29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Божухна, як жа я хачу раўнавагі!»

3
«Божухна, як жа я хачу раўнавагі!»
АЛЯКСАНДР КУЛІНКОВІЧ
ФОТА: ТАЦЦЯНА МЕНСКАЯ/ЕЎРАРАДЫЁ

Правілы жыцця Аляксандра Кулінковіча.

4 жніўня пайшоў з жыцця Аляксандр Кулінковіч, лідар беларускага панк-рок гурта «Нейра Дзюбель». Яму было 46 гадоў. Сашу забіла пнеўманія, якая развілася за некалькі дзён.

Год таму фатограф Таццяна Менская зрабіла з Кулінковічам інтэрв'ю, падобнае на «Правілы жыцця» з часопіса «Esquire». З дазволу Таццяны «Еўрарадыё» апублікавала «Лад жыцця» Аляксандра Кулінковіча.

фото: Татьяна Менская / Еврорадио

Добры дзень, гэта я, Саша Кулінковіч, просты хлопец «з вокладкі» — любіце мяне!

фото: Татьяна Менская / Еврорадио

Не люблю падвойных стандартаў, не трываю людзей, якія мераюць сябе аднымі меркамі, а іншых — іншымі. Якія будуць размаўляць за спіной адно, а ў твар іншае. Якія робяць трэцяе. Прызнацца, я і сам бываю такім.

Ніколі не ўважаў сябе за панка. Вам падалося! Ці мала што я кажу ці спяваю панк-рок! Я надта мілы, добры чалавек для блізкіх мне людзей. Які з мяне панк?

фото: Татьяна Менская / Еврорадио

Люблю адзіноту, магу замкнуцца ў сабе, на сваёй тэрыторыі. Шукаю раўнавагі. Гэта як раз тое слова, якое я напісаў на лістку паперы і пакінуў у Сцяне Плачу, калі быў у Ізраілі. Божухна, як жа я хачу раўнавагі! Міру ў сабе. Я ўвесь час ваюю з сабой, то з навакольнымі. То з дабром, то са злом у сабе.

фото: Татьяна Менская / Еврорадио

Я паталагічна лагодны. Усё часцей стаў чуць ад людзей, блізкіх і не вельмі, цудоўныя словы: «Саша, (ківаючы галавой)...як жа ты змяніўся! Вось яшчэ паўгода, год, два таму ты...». Хлопцы, а ездзіць на мне больш не атрымаецца! Я быў занадта добры, баяўся каго-небудзь пакрыўдзіць. Мабыць, перастараўся — сталі садзіцца на галаву. Таму ўважліва прачытаў віртуальную кнігу: «Як правільна пасылаць людзей нах...». Раней было складаней, а цяпер я з найвялікшым задавальненнем раблю гэта. Свядома і лёгка. Не паварочваючыся ўслед.

фото: Татьяна Менская / Еврорадио

Дзве крайнасці. Мяне палохае мая вар'яцкая дабрыня, і роўна такая ж нянавісць. Агульны назоўнік — станоўчы. У выніку сардэчна ўва мне перамагае зло, але перажываю часта па-чорнаму. Мне падабаецца кідаць выклік. Бывалі выпадкі, калі «не мая» першапачаткова варожа настроеная публіка сыходзіла з майго канцэрту з адкрытым ротам — о, нечакана спадабалася!

Мяне заўсёды вучылі быць першым. І ўсё зраслося, сябры мае — найлепшыя сябры ў свеце. Толькі з блізкімі я радуюся так, што ў мяне блішчаць вочы, як у сабакі. Такіх сяброў, як у мяне, мне здаецца, няма ні ў каго. Тут я ніколі не быў мямлям. Рашучасць у коле мужчын — твой стрыжань.

фото: Татьяна Менская / Еврорадио

Ды я самое Сонца! Я ўжо і біцца толкам не ўмею. Вось калі хіпаваў, так даставалася. А як пагаліўся — усё, ніхто не прыстае! Люблю і абагаўляю жанчын: ох, калі ўжо я ўліп, то з мяне хоць вяночкі пляці — існы анёл.

фото: Татьяна Менская / Еврорадио

Але вось развучыўся ўсміхацца «пад заказ». Так я выглядаю, калі мяне просяць усміхнуцца, а мне не хочацца. Так выглядаюць людзі, якія выціскаюць з сябе ўсе сокі, каб спадабацца. Гэта не я! Я ўпэўнены, што магу гуляць ролі толькі самога сябе. Пераўвасабляцца ў нейкіх прыдуманых герояў — не маё. Але сваю агрэсіўную частку я заўсёды сыграю па-сапраўднаму.

фото: Татьяна Менская / Еврорадио

Я магу радавацца як дзіця, больш! Эмоцыі зашкальваюць: так бывае, калі не верыў у поспех, а яно раптам атрымалася!

Не верыў, што дажыву да заканчэння запісу альбома «Першы». Часам працаваў у такім стане, што баяўся не прачнуцца назаўтра — толькі думкі і круціліся: паспець, паспець, паспець! Паспець запісаць усе галасы, тады калі што, альбом звярстаюць і без мяне. А тут бац — і дажыў! Не, ну як не радавацца?!

фото: Татьяна Менская / Еврорадио

Мой кумір — Мамонаў! Памятаю той момант, калі ўпершыню ўбачыў яго па тэлевізару на музычным рынгу. Так, я хачу шакаваць! Гэта мой герой — тады я, нарэшце, зразумеў, якім хачу быць на сцэне. У свой час «Бітлз» і менавіта Мамонаў паўплывалі на маё станаўленне як музыкі. Але вось Пятро Мікалаевіч часта з мяне выходзіць некантралявана...

Прыдуркаватасць — тая маска, якую мне перыядычна падабаецца адзяваць. Я нават стаў гэтым карыстацца!

фото: Татьяна Менская / Еврорадио

У кожным з нас спіць маленькая/вялікая малпа. Хтосьці носіць яе ў сабе, а ва мне яна перыядычна прачынаецца і выходзіць пагуляць. Нічога не магу з гэтым зрабіць. Менш стаў затлумляцца, што пра мяне падумаюць. Вы ўсё адно ніколі не зразумееце, дзе я жартую, а дзе не.

Вось менавіта тая ўсмешка, калі я на імгненне адкрыты для ўсіх, — я ў гармоніі з сабой і блізкімі. Мне добра. Я ў раўнавазе. Для мяне шчасце ў малым, з апошняга: сядзець з сябрамі на тэрасе пад куфель добрага віскі, знайсці тое, што доўга і ўпарта шукаў: фільм, напрыклад або класную музыку... І самае смешнае, што я адразу не распазнаю, дзе пачалося гэта шчасце. У мяне гэта ўспышка. Магу праз гадзіну зразумець — о, …., як я тады быў шчаслівы!

фото: Татьяна Менская / Еврорадио

20 гадоў таму я і «Нейра Дзюбель» рабілі выгляд, што мудрыя і дасведчаныя. Сёння ж адчуванне, што прымудрыліся. Прымудрылася і публіка — стала старэйшай, больш лянівай і патрабавальнай.

Не змянілася адно: мы адрываемся разам на маіх канцэртах!

Прыйшоў наш час, вітайце нас!

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках