20 красавiка 2024, Субота, 9:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Перамены трэба пачынаць з адстаўкі Лукашэнкі

61
Станіслаў Шушкевіч: Перамены трэба пачынаць з адстаўкі Лукашэнкі
СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ
ФОТА: KP.BY

Беларусь будзе моцнай і дэмакратычнай.

Беларусы далей галасуюць нагамі супраць палітыкі Лукашэнкі. Усё часцей нашы суайчыннікі выбіраюць для працоўнай эміграцыі заходнюю суседку Беларусі - Польшчу.

Толькі ў першым паўгоддзі 2018 году польскія працадаўцы падалі 33 тысячы заяў аб прыняцці на працу грамадзян Беларусі. Гэта адразу на 37% больш, чым у першым паўгоддзі 2017 года.

Чаму беларусы наважваюцца на даволі няпросты крок, пакідаючы сваю радзіму? Адказ хаваецца ў іншай цікавай лічбе. Белстат заявіў, што больш за паўмільёна беларусаў жывуць за мяжой беднасці. Лічба дзівіць. Нават афіцыйная статыстыка заяўляе аб тым, што так шмат беларусаў знаходзіцца ў катастрафічным становішчы. А калі ўявіць рэальны маштаб праблемы?

Крызіс беларускай эканомікі сайту Charter97.org пракаментаваў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

- Безумоўна, вельмі сумна, што ў 21 стагоддзі існуе такое паняцце, як беднасць. Але мяне радуе тое, што беларусы знаходзяць сілы і магчымасці зарабляць грошы. Хочацца шукаць пазітыўныя бакі ў сітуацыі, якая склалася. Мы самі таго не ўсведамляем, што знаходзячыся ў такім становішчы беларусы працягваюць трымацца. Гэта ўнікальная здольнасць нашага народа.

Многія нашы суайчыннікі з'язджаюць за мяжу, бо могуць там хоць нешта зарабіць. Нашы людзі вельмі дысцыплінаваныя, працаздольныя, умеюць рабіць тое, што не могуць іншыя. Менавіта з гэтай прычыны беларусы так цэняцца за мяжой. На жаль, на сёння, за мяжой таленты нашага народа больш запатрабаваныя, чым на радзіме. Я ведаю шмат людзей, якія пасля таго, як абараняюць кандыдацкія дысертацыі, з'язджаюць з Беларусі. Вельмі шмат хто з'язджае ў тую ж самую Польшчу.

Спадзяюся, што гэты агідны палітычны рэжым зменіцца, і беларусы пабудуюць новую краіну. І ў гэтым ім дапамогуць тыя людзі, якія вернуцца з-за мяжы.

- Зусім нядаўна Лукашэнка заявіў, што ягоны галоўны страх - гэта эканоміка. Ці ёсць сёння ў дыктатара нагода для страху?

- Падстаў звышдастаткова. Ведаеце, мы працягваем слухаць «абяцанкі-цацанкі» ад чалавека, які зусім не арыентуецца ў эканоміцы.

У ручным кіраванні працуе тое, што можна было перавесці ў аўтаматычны рэжым. Але для гэтага трэба змяніць заканадаўства і палітычную сістэму. А з дапамогай тых захадаў, якія прымае Лукашэнка, мы нічога не даб'ёмся.

Корань праблемы ў тым, што галоўная мэта дыктатара - захаванне ўлады ў краіне. Вось і ўсё. У ход ідуць усе магчымыя і немагчымыя метады. Напрыклад - перастаноўкі ва ўрадзе.

Заменай кіраўніцтва ўрада, які ён толькі што прызначыў, не атрымаецца змяніць жыццё краіны да лепшага. Але гэта вельмі далёка ад ягонага разумення, бо ён - малаадукаваны чалавек. Асабліва ў эканамічнай сферы.

- Што ж прымусіла дыктатара замяніць урад?

- Не хочацца ўспамінаць адэскі анекдот пра тое, што трэба мяняць у бардэлі, калі там дрэнна ідуць справы. Звярніце ўвагу на тое, з якой фармулёўкай Лукашэнка змяняе ўрад. «За невыкананне загадаў». Гэта глупства, а не матыў. Бо бываюць разумныя і неразумныя загады. Калі б ён сказаў, што звальняе за невыкананне сваіх дурных загадаў - гэта была б правільная фармулёўка.

Хачу вас запэўніць, што нічога не зменіцца, пакуль Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе. Інтарэсы краіны яго не хвалююць. Ён мяняе ўрад на сваё «жаданне».

Падам просты прыклад. Лукашэнка загадаў трымаць інфляцыю на ўзроўні 1-2%. Ён жа не разумее, што інфляцыя не падпарадкоўваецца жаданням і капрызам, а залежыць ад эканомікі.

Расея трымае Лукашэнку ў фінансавых лапах. У нас вельмі вялікая замежная запазычанасць. Ведаеце, калі памяняецца палітычная сістэма ў Беларусі, мы будзем вымушаныя ісці шляхам Польшчы. Па-іншаму не выйдзе. Спачатку шок, а затым тэрапія. Гэта непазбежна, будзе цяжка, але гэта верны шлях. А тое, што мы бачым цяпер - гэта латанне дзірак. Таму, каго не пастаў на чале ўрада - ён будзе абслугоўваць інтарэсы Лукашэнкі, а не кіравацца эканомікай.

- 25 жніўня мы адзначалі 27-ю гадавіну таго, як Беларусь стала незалежнай. Якім ваш урад бачыў будучыню нашай краіны?

- Мы бачылі Беларусь моцнай і дэмакратычнай, у якой былі б выдатныя стасункі з суседзямі. Але Лукашэнка раскідаў Канстытуцыю. І адзіны шанец вярнуць усё на кругі свае - гэта свабодныя выбары і рэферэндум. Перамены трэба пачынаць з адстаўкі Лукашэнкі.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках