20 красавiка 2024, Субота, 4:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міжнародны дзень зніклых: Дзе Захаранка, Ганчар, Красоўскі і Завадзкі?

11
Міжнародны дзень зніклых: Дзе Захаранка, Ганчар, Красоўскі і Завадзкі?

Міжнародны дзень зніклых без вестак людзей штогод адзначаецца 30 жніўня.

У Беларусі палітыкі Юрый Захаранка, Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадзкі зніклі пры загадкавых абставінах.

Міжнародны дзень зніклых без вестак людзей штогод адзначаецца 30 жніўня. Першапачаткова з ідэяй прысвяціць гэты дзень зніклым людзям выступіла ў 80-х гадах лацінаамерыканская федэрацыя сваякоў зніклых людзей FEDEFAM, а пазней дата стала міжнароднай. Праблема зніклых без вестак актуальная для Беларусі.

У гэты дзень Чырвоны Крыж нагадвае пра тое, што права сваякоў людзей, зніклых без вестак, ведаць пра лёс блізкіх, - гэта адзін з галоўных пунктаў міжнароднага гуманітарнага права і правоў чалавека. Яно дзейнічае незалежна ад таго, калі і пры якіх абставінах чалавек прапаў без вестак.

Незлічонаму мноству людзей ва ўсім свеце не дае спакою знікненне іх родных. Зніклыя становяцца для блізкіх не жывымі і не мёртвымі. Іх маці і бацькі, жонкі і мужы, сваякі і сябры не могуць ні аплакаць страту, ні парадавацца вяртанню сваіх любых.

У гэты дзень у многіх краінах праводзяцца мерапрыемствы, якія закліканы захаваць памяць аб тых, чый лёс дагэтуль невядомы.

Колькасць зніклых без вестак людзей узрастае падчас узброеных канфліктаў. У Беларусі няма войнаў і канфліктаў, але чатыры чалавекі - палітыкі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі, - зніклі пры загадкавых абставінах. Крымінальныя справы аб іх знікненні не раз прыпынялі, потым аднаўлялі зноў. Родныя і блізкія ўжо страцілі надзею.

«Ніякага зруху няма. Так, раз на квартал мне паведамляюць пра працяг следчых дзеянняў, дасылаюць паперку-адпіску. Я не веру ні ў якую працу следчых органаў, абсалютна», - кажа Зінаіда Ганчар, жонка вядомага палітыка Віктара Ганчара, які знік у 1999 годзе.

Патрабаванні раскрыць праўду пра выкраданні гэтых людзей утрымліваюцца ў рэзалюцыях Камісіі правоў чалавека ААН, парламенцкай Асамблей Рады Еўропы і АБСЭ.

Маці зніклага ў 2000 годзе аператара расейскага тэлеканала ОРТ Змітра Завадскага Вольга Рыгораўна таксама не верыць, што будуць нейкія зрухі ў справе сына:

«Надзей у мяне няма. Цягам усіх гэтых гадоў пракуратура не дае разгорнутага адказу на ўсе пытанні. Адны адпіскі, у якіх гаворыцца, што праводзяцца нейкія следчыя мерапрыемствы, справа не закрываецца, а прыпыняецца. Нам ні разу не далі адказу, якія ж мерапрыемствы праводзіліся, і да якіх вынікаў яны прывялі».

У сем'ях Віктара Ганчара і Змітра Завадзкага без бацькі выраслі і пасталелі сыны, у Анатоля Красоўскага - дочкі. Сям'я зніклага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі вымушана была з'ехаць у Нямеччыну.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках