29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шчоткіна дабудавала катэдж у Драздах плошчай больш за 400 квадратных метраў

71
Шчоткіна дабудавала катэдж у Драздах плошчай больш за 400 квадратных метраў
Фота: nn.by

Надзелы тут выдаваліся лукашэнкаўскай «эліце» ў пачатку 2010-х.

Віцэ-спікерка савета рэспублікі Мар'яна Шчоткіна дабудавала свой дом на вуліцы Вербнага ў раёне Веснінка («Дразды-2») на ўскраіне сталіцы. Пляцы тут выдаваліся лукашэнкаўскай эліце ў пачатку 2010-х, паведамляе nn.by.

Мар'яна Шчоткіна атрымала ў элітным пасёлку надзел 11 сотак з правам пажыццёвага спадчыннага валодання яшчэ ў верасні 2012 года. Тады яна з'яўлялася міністаркай працы і сацыяльнай абароны.

Адпаведныя пастановы Мінгарвыканкама не публікуюцца ў вольным доступе. Аднак нядаўна спартоўка Аляксандра Герасіменя, якая атрымала зямлю ў Драздах-2 адной з апошніх, распавяла аб механізме: за такія пляцы плаціць не трэба ўвогуле нічога, гэта свайго кшталту падарунак ад дзяржавы. На рынку такі надзел без будынкаў каштуе $400-500 тысяч.

Архітэктарка Аляксандра Баярына пагадзілася выказаць меркаванне аб праекце і якасці будаўніцтва дома Шчоткінай ў Веснінцы.

«Даволі просты аб'ём будынка аброс выпадковымі па форме прыбудовамі і ганкамі, што сведчыць пра тое, што архітэктара тут асабліва не слухалі.

З эстэтычнага і эканамічнага пунктаў гледжання перад намі «залатая сярэдзіна абывацеля»: светлыя цёплыя сцены, коўка класічнага малюнка, эканом-агароджа з боку суседзяў, двухкаляровая афарбоўка ўсёй «гаспадаркі», газон і туі, плітка на ходніках 10х20», - каментуе Баярына.

«Рамы вокнаў не белыя, а гэта сведчыць пра тое, што заканчвалі будаваць дом нядаўна. Быў перыяд, калі карычневыя рамы перамаглі белыя. Тым не менш размяшчэнне і форма вокнаў падказваюць, што праект яшчэ той, стары, які прыйшоў на змену «замкавай» архітэктуры камяніц.

Пацвярджэннем таму і вышыня цокаля - аж 9 прыступак. Камфортнай гэтую вышыню не назавеш.

Раней было прынята так будаваць, а сёння архітэктар такое не прапануе нават дзясятым варыянтам».

Аляксандру Баярыну здзівіў выгляд ходніка і рэдкі варыянт раскладкі. Архітэктарка выказала здагадку, што плітка гэтая былая ў выкарыстанні. Маўляў, яна магла быць перавезена з іншага аб'екта, і ўжо на месцы будаўнікі надумалі, як раскладваць адценні.

«Што да дэталяў, то бачна, што пабудаваць шэдэўр - такой мэты не было: несіметрычна змантажаваная агароджа гаўбца, каркасы падстрэшкаў не спалучаюцца з коўкай, тонкія апоры-запалкі на ганках, празрысты пластык над уваходамі, комін аздоблены у тон даху, а не сцен, дзверы пад сходамі, дзверы рознай вышыні, неахайныя трубы, якія выступаюць з вентаблокаў, блок кандыцыянера відавочна дададзены ўжо пасля...» - прадаўжае Аляксандра Баярына.

«Сучасныя тэндэнцыі архітэктуры і дызайну дазваляюць як мага больш пісьменна асвоіць бюджэт аб'екта такога памеру. Усіх вышэй апісаных хібаў магло не быць і гэта не каштавала б даражэй. У чарговы раз хочацца заклікаць замоўцаў давяраць архітэктарам і карыстацца іх досведам і ведамі», - рэзюмавала яна.

Раней сям'я Шчоткінай жыла ў сталічным раёне Кунцаўшчына. Тут ім належыць трохпакаёвая кватэра плошчай больш за 90 квадратных метраў.

Цікава, што была укладзеная і шлюбная дамова, паводле якой у выпадку чаго дом у Драздах-2 застанецца віцэ-спікерцы савета рэспублікі, а кватэра на вуліцы Ляшчынскага - ейнаму мужу.

Дом на вуліцы Ляшчынскага.

59-гадовы Сяргей Шчоткін - бізнэсовец. Ён узначальвае прадстаўніцтва кампаніі, якая з'яўляецца дылерам МАЗ, МТЗ, МЗКЦ ды іншых прадпрыемстваў.

Дарэчы, муж віцэ-спікеркі Савета Рэспублікі родам з тых жа краёў, што і яна сама, - з Мурманскай вобласці Расеі. Знаёмыя сям'і распавядаюць, што Сяргей і Мар'яна былі аднакласнікамі ў Севераморску.

Непадалёк ад кватэры на Ляшчынскага ў Шчоткінай ёсць і кватэра ў новым мікрараёне Дамброўка. Тут, менш чым за кіламетр ад бацькоўскай кватэры, пасяліўся 35-гадовы сын Андрэй. У яго таксама трохпакаёўка плошчай больш за 90 квадратных метраў.

Дом на вуліцы Алеся Гаруна.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках