20 красавiка 2024, Субота, 5:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: Чым больш салідарнасці - тым больш шанцаў на перамогу

4
Леанід Судаленка: Чым больш салідарнасці - тым больш шанцаў на перамогу
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА
ФОТА: CHARTER97.ORG

За «справай прафзвязаў» сочаць не толькі ў Беларусі.

Сёння ў Менску прадоўжыўся судовы працэс паводле «справы прафзвязаў». Нагадаем, што беларускія ўлады пераследуюць лідараў незалежнага прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Іх абвінавачваюць ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва значнай суме» (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса). Але ўсім вядома, што прафзвяз РЭП праявіў сябе падчас барацьбы са скандальным дэкрэтам аб «дармаедах». Ці з'яўляецца «справа прафзвязаў» палітычнай і чаму так важная салідарнасць з лідарамі РЭП - сайт Сharter97.org задаў гэтыя пытанні вядомаму гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленку:

- «Справа прафзвязаў» мае палітычны характар. Я ўжо казаў, што гэту справу пачыналі палітыкі і яны ж будуць яе закрываць. Да правасуддзя «справа прафзвязаў» не мае ніякага дачынення. Ёсць чалавек у мантыі суддзі, ёсць пракурор, але довадная база спрэс адсутнічае.

Следства рабіла запыты ў Швэцыю, Літву, але адтуль не далі ніякай інфармацыі. Усе абвінавачанне грунтуецца на здагадках і паказаннях двух сведак. Я маю на ўвазе cакратарку РЭП Юлію Юхнавец, якая, як выявілася, працавала на КДБ і Жанну Запрыварыну, якая пакінулі прафзвяз са скандалам. Хачу адзначыць, што гэтыя сведкі зацікаўленыя. А іншых довадаў у абвінавачванні няма.

Калі б меў месца сапраўдны суд, то справу трэба было б спыняць праз адсутнасць складу злачынства.

Хачу адзначыць, што за «справай прафзвязаў» сочаць не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі. Cудовы працэс знаходзіцца пад увагай міжнародных арганізацый. Ёсць вялікі грамадскі рэзананс, пра суд шмат пішацца, пра яго кажуць.

Я з 2006 года з'яўляюся прававым інспектарам прафзвязу РЭП і хачу заклікаць усіх неабыякавых беларусаў да салідарнасці. Дзяржаўныя СМІ спрабуюць выставіць усё ў негатыўным святле. Гэта вельмі выгадная для ўладаў пазіцыя. Варта было б адзначыць, што грамадскія арганізацыі маюць права на атрыманне фінансавай падтрымкі, у тым ліку - з-за мяжы. І дзяржава не павінна ўмешвацца ў такія пытанні.

Паказальным у плане салідарнасці стаў першы дзень суда. Я таксама прысутнічаў на гэтым працэсе. З майго роднага Гомеля падтрымаць незалежны прафзвяз прыехалі дзесяць чалавек.

У першы дзень быў такі вялікі наплыў людзей, што не ўсе ахвотныя змаглі прысутнічаць у зале суда. Акрамя таго, я ўжо адзначаў, што для судовага працэсу спецыяльна выбралі маленькае памяшканне. Я падаў скаргу на дзеянні суддзі на імя старшыні Менскага гарадскога суда. Мае правы былі парушаныя. Цягам 30-ці дзён суд абавязаны разгледзець мой зварот. Хочацца дабіцца таго, каб упершыню ў Беларусі быў даведзены факт нядопуску публікі.

У будынку суда ёсць вялікая актавая зала, дзе судзілі Канавалавa і Кавалёва за выбух у менскім метро. Але нам не далі гэтую залу. Асабіста мне да слёз было крыўдна, што на суд не пусцілі першага кіраўніка нашай краіны Станіслава Станіслававіча Шушкевічa. Дзядуля з палачкай - а яго не пускаюць на працэс праз змяшчальнасць залы. Суддзя ў самым пачатку працэсу заявіла, што людзей дастаткова для пачатку паседжання. А тое, што з таго боку дзвярэй яшчэ 50 чалавек - суддзю гэта не цікавіць. Менавіта з гэтай прычыны я падаю скаргу і хачу давесці, што рэзанансны бок працэсу не вызначаецца ўмяшчальнасцю залы суда. З такім поспехам яна магла правесці пасяджэнне ў сябе ў кабінеце. Удзельнічала б пяць чалавек, у тым ліку пракурор. Дзе публічнасць? Дзе адкрытасць?

Усё гэта паказвае праблемы нашай судовай сістэмы. Суддзя не мела права пачаць працэс, пакуль апошні з ахвотных не знойдзе месца ў зале.

Заклікаю ўсіх беларусаў да салідарнасці з незалежным прафзвязам РЭП. Чым больш людзей выкажа сваю салідарнасць - тым больш шанцаў у Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка на перамогу. Зразумела, што хутчэй за ўсё прысуд не будзе апраўдальным, але хацелася б, каб ён быў як мага больш мяккім. Трэба адзначыць, што ў Комлікa і Фядынічa варты павагі ўзрост - ім больш за 60 гадоў. Іх знаходжанне ў месцах абмежавання волі звязанае з рызыкай для жыцця.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках