазваляюць кантраляваць месцазнаходжанне асуджаных – так званых бранзалетаў. Я ўжо не кажу пра паездкі за мяжу або ў іншыя гарады і пра актыўнае прадаўжэнне прафзвязнай дзейнасці – гэта ўсё цягам чатырох гадоў будзе для лідараў РЭП недаступным.

Таму я хачу яшчэ раз падкрэсліць: прысуд жорсткі і носіць палітычны характар.

Не трэба таксама забывацца, што некаторыя эпізоды дзейнасці прафзвязу следства вылучыла ў асобную вытворчасці. Таму можна меркаваць, што будзе яшчэ адна крымінальная справа ў дачыненні да лідараў прафзвязу.

– Чаму ўлада пастанавіла ўдарыць менавіта ў прафзвяз РЭП?

– Таму што гэта сёння – найбольш эфектыўна дзейная структура грамадзянскай супольнасці. Я цалкам згаджаюся з меркаваннем незалежнай журналісткі Ірыны Халіп: прафзвяз РЭП апошнім часам стаў сапраўдным народным лідарам.

Хачу сказаць як чалавек, які бачыць жыццё прафзвязу знутры і практычна штодня абараняе ў судах працоўныя правы грамадзянаў: у 95% выпадкаў у нас заўсёды атрымліваецца перамагчы. А гэта значыць – абараніць правы простага працоўнага народа. Вядома, гэта не спадабалася ўладзе. Вядома ж, яна баіцца росту папулярнасці лідараў РЭП сярод працоўных.

Чаго вартыя толькі «дармаедскія» акцыі 2017 года, калі прафзвяз падтрымаў і пачаў каардынаваць народныя пратэсты.

Увядзіце ў Google слова «прафзвяз РЭП» – і абавязкова ўбачыце загалоўкі «атрымаў перамогу», «абараніў», «дапамог працоўнаму вярнуць» і гэтак далей.

А колькі людзей, якія атрымалі вытворчую траўму, якую наймальнік хацеў выдаць за побытавую, звярталіся ў прафзвяз! Я выдатна гэта памятаю: гэтая справы праз мяне праходзілі. Мы і праз 5-6 гадоў дапамагалі людзям аднавіцца ў сваіх правах і атрымаць кампенсацыю.

Прафзвяз працуе на «выдатна», таму ўлада не магла не спалохацца і не абрынуць на яго ўсю моц свайго рэпрэсіўнага апарату.

Але праз поўную адсутнасць доказаў і пад ціскам грамадзянскай супольнасці – асобна хачу сказаць "дзякуй" тым, хто ўсе гэтыя дні прыходзіў на суд і асвятляў працэс у незалежных СМІ – улада не адважылася вынесці прысуд, звязаны з зняволеннем у турме. Улада баіцца як дзейнасці прафзвязу, так і беларускай і міжнароднай салідарнасці з ім. Пасадзі сёння лідараў РЭП за краты – і наступствы для рэжыму будуць вельмі сур'ёзнымі.

– Вы сказалі што ўлада баіцца як самога прафзвязу, так і наступстваў сваіх рэпрэсій супраць яго. На чым заснаваныя страхі кіроўчага рэжыму?

– Улада больш за ўсё баіцца таго, што людзі масава выйдуць на вуліцы. Таму «там» заўсёды маніторылі, манітораць і будуць маніторыць народныя настроі. Менавіта аб'ектыўныя настроі – пра якія нам ні ў якім разе не раскажуць праз тэлевізар.

Калі ў 2017 годзе простыя людзі выйшлі на вуліцы – а я сам быў удзельнікам гэтых падзей – улада разгубілася.

У нас, у Гомелі, 17 лютага 2017 года, калі на вуліцы выйшла больш за 3 тысячы чалавек, улада не ведала, што рабіць. Гэта была найбуйнейшая акцыя за апошнія 20 гадоў. Ініцыятыва ў той дзень цалкам перайшла на бок народа. На цэнтральнай плошчы горада кожны выступаў з трыбуны і казаў у мегафон усё, што думае.

Вядома, потым улада згрупавалася і пачала адказваць адміністрацыйнымі справамі, але, падкрэсліваю, у той дзень ініцыятыва цалкам перайшла да народа. Мы ішлі і бачылі: гарадское кіраўніцтва разгубілася, «мэр» горада і апрануты ў «цывільнае» кіраўнік міліцыі стаялі ў баку і не ведалі, што рабіць. Памятаю, што Лукашэнка ў той дзень адседжваўся ў Сочы – здаецца, дамаўляўся з Пуціным пра чарговы крэдыт...

Сацыяльныя бунты – гэта тое, чаго больш за ўсё баіцца Лукашэнка. Улада не зможа кантраляваць паўсталы народ. Калі заўтра з нейкіх прычынаў у тым самым Менску на вуліцы выйдзе 20–25 тысячаў простых працоўных – улада не будзе ведаць, што рабіць. Адна справа – ужыць сілу супраць 1,5 тысячы актывістаў, якіх потым можна абылгаць у афіцыйных СМІ, і зусім іншая справа – разганяць увесь народ, які выйшаў пратэставаць таму, што «нізы ўжо не могуць», як той казаў.

Лукашэнка вельмі баіцца народных бунтаў. І справа прафзвязаў – адзін з доказаў гэтаму. Мы, як гаварылася ў вядомым фільме, напярэдадні «грандыёзнага шухеру». 2019 і 2020 гады будуць вельмі няпростымі для рэжыму, у тым ліку і ў палітычным сэнсе. Павінныя адбыцца парламенцкія і прэзідэнцкія «выбары», а электарату ў Лукашэнкі практычна не засталося. Ягоны апошні «ўсхліп» – павышэнне на 10% пенсій перад электаральнымі кампаніямі. Думаю, у найбліжэйшы час ён ужо не зможа сабе больш такога дазволіць.

Усе гэтыя складнікі характарызуюць сённяшнюю сітуацыю. Восень будзе дастаткова праблематычнай для ўлады, паколькі мы бачым, што Расея не дае крэдытаў у тым аб'ёме, які патрэбны, ды яшчэ рыхтуе павышэнне коштаў на нафту. МВФ таксама не дае грошай без жорсткіх і непапулярных рэформаў. Замкнёнае кола. Куды падзецца? І гэта ўсё робіць зразумелым, чаму ўзнікла «справа прафзвязаў».

– Яшчэ падчас суду над лідарамі РЭП міжнародныя прафзвязы заяўлялі пра неабходнасць увядзення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Ці ёсць верагоднасць, што іх увядуць цяпер, пасля прысуду?

– Прысуд, які вынесены, з'яўляецца абвінаваўчым. І гэта – падстава, каб патрабаваць такіх санкцый. Вядома ж, наш прафзвяз зробіць усё, каб міжнародныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ўвялі. Гэтая ўлада ўспрымае толькі размову з пазіцыі сілы.

Калі мы пакажам сябе слабымі, пагодзімся з гэтым прысудам – гэта будзе вялікай памылкай. Прысуд дастаткова сур'ёзна абмяжоўвае свабоду Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка напярэдадні грандыёзных падзей. Акрамя гэтых 4 гадоў «хіміі», яшчэ наступныя пяць гадоў, згодна з артыкулам прысуду, лідары РЭП будуць пазбаўленыя правоў і не змогуць займаць кіроўчыя пасады.

Цяпер Генадзю Фядынічу 61 год. Значыць, да 70 гадоў ён будзе абмежаваны ў правах. Улада ведала, што рабіла. Яна разумела, што Фядыніч набірае папулярнасць у працоўнага народа і, магчыма, паспрабуе свае сілы ў палітыцы.

Таму мы ўсё гэта так не пакінем і будзем прадаўжаць барацьбу.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках